Усяго патроху1313

«Здаецца, гэта адпудзіць пакупнікоў». У Беларусі з'явілася чорная-чорная каўбаса з самурайскай назвай

У продажы з'явілася чорная каўбаса. Яна носіць самурайскую назву і абяцае незвычайныя смакавыя адчуванні. Журналіст выдання Blizko.by неадкладна выехаў у камандзіроўку ў фірмовую краму мясакамбіната, набыў навінку, а пасля таго яе прадэгуставалі.

Што яшчэ за чорная каўбаса?

Беларусы ўжо елі чорнае марожанае, чорную макарону і чорныя пельмені. Цяпер дайшла чарга да каўбасы. Такімі тэмпамі хутка можна будзе наогул есці і піць усё чорнае, прыхільнікам цёмных тэм у мабільных прыладах павінна спадабацца.

Чорную каўбасу выпусціў Слонімскі мясакамбінат. Каўбаса называецца «Бусідо». Гэта такі самурайскі кодэкс гонару, калі ёсць толькі шлях, але няма мэты, а шлях трэба прайсці годна, каб іншым самураям не давялося за цябе чырванець, калі спатрэбіцца правесці чайную цырымонію ці зрабіць харакіры.

У апісанні ад мясакамбіната сказана так:

«Навінка Слонімскага мясакамбіната з унікальным стылем і смакам — каўбаса «Бусідо»! У чым жа яе асаблівасць? Чорная афарбоўка. Яе мы атрымалі дзякуючы расліннаму чорнаму вугалю ў саставе. Дызайн. Ён натхнёны японскімі матывамі і адлюстроўвае назву прадукта — «Бусідо» — кодэкс самурая. Мясны мікс. Сакавітая ялавічына і курынае філе проста растаюць у роце. Паспрабуйце нашу каўбасу «Бусідо» ўжо сёння і акуніцеся ў Японію проста ў сябе дома!»

Дзе знайсці?

Каўбасу вам прададуць у фірмовай краме Слонімскага мясакамбіната. У Мінску іх усяго тры: на Камароўцы, каля станцыі метро «Міхалова» і на вуліцы Чкалава недалёка ад Дома культуры чыгуначнікаў.

Каўбаса знайшлася ў той краме, што каля метро «Міхалова». На сайце прадпрыемства яна намаляваная цэлым батонам, але ў краме сказалі, што такіх у іх не бывае. Прыязджае толькі нарэзаная кавалкамі па 450—480 грамаў і спакаваная ў поліэтылен пад вакуумам, з-за чаго ўражанне ад прыгожай абалонкі змазваецца.

Каштуе каўбаса 29 рублёў за кіло.

Як выглядае і што ўнутры?

Вынятая з поліэтылену, каўбаса выглядае крута. Тэкстыльная ўпакоўка, якая нагадвае каленкоравую вокладку кнігі з тых часоў, калі трава была зелянейшая, і з акуратным швом, нібы на падгалоўніку вашага Koenigsegg. На абалонцы можна разгледзець самурая, які ўкладвае сваю катану ў ножны на фоне ўзыходзячага сонца.

Наогул каўбаса завецца чорнай, але насамрэч яна, хутчэй, шэрая, асабліва калі сарваць абалонку і зірнуць на прадукт збоку. Зрэз прыгожы, тут усе адценні белага, чырвонага і шэра-чорнага. Адразу хочацца яе з'есці.

Апісанне на сайце камбіната вельмі беднае, як быццам сам самурай сказаў як адрэзаў: «Састаў — ялавічына, філе курынае».

Усё, што чырвонае, — гэта натуральная ялавічына кавалкамі, з пражылкамі, з усім, што мае мець мяса. Усё, што чорнае, — гэта курынае філе, зафарбаванае вугалем. Усё, што белае, застаецца назваць салам.

На этыкетцы можна знайсці нашмат больш слоў і лічбаў у апісанні. Гэта інгрэдыенты, што ўсе ведаюць: ялавічына, філе курынае, крухмал бульбяны, чорны перац, духмяны перац, лаўровы ліст, кмен, цыбуля, часнок, мускатны арэх, соль.

Не абышлося без араматызатараў і ўзмацняльнікаў смаку ды водару.

Бялкоў — 17 грамаў, тлушчаў — 9 грамаў, вугляводаў — 2 грамы, энергіі — 160 кілакалорый.

Што кажуць дэгустатары?

На этыкетцы сказана, што тэрмін захоўвання каўбасы — да 45 сутак, але толькі сапраўдны самурай можа чакаць столькі часу. Калі ж каўбасу парэзалі тонкімі лустачкамі, то на сакавіты пах з усяго паверха адразу ж збегліся клеркі прапанаваць свае паслугі ў дэгуставанні «Бусідо».

І вось што яны расказалі на ўмовах поўнай ананімнасці.

«Калі ты яе ясі, то гэта смачней, чым калі нюхаеш. Зроблена так, як быццам сальцісон ці кумпяк, як у вёсцы рабілі і да столі падвешвалі. Але мне здаецца сумнеўным, што яна чорная, — думаю, гэта будзе адпужваць пакупнікоў. Затое радуе, што гэта нармальнае мяса, а не жэлацін нейкі».

«Колерам цікавая. Але яна гумовая, рассыпістая, у ёй нейкія жылкі, якія дрэнна жуюцца. Лепш есці яе без хлеба. Але другога кавалачка я не хачу, мне не спадабалася».

«Яна такая мяккая адразу, потым цвярдзейшая. Саланаватая, смачная. Падобная да запечанай галёнкі».

«На выгляд прыгожая, але пах у яе трошкі… рэзкі. У цэлым нічога так, але я б лепш купіла звычайны брэсцкі сервелацік і з'ела».

«Каляндра ў ёй ці што? Адчуваю сумесь мяса рознага, вяленую ялавічыну, па-мойму, і вельмі вострыя спецыі; пакідае прысмак у роце досыць працяглы. Пад гэта трэба барадзінскі хлеб. Каўбаса падыходзіць, каб перабіць горкі смак. Пад перакус я б яе не ўзяў, але ўзяў бы для застолля».

«Тэкстура дзіўная, на смак цікавая. Тры віды мяса, адчуваю свініну з ялавічынай, а курыцы тут няма. Не адчуваю нічога, акрамя перцу і солі, — няма тут каляндры, нічога такога».

«Пад піва будзе самае тое. Адчуванне, што дадавалі курыную пячонку і ўнутраныя органы. Такое вось фуа-гра».

«Каўбаса падобная да рулета, сакавітая. Будзем браць на офісныя вечарынкі на закусь».

«Нязвыкла ў звычайнай каўбасе адчуваць не перамолатае ў аднастайную кашу, а натуральнае мяса кавалкамі. Гэта смачна, хочацца есці яе з якім-небудзь чорным жытнім хлебам. Было б класна, калі б каўбаса гэтая была трохі сушэйшая».

Каментары13

  • даведка
    11.08.2023
    В белоруской колбасе уже самое ценное и дорогое — это её упаковка.
  • даведка
    11.08.2023
    Я даже пробовать её не буду, ибо машинально игнорирую любую белорусскую продукции с составом формата А6.
  • Калбасявичус
    11.08.2023
    Зрабили б у Литве, НН бы васхишчалася крэатывам еурапейскай ,каубаснай мысьли!

Цяпер чытаюць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

Усе навіны →
Усе навіны

Прадукцыю «Беларуськалія» перайменавалі і прадаюць ЕС у абыход санкцый3

ІТ-група на 1000 чалавек у Мінску, што прывозіла Тыля Швайгера, сышла ў прастой і закрыла доступ у офіс8

У Літве на мяжы з Беларуссю пасля вучэнняў зніклі чацвёра амерыканскіх вайскоўцаў4

Б'янка распавяла, што зменшыла грудзі і зрабіла падцяжку твару9

«Робяць дарослы голас, хлусяць пра маму». Навошта мінскім школьнікам масава спатрэбіліся шчанюкі?2

Як Украіне ўдалося знішчыць чатыры верталёты ў Белгарадскай вобласці4

«Мне ўжо кепска». Беларус паказаў нашэсце кляшчоў у раёне1

Анархісту Мікіту Емяльянаву, асуджанаму на 6 гадоў калоніі, дадалі яшчэ адзін год

Парламент Арменіі ўхваліў законапраект аб пачатку працэсу далучэння краіны да ЕС2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць