У Мінску можна будзе ўбачыць больш за 100 рэдкіх архідэй, у тым ліку віды, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Выстава пройдзе з 19 па 22 лістапада ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Упершыню выстава яркіх экзатычных кветак адбылася ў 2011 годзе. За 15 гадоў праект вырас з лакальнай падзеі ў маштабную сустрэчу калекцыянераў і аматараў прыгожага.
Гэтым разам гонарам экспазіцыі стануць экзэмпляры, якія рэдка сустрэнеш у звычайных хатніх калекцыях. Наведвальнікі ўбачаць пафіяпедылумы — тыя самыя архідэі «венерыны чаравічкі» з мудрагелістай формай кветкі.
Таксама на выставе пакажуць цэлагіны з каскадамі пяшчотных бутонаў і буйнакветкавыя цымбідыумы, вядомыя сваёй устойлівасцю і разнастайнасцю адценняў.
Асобная зона будзе прысвечаная так званым каштоўным архідэям. Гэтыя расліны цэняць не за пышныя кветкі, а за прыгажосць лісця. Пад спецыяльнымі лямпамі яго аксамітная фактура ажывае, а залатыя і серабрыстыя прожылкі пачынаюць пералівацца.
Сапраўдным адкрыццём для спрактыкаваных эстэтаў стане дэманстрацыя ліпарысаў, або ласнякоў. Галоўная асаблівасць гэтых архідэй — шчыльнае, люстрана-глянцавае лісце, якое адбівае святло, ствараючы эфект лакавага пакрыцця.
Тым, хто думае, што экзатычнымі кветкамі яго ўжо не здзівіць, варта пашукаць на выставе ванду блакітную. Гэта адна з самых эфектных архідэй, пра якую складзена нямала легенд. У дзікай прыродзе яе папуляцыі знаходзяцца пад пагрозай знікнення праз браканьерства. У селекцыі ванда займае асаблівае месца: яна стала бацькоўскай раслінай для больш чым 4000 унікальных гібрыдаў з сінімі і фіялетавымі кветкамі.
Каментары