Мова11

Вучоныя даказалі эфектыўнасць вывучэння мовы падобна немаўлятам

Чэшскія вучоныя з дапамогай арыгінальнага эксперыменту паказалі, што дарослы мозг захоўвае здольнасць вучыць мову на інтуітыўным узроўні — менавіта так, як гэта адбываецца ў маленькіх дзяцей. Так з чаго пачынаць авалоданне новай мовай?

Фота: Getty Images

Мовазнаўцы даўно ведаюць, што дзеці пачынаюць вучыцца мове яшчэ да нараджэння. З сярэдзіны цяжарнасці яны здольныя ўспрымаць гукі, што праходзяць праз цела маці, і адрозніваць мелодыю і рытм гаворкі.

У першыя месяцы пасля нараджэння немаўляты паступова пачынаюць выдзяляць у бесперапынным патоку маўлення асобныя фрагменты і запамінаюць гучанне слоў. Да моманту, калі яны пачынаюць поўзаць, дзеці ўсведамляюць, што многія з гэтых гукавых фрагментаў абазначаюць прадметы вакол іх. Праходзіць больш за год, перш чым малыя прамаўляюць свае першыя словы, а чытанне і пісьмо асвойваюць нашмат пазней..

Дарослыя ж, вывучаючы замежную мову, часта ідуць зваротным шляхам: яны пачынаюць з вывучэння слоў, звычайна праз пісьмовыя тэксты, і спрабуюць іх вымавіць, яшчэ не ўлавіўшы агульны гукавы малюнак мовы. Гэта «перавернуты» спосаб навучання, які можа не адпавядаць натуральным здольнасцям мозгу.

Эксперымент: дарослыя слухаюць, як немаўляты

Каб зразумець, наколькі дарослыя захавалі здольнасць да інтуітыўнага моўнага навучання, чэшскія даследчыкі правялі маштабны эксперымент. Аб ім аўтары расказалі на старонках выдання The Conversation.

Удзел у эксперыменце прыняло 174 чалавека, якія ніколі раней не чулі мову карэннага насельніцтва Новай Зеландыі маоры.

Удзельнікам далі паслухаць пяць хвілін маарыйскай гаворкі. Пасля гэтага ім прайгравалі новыя аўдыяфрагменты — або на маарыйскай, або на малайскай мове (якая таксама была для іх незнаёмай, але падобнай да маарыйскай), — і пыталіся, ці чуюць яны тую ж самую мову, што і раней.

Аўдыязапісы былі апрацаваны так, каб імітаваць мову, якую немаўляты чуюць ва ўлонні маці: захоўваліся мелодыя і рытм, але выдаляліся частоты вышэй 900 Гц, якія перадаюць дэталі зычных і галосных.

Вынікі паказалі, што большасць удзельнікаў дакладна распазнавала, якая мова гучыць, — гэта сведчыць, што дарослы мозг здольны «настроіцца» на мелодыю і рытм новай мовы нават пасля кароткага праслухоўвання.

Чытанне перашкаджае ўспрыняць мову на слых

Але даследчыкі пайшлі далей. Яны падзялілі ўдзельнікаў на чатыры групы. Адна група проста слухала запіс, а тры іншыя атрымалі магчымасць адначасова бачыць субцітры. Пры чым для адной групы яны былі напісаны на мове маоры, дзе гукі і літары адпавядаюць адзін аднаму (падобна да іспанскай). У субцітрах для другой групы сувязь паміж гукам і літарай была спецыяльна скажоная (падобна як у англійскіх словах «sight», «site», «cite»). Трэцяя група бачыла транскрыпцыю невядомай для ўдзельнікаў графікай (іўрыт).

Вынікі здзівілі: усе тры групы, што мелі магчымасць бачыць субцітры, справіліся з заданнем горш, чым тыя, хто толькі слухаў. Пачаткоўцы лепш засвойвалі мову маоры, калі не адцягвалі сваю ўвагу на тэкст.

Чаму непісьменнасць дапамагае вучыцца

Як адзначаюць аўтары, іх даследаванне пацвярджае ранейшыя назіранні: навучыўшыся чытаць, чалавек пачынае «гледзець» на мову праз літары, а не слухаць. Гэта замінае дакладнаму вымаўленню і разуменню фанетыкі. Напрыклад, італьянцы, што вучаць англійскую, часта падаўжаюць гукі, дзе двойчы напісана адна літара, бо ў італьянскай гэта мае значэнне. Іспанцы могуць блытаць словы «ship» і «sheep» з-за асаблівасцей чытання «і» і «е» ў іх роднай мове.

Цяпер жа вучоныя даказалі, што правапіс (перадача словаў літарамі) можа перашкаджаць натуральнай здольнасці чалавека ўспрымаць мелодыю і рытм маўлення.

Гэтыя высновы выклікаюць сумневы ў эфектыўнасці традыцыйных метадаў вывучэння моў, дзе з самага пачатку даюцца падручнікі і тэксты. Як сцвярджаюць аўтары даследавання, спецыялістам, якія шукаюць спосабы актывізаваць або «перазапусціць» здольнасць дарослых да вывучэння моваў, варта ўлічваць, што занадта ранняе знаёмства з алфавітным правапісам замежнай мовы можа мець негатыўны эфект.

Гэтая ідэя пацвярджаецца і іншымі даследаваннямі. Напрыклад, у адным з іх дзеці, якія толькі пайшлі ў першы клас і яшчэ не ўмелі чытаць, лепш запаміналі, які артыкль адпавядае якому назоўніку (напрыклад, il bambino / la bambina ў італьянскай), чым вучні трэцяга класа. Гэты эфект тлумачыцца тым, што апошнія ўспрымалі словы як асобныя адзінкі, падзеленыя прабеламі, і таму ім было цяжэй успрымаць іх як адно цэлае.

Рэкамендацыі для навучання

Чэшскія вучоныя адзначаюць, што на пачатковым этапе вывучэння замежнай мовы найбольш карысна ўслухоўвацца ў жывую гаворку: слухаць размовы, падкасты, маўленне носьбітаў.

Слуханне мовы без прывязкі да літар і тэксту можа дапамагчы не засяроджвацца на асобных галосных, зычных і асобных словах, а замест гэтага ўспрымаць мову як суцэльны паток гукаў, падобна да таго, як гэта робяць немаўляты.

Калі моўная інтанацыя і рытм стануць знаёмымі, можна паступова пераходзіць да чытання і пісьма. Такі падыход спрыяе лепшаму разуменню мовы, дакладнаму вымаўленню і, у перспектыве, больш упэўненаму авалоданню граматыкай і слоўнікавым запасам.

Каментары1

  • Альгерд
    08.06.2025
    Сам грешу послушиванием польского радио. Вначале пытался в уме переводить услышанные слова. Потом начал просто слушать и начал понимать около 50%-70% слов,а этого достаточно,что бы понять смысл предложения. Таким образом я читаю статьи и слушаю радио на польском и худо бедно понимаю о чем речь.
    П.с
    Польский научился читать благодаря белорусской латинки.

Цяпер чытаюць

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара8

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Усе навіны →
Усе навіны

«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»101

Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»1

Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву22

З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне1

«Мы зноў сутыкаемся з маніпуляцыямі». Украінцы адказалі на расійскія абвінавачванні ў зацягванні абмену целамі і палоннымі

Беларуская блогерка крыкам і лаянкай рэкламуе брэнды — затое збірае мільёны праглядаў10

Расіяне вязуць у Беларусь тысячы целаў забітых вайскоўцаў для абмену3

На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА3

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара8

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць