Расійскія сімкі шмат каго з беларусаў заблакуюць, а аўтобусы ў Піцер застануцца без Wi-Fi
Дырэктар турфірмы расказаў пра сюрпрызы з сувяззю ў Расіі для беларускіх турыстаў.

Дырэктар турыстычнай фірмы «Славія Тур» Дзмітрый Мілаванаў у тыктоку тлумачыць: адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй — фактычна ніякая не адмена.
— Проста з’явіліся цікавыя тарыфы. Як і абяцаў, на бліжэйшым рэйсе ў Санкт-Пецярбург мы ўсё выпрабавалі. Сапраўды, нічога дадаткова падключаць не трэба, у вас адразу з’яўляецца 5 гігабайт інтэрнэту. Вядома, важна перад паездкай удакладніць усё ў свайго мабільнага аператара. Можа, у вас не падключана аўтаматычна паслуга роўмінгу ці нейкі іншы тарыф.
Дзмітрый адзначае, што больш-менш усё працавала, але 5 гігабайт — гэта, вядома, даволі мала ў сучасных умовах. Плюс яны не бясплатныя, а каштуюць 25 рублёў.
— Пасля таго, як гігабайты скончацца, вы можаце набыць яшчэ адзін пакет. Здаецца, ён каштуе 35 рублёў. Але больш купіць нельга. То-бок далей пойдзе аплата за кожны мегабайт, і гэта будзе нашмат даражэй.
Але самым непрыемным Дзмітрый называе тое, што цяпер беларусам, якія не маюць рэгістрацыі ў Расіі, нельга набываць там сім-карты.
— Сёлета ў студзені ў Расіі ўнеслі змены ў закон аб сувязі. Галоўнае, што тычыцца нас, — без рэгістрацыі (хаця б часовай) немагчыма купіць сім-карты. А ўсе сім-карты, якія вы набылі раней (у нас яны таксама былі), здаецца, будуць працаваць да 1 ліпеня. То-бок іх адключаць.
Раней расійскія СМІ пісалі, што па ўсіх аформленых да 1 студзеня 2025 года сім-картах неабходна перааформіць дамову з аператарам сувязі да 1 ліпеня 2025 года. Пры гэтым замежным грамадзянам дазваляюць на адзін пашпарт аформіць не больш за 10 сімак (расіянам — не больш за 20). Нумары, па якіх не будуць перазаключаны дагаворы, пасля 1 ліпеня адключаць.
Заключаць або пераафармляць дамовы аб аказанні паслуг мабільнай сувязі анлайн забараняецца. Неабходна асабістая прысутнасць у салоне аператара сувязі.
Дзмітрый сцвярджае, што яго супрацоўніцы, якія суправаджалі тур у Санкт-Пецярбург, заходзілі ў салоны «Мегафон» і «Білайн». Яны спрабавалі высветліць, як беларусам усё ж набываць сімкі — высветлілася, што без рэгістрацыі ў Расіі шансаў нуль.
— Гэта значыць, што для нас застаўся толькі інтэрнэт у межах «адмены роўмінгу» — ну і ў расійскіх гатэлях. А яшчэ больш жудаснае, што з гэтага вынікае — у нашых аўтобусах больш не будзе інтэрнэту. Бо ўсе нашы роўтары працавалі праз расійскія сім-карты.
Дырэктар кажа, што, паколькі турфірма беларуская і ні ў каго з супрацоўнікаў няма рэгістрацыі ў Расіі, яны не могуць набыць новыя сім-карты для ўсіх аўтобусаў.
— Нават калі як-небудзь праз сябра набыць адну-дзве сім-карты, гэта не вырашыць праблему. У нас у сезон ездзіць каля 25 аўтобусаў на розных кірунках. Набыць 25 левых сімак практычна немагчыма. Устаўляць у роўтары беларускія сімкі з роўмінгам — дык там усяго 5 гігабайт, іх ні на што не хопіць.
Дзмітрый жартуе, што суправаджаючым стане прасцей, бо знікне прэтэнзія, чаму інтэрнэт у аўтобусе не працуе.
— Чаму не працуе інтэрнэт? Бо яго няма. Я разумею, што гэта ўсё робіцца ў мэтах бяспекі, каб усё кантраляваць, каб ніхто левы ў інтэрнэт не заходзіў, сімкі не набываў. Але для турызму гэта ўсё ўскладняе жыццё.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Чем больше проблем в этом направлении - тем лучше.