У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост
Ад сціплага дамка каля Яўрэйскага мемарыяльнага парку засталося пару сцен. У час вайны тут у схованцы хаваліся апошнія выжылыя вязні гета. Разабраліся, што адбываецца з гістарычным будынкам. Панікаваць не варта.

У сацсетках з'явілася інфармацыя пра тое, што ў цэнтры сталіцы па вуліцы Сухой, 25 зносяць дом, у якім раней размяшчалася Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. Але работы гэтыя былі запланаваныя даўно і ставяць за мэту пашырэнне гістарычнага комплексу.
Яўрэйская «маліна»
Дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на размешчаных непадалёк яўрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак. Пасля 1929 года дом быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловай арцеллю.
Падчас вайны дом ля могілак знаходзіўся ў межах Мінскага гета. У ім была зроблена схованка, так званая «маліна». Яўрэі ноччу выносілі ў вёдрах па ланцужку зямлю, раскідалі яе па двары, зверху клалі дзёран.

21 кастрычніка 1943 года нацысты ліквідавалі гета, знішчыўшы ўсіх яго насельнікаў. 23 кастрычніка акупанты абвясцілі Мінск «юдэнфрай» (Judenfrei) — свабодным ад яўрэяў. Аднак у «маліне» схаваліся 26 яўрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення. У схованцы, якая размяшчалася ў будынку Гістарычнай майстэрні, заставалася пад зямлёй на працягу 9 месяцаў, аж да вызвалення горада 3 ліпеня 1944 года, і Лізавета Ляўкова.
«Мы чулі вельмі цяжкія самалёты, якія, здавалася, расколвалі неба. […] Прайшла гадзіна, дзве, тры. Мы думалі, што ўсё — яе схапілі. І якраз тады яна расчысціла ўваход і пачала крычаць: «Выходзьце, вайна скончылася». Мы не зразумелі і спыталі яе, што здарылася, а яна зноў: «Выходзьце, гэта ўжо савецкая армія». Але як выбрацца, калі ногі не слухаюцца. І мне не было чаго апрануць; халат, які на мне быў на момант уваходу ў хованку, быў брудны і поўны вошай. Не мылася дзевяць месяцаў, ды й не толькі я — ніхто з нас не прымаў ванну, мы нават рукі не мылі ўвесь той час», — успамінала Ляўкова.
У пасляваенны час тут размяшчаліся ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад.
Гістарычная майстэрня Леаніда Левіна
У сакавіку 2003 года ў будынку на Сухой, 25 размясцілася Гістарычная майстэрня. Яна была задуманая Леанідам Левіным, заслужаным архітэктарам Беларусі, аўтарам мноства мемарыялаў і старшынёй Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, як мост паразумення і прымірэння народаў. Ён сам заспеў вайну малым хлопцам у Мінску і добра ведаў складаныя лёсы людзей, якія прайшлі праз Халакост.

Гістарычная майстэрня была створана пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іахіма Рау. Яе заснавальнікамі таксама выступілі Саюз Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын і Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, які нясе асноўную нагрузку па фінансаванні праекта, атрымліваючы сродкі ад сотняў ахвяравальнікаў з Германіі.
У Гістарычнай майстэрні ладзіліся міжнародныя канферэнцыі і семінары. Яна ўключала выставу па тэме Халакоста, што пралівае святло на цёмныя старонкі мінулага, калі праз гэты будынак праходзілі вязні яўрэйскага гета. Майстэрня падтрымлівала партнёрскія сувязі з уладамі Берліна, Бона, Кёльна, Брэмена, Франкфурта-на-Майне, Вены, а таксама ўніверсітэтамі, музеямі, мемарыяламі Германіі і Аўстрыі.
Пасля смерці Леаніда Левіна Гістарычная майстэрня ў 2015 годзе атрымала ягонае імя.
Што будзе

Архітэктурную і грамадскую справу свайго бацькі працягнула Галіна Левіна. У канцы верасня 2021 года «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.» прадставіла на грамадскае абмеркаванне канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Будынак даўно быў аварыйны, і ў частцы яго ўвогуле забаранялася хадзіць з-за небяспекі абвальвання падлогі.

Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная архітэктарамі Левінай, Капыловым і Лукічовай, прадугледжвала знос пасляваенных прыбудоў да будынка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Замест іх мусіла ўзнікнуць прыбудова са шкла і каменю, якая б значна пашырыла плошчу Гістарычнай майстэрні. Сцены новай прыбудовы запраектавалі нахіленымі, каб эмацыйна было адчуванне таго, што вайна паставіла на край абрыву многія сем'і і краіны.


Новы комплекс Гістарычнай майстэрні мусіў стаць двухузроўневым, з выкарыстаннем цокальнага паверху. Цэнтральнай часткай будучай экспазіцыі мусіла стаць «маліна» — схованка ў падвале, дзе хаваліся вязні гета.
Перад уваходам у абноўлены будынак павінна была з'явіцца яблыня, бо яблык мае вялікае значэнне ў яўрэйскай традыцыі. А на галоўным фасадзе — кампазіцыя «Дні гета» скульптара Аляксандра Шапо. Дакрануўшыся да нейкага дня, можна было б даведацца, што ў той дзень адбылося ў Мінскім гета, якое існавала два гады і тры месяцы.

Заказчыкам рэканструкцыі выступіў усё той жа Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаахіма Рау — адна з нешматлікіх замежных арганізацый, якія сёння працягваюць сваю актыўную дзейнасць у Беларусі.
Зрэшты, рэалізацыя праекта па невядомых прычынах зацягнулася. У сувязі з падрыхтоўкай да рэканструкцыі Гістарычная майстэрня была закрытая для наведванняў яшчэ ў пачатку лютага 2023 года, але актыўныя будаўнічыя работы былі заўважаныя толькі цяпер, у канцы 2024 года.


Рэканструкцыя, аднак, выйшла за межы абазначанага ў ранейшай канцэпцыі зносу прыбудоў. На фотаздымках на Сухой вуліцы бачна, што разабраная і большая частка драўлянай часткі дома, якая лічыцца арыгінальнай.
У свой час будынку не атрымалася афіцыйна прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму асаблівых абмежаванняў у рэканструктараў няма.
Але з улікам таго, што праектам займалася Галіна Левіна, якая дбае пра памяць бацькі і гісторыю яўрэйскай меншасці ў Беларусі, можна спадзявацца, што разабраная драўляная частка дома будзе пасля сабраная нанова. Прынамсі частку зруба збіраліся экспанаваць на галоўным фасадзе. Таксама ў праекце звярталі ўвагу на тое, каб прыярытэтам быў гістарычны будынак, таму прыбудова будзе ніжэйшай за яго.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЯк выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА
Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску
Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі
«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары