Дэвід і Вікторыя Бэкхэмы моцна не паладзілі са сваім старэйшым сынам. Ён абвінаваціў іх публічна
У брытанскай прэсе некалькі месяцаў хадзілі чуткі пра нелады ў адносінах паміж брытанскімі суперзоркамі — футбалістам Дэвіда Бэкхэма і спявачкай Вікторыі Бэкхэм (Адамс), — і іх старэйшым сынам Бруклінам Пэльц-Бэкхэмам. Аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтаму не было. Цяпер жа Бруклін апублікаваў доўгае паведамленне ў Instagram, дзе ўпершыню расказаў пра канфлікт у сям’і і адкрыта прызнаў, што не хоча наладжваць з ёй адносіны.

Бруклін абвінаваціў бацькоў у тым, што яны «без канца спрабавалі разбурыць» ягоныя адносіны з жонкай Ніколай як да шлюбу, так і пасля яго. Паводле яго слоў, бацькі пастаянна прыдзіраюцца да Ніколы і паводзяць сябе недарэчна як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці, а некаторыя дэталі асабістага жыцця перадавалі прэсе без іх дазволу.
Таксама Бэкхэм-малодшы адзначыў, што ягоная маці, Вікторыя Бэкхэм, якая валодае модным брэндам, нібыта спрабавала перашкодзіць вяселлю сына ў 2022 годзе, адмовіўшыся ў апошні момант пашыць вясельную сукенку для Ніколы, нягледзячы на тое, што тая была радая апрануць рэч яе дызайну. Праўда, Нікола пазней сцвярджала, што праблемы з сукенкай адбыліся толькі з-за таго, што атэлье проста не паспела б скончыць працу ў тэрмін.
Бруклін таксама расказаў, што ён і Нікола прыехалі ў Лондан на дзень нараджэння Дэвіда, але цэлы тыдзень атрымлівалі адказы «не», калі спрабавалі правесці асабісты час з бацькам. На 50‑гадовы юбілей Дэвіда пара таксама не з’явілася і не апублікавала віншаванні ў сацсетках, што ўзмацніла чуткі пра сямейны канфлікт.
Паводле Брукліна, бацька пагадзіўся сустрэцца з ім толькі на ўмовах, што жонка не будзе прысутнічаць, што ён успрыняў як «поўху». Пазней сям’я таксама не сустракалася з ім падчас іх паездкі ў Лос-Анджэлес.
Бруклін і Нікола жывуць у ЗША. Бруклін пачынаў сваю кар’еру як фатограф і ў 2017 годзе выдаў свой першы фотаальбом What I See («Тое, што я бачу»).
Каментары