«У размовах з Трампам Пуцін насамрэч кпіў з яго, але Трамп гэтага не разумеў з-за асаблівасцей перакладу»
Спецыяльны памочнік Трампа па справах Еўропы і Расіі ў 2017-2019 гадах Філона Хіл расказала пра асаблівасці размоў Трампа з Пуціным.

Фіёна Хіл шмат гадоў вывучала Пуціна ў Расіі як даследчык, а таксама працавала ў разведвальных структурах ЗША, перш чым у першай адміністрацыі Трампа заняць пасаду спецыяльнага памочніка па справах Еўропы і Расіі. Яна стала шырока вядомай падчас першага імпічменту Трампа, калі яе паказанні далі важныя звесткі пра ўзаемаадносіны Трампа з Пуціным і яго ранейшыя дзеянні ў дачыненні да прэзідэнта Зяленскага.
У інтэрв'ю Foreign Affairs Фіона Хіл падзялілася сваімі ўражаннямі ад назірання за размовамі Трампа з Пуціным. Прыводзім некаторыя выказванні.
Як адзначае Хіл, Трамп не асабліва рыхтуецца да сустрэч з Пуціным, не звяртае ўвагі на важнасць таго, каб у камандзе былі людзі, якія сапраўды разумеюць сітуацыю, ведаюць, хто такі Пуцін і што сабой уяўляе Расія.
У той час як Пуцін працуе ў камандзе. Ён — прадукт «глыбіннай дзяржавы» і, у адрозненне ад Трампа, выкарыстоўвае дзяржаўны апарат у сваіх інтарэсах.
У Пуціна ёсць кола высокапастаўленых чыноўнікаў: яго дарадца Ушакоў, міністр замежных спраў Лаўроў, а таксама Кірыл Дзмітрыеў — кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый, які прымаў актыўны ўдзел у перамовах з ЗША. Для многіх ён не асабліва вядомая фігура, але ён грае важную ролю. Усе гэтыя людзі гадамі працуюць у расійскай сістэме.
Яны добра разумеюць, што робяць. Больш за тое, яны бездакорна гавораць на англійскай мове і дакладна ведаюць сваю стратэгію. Яны цудоўна ўсведамляюць, якую краіну прадстаўляюць, як працуе іх сістэма і якія знешнія фактары ўплываюць на сітуацыю. У іх ёсць поўнае ўяўленне аб агульным раскладзе.
Але Трамп, як адзначае Хіл, зацыклены выключна на адной постаці — Пуціне. Усіх пасярэднікаў, якія яго атачаюць, ён успрымае толькі як праваднікоў да Пуціна ці інструментаў для наладжвання кантакту. Ён не звяртае ўвагу ні на сваіх дарадцаў, ні на перакладчыкаў. Яму важна толькі адно — магчымасць асабіста сесці за стол перамоваў з Пуціным.
Калі ты не падрыхтаваны і не ведаеш, з якой пазіцыі зыходзіць суразмоўца, — падкрэслівае былая спецпамочнік Трампа, — усё зводзіцца да простага ўзаемадзеяння. У такой сітуацыі непазбежна пачынаеш успрымаць рыторыку Расіі, таму што адзіны чалавек, якога Трамп успрымае як роўнага, — гэта Пуцін.
«Яму нецікавыя ні Уіткоф, ні Рубіа. Для яго гэта ўсяго толькі супрацоўнікі адміністрацыі, не болей. (…) Тое ж самае з перакладчыкам», — даводзіць экспертка.

«Трамп не ўслухоўваецца ў словы. Ён успрымае гутарку хутчэй на ўзроўні эмоцый, чым зместу», — гаворыць Хіл і згадвае, што ўпершыню, калі яна слухала адну з тэлефонных размоваў Трампа з Пуціным, яна ўважліва сачыла за расійскай мовай, таму што перакладчыкі не заўсёды перадаюць усе нюансы. І асабліва калі гэта рускі перакладчык, які перакладае на мову, якая таксама не з'яўляецца яго роднай. У выніку губляецца маса дэталяў.
«Пасля размовы Трамп сказаў: «Выдатная гутарка». А я падумала: «Насамрэч не». У словах Пуціна было шмат схаваных пагроз. Ён вельмі старанна падбіраў выказванні.
У шматлікіх размовах з Трампам Пуцін насамрэч кпіў з яго, але Трамп гэтага не разумеў праз асаблівасці перакладу. Часам Пуцін падбухторваў яго, правяраючы рэакцыю. Але праз пераклад гэтыя моманты згладжваліся», — сцвярджае Хіл.
Акрамя таго, як адзначае эксперт, Трамп не абмяркоўваў дэталі перамоваў пасля сустрэч. Усё гэта выглядае вельмі непрафесійна, бо губляецца сутнасць таго, што Пуцін насамрэч гаварыў.
Адзін са знакавых выпадкаў адбыўся ў Осацы на саміце G20. Тады расійскі бок замяніў свайго перакладчыка на вельмі прывабную і вельмі кваліфікаваную маладую жанчыну.

«У той момант яны стаялі адзін супраць аднаго і мераліся сіламі, абмяркоўваючы гіпергукавыя ракеты.
Трамп сцвярджаў, што ў яго яны будуць. А Пуцін з некаторым сарказмам адказваў нешта накшталт: «Так, вядома, будуць. Але ў мяне яны ўжо ёсць» — распавядае Хіл.
Потым, паводле слоў спецпамочніка Трампа, лідары дзвюх краін перайшлі да абмеркавання Ізраіля. У той перыяд Расія спрабавала ўявіць сябе абаронцам Ізраіля, аргументуючы сваю прысутнасць на Галанскіх вышынях і свае дзеянні ў Сірыі. Пуцін казаў пра гэта.
«І тады Трамп сказаў: «Але я раблю для Ізраіля больш, чым хто-небудзь». І дадаў: «У Ізраілі ўжо назвалі ў мой гонар тое і гэта». На што Пуцін паглядзеў на яго і сказаў: «Ну, Дональд, магчыма, ім варта назваць усю краіну ў твой гонар».
І тое, як ён сказаў гэта па-руску, было настолькі саркастычна. Можна было ўбачыць, як яго людзі вакол яго ўхмыляюцца.
Аднак Трамп глядзеў толькі на перакладчыцу, і калі яна перадала яго словы, інтанацыя атрымалася мякчэйшай. У выніку Трамп адказаў: «О, не, я думаю, гэта было б занадта», — як быццам успрыняў гэта як цалкам шчырую прапанову», —
дзеліцца Хіл і сцвярджае, што былі і іншыя падобныя моманты, калі Пуцін спецыяльна правакаваў Трампа, прамаўляючы рэзкія, нават абразлівыя выказванні пра амерыканскіх палітыкаў, такіх як Байдэн ці сенатар Уорэн.
Каментары