Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную вучоным езуітам беларускага паходжання Янам Няпрэцкім і ўпершыню надрукаваную ў Нюрнбергу ў 1749-ым годзе, паведамляе ініцыятыва.

Набытае Maldzis выданне выйшла ў свет у першай палове 1790-ых — напрыканцы існавання Вялікага Княства Літоўскага.
Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы Алекса Шуба.

Аўтарам карты з’яўляецца малады навуковец-езуіт Ян Няпрэцкі, які нарадзіўся на Случчыне ў студзені 1718 года і пражыў усяго 32 гады. Найбольш імаверна, што ён скончыў працу над мапай у 1747—1748 гадах падчас знаходжання ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме.
Плануецца, што ў будучыні карта будзе перададзеная ў Слуцк (Слуцкі краязнаўчы музей) у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму мапа будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

«Карту Яна Няпрэцкага варта разглядаць як этапную з’яву ў айчыннай картаграфіі і адначасова як важную крыніцу гістарычнай інфармацыі пра ВКЛ і адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на беларускіх землях у XVIII стагоддзі. Гэта таксама яскравы прыклад іміджавай працы, бо карта прасоўвала вобраз урбанізаванай краіны», — кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы Maldzis.
Карта Няпрэцкага была ўпершыню выдадзеная ў 1749 годзе пад рэдакцыяй знакамітага нямецкага картографа, матэматыка і астранома Тобіяса Маера ў выдавецтве «Спадкаемцы Гомана» ў Нюрнбергу. На той час гэтае выдавецтва лічылася лідарам у галіне выдання мапаў.
«І сама карта, і месца яе выдання сведчаць, што ўзровень адукацыі ў ВКЛ дазваляў ствараць прадукты, якія адпавядалі сусветным стандартам. Яе стварэнне патрабавала глыбокіх ведаў у галіне картаграфіі, матэматыкі, астраноміі і геадэзіі ды паспрыяла далейшаму развіццю гэтых навук і агулам інтэлектуальнага патэнцыялу краіны», — дадае Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.
Гісторыя карты Няпрэцкага
Вядома пра 6 версій карты Няпрэцкага, выдадзеных у Нюрнбергу ад 1749 да 1812 года, калі ВКЛ ужо спыніла нават сваё існаванне, знікшы ў Расейскай імперыі. Набыты ініцыятывай Maldzis асобнік адносіцца да чацвёртага стану першага выдання і быў надрукаваны пасля 1767 года.
Сярэдні маштаб карты Яна Няпрэцкага — 1:1 424 600.
Пры падрыхтоўцы сваёй мапы Няпрэцкі абапіраўся на Радзівілаўскую карту ў выданні Яна Янсона ван Васбергена, якая выйшла ў лонданскім выдавецтве ў другой палове XVII-га стагоддзя (1680-1683) і з’яўляецца зменшанай і перапрацаванай копіяй Радзівілаўскай карты Вілема Яна Блаў 1613 года.

Навуковец-езуіт беларускага паходжання фактычна нанова склаў і пераправерыў размяшчэнне гарадоў і рэк. У выніку ягоная карта значна ўдакладняе канфігурацыю ваяводстваў і паветаў ды істотна дапоўненая новымі населенымі пунктамі — у межах ВКЛ іх там 680 (+120 у параўнанні з Радзівілаўскай мапай).

Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Тут пра спадчыну, артэфакты, якія павінны быць і ў Беларусі. Так што не бачу падману.