Адстаўны падпалкоўнік міліцыі адсудзіў кватэру ў сваёй дачкі. Гучная сямейная гісторыя з Брэста
Бабуля, якая падарыла ўнучцы кватэру, у судзе сказала, што не памятае, як падпісвала паперы. Натарыусу, які стаў на бок унучкі і казаў, што бабуля была адэкватная, не паверылі.

«Ці можаце вы ўявіць, што ў Беларусі, у горадзе Брэсце, родны бацька з бабуляй з дапамогай махлярскай схемы адсудзілі ў сваёй дачкі/унучкі кватэру? А мне і ўяўляць не трэба. Як гэта распаўсюдзіць, каб пра гэтую гісторыю даведалася як мага больш людзей?», — напісала ў сацсетках пра свой боль брэсцкая фатографка Улада Тэмпераментава.
Паводле слоў дзяўчыны, бабуля Антаніна падарыла ёй кватэру. Усё афіцыйна, праз натарыуса. Улада адзначае, што разам з мужам чатыры гады рабіла там рамонт з нуля: «Мы ўклалі ў рамонт каля 25 тысяч даляраў. Ніхто, акрамя нас, там не жыў».
Аднак пасля таго як яе бацька Яраслаў Тэмпераментаў даведаўся, колькі каштуе кватэра, загарэўся жаданнем адсудзіць нерухомасць. Ён вырашыў даказаць, што бабуля была неадэкватнай, калі дарыла ўнучцы нерухомасць — і ў яго атрымалася.
«Самае смешнае, што бабуля асабіста папярэджвала мяне па тэлефоне, што бацьку патрэбныя грошы і ён хоча адсудзіць у мяне кватэру. А потым у судзе казала, што не разумела, што робіць. І наогул не ведае, адкуль узяліся яе подпісы і прапановы, напісаныя ад рукі ў дамове», — наракае Улада.
«Натарыус у судзе сведчыў, што прыкмет заблытвання або прымусу не было, бабуля сама запісалася на прыём і выразна выказала жаданне падарыць кватэру. Аднак суд не прыняў гэтыя аргументы», — распавядае брэстчанка.
Суд прызнаў дарэнне несапраўдным, а значыць, кватэра — ужо адрамантаваная — вернецца бабулі.
Дзяўчына спадзяецца, што Вярхоўны суд разбярэцца і верне ёй кватэру, але вера ў беларускае правасуддзе ў яе ўжо пахіснулася.
«Ніколі не афармляйце ў Беларусі здзелкі куплі-продажу, дарэння або завяшчання ў натарыуса без сведкаў і без відэа-/аўдыязапісу. Ніхто не застрахаваны ад такога падману, нават ад самых блізкіх людзей», — падсумоўвае Улада. З бацькам яна больш не камунікуе.
Дзяўчына дадае цікавую дэталь — паміж судамі бацька спрабаваў напісаць на яе заяву за тое, што яна нібыта скрала ў яго свой жа дзіцячы ровар. «Ровар стаяў у мяне ў падвале каля чатырох гадоў і лічыўся маім, але ён вырашыў, што мяне абавязкова трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Пазоў у выніку адхілілі», — расказвае Улада.
Гісторыя выклікала рэзананс у сацсетках: карыстальнікі абмяркоўвалі, што рабіць у такой сітуацыі. Напрыклад, хаця б здзерці шпалеры на развітанне. «Усё, што наша — а там усё наша — мы забяром», — запэўніла дзяўчына.
«Бацька баіцца публічнага ганьбавання і праўды. Ён тэлефануе ўсім знаёмым і распавядае, што ў яго ашуканцы скралі кватэру. Мне гэтыя знаёмыя пасля гэтага пішуць і пытаюць, ці ўсё ў яго ў парадку з галавой. І ён не адказвае на мае паведамленні, магчыма, пачуццё сораму прысутнічае», — расказвае каментататарам Улада.
Хто ж такі гэты бацька, які адціснуў кватэру ў дачкі? Гаворка пра падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Яраслава Тэмпераментава.

Яму 54 гады. Раней ён узначальваў Маскоўскі аддзел (Брэста) Дэпартамента аховы МУС. У 2013 годзе быў звольнены па стане здароўя.

А бабуля, Антаніна Тэмпераментава, доўгі час працавала настаўніцай. Ёй цяпер 78 гадоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Гэта ўжо не просты зашквар, гэта прытча