Былы спецназавец апынуўся ў інвалідным вазку — і стаў майстрам па манікюры
27‑гадовы Валянцін Гойка працаваў трактарыстам, а пасля адслужыў у спецназе, чым вельмі ганарыўся. 1 верасня 2019 года яго жыццё падзялілася на «да» і «пасля» — аўто, у якім ехаў Валянцін, сутыкнулася з ласём. Пасля трагедыі мужчына перасоўваецца ў інвалідным вазку, але засвоіў новую прафесію — майстар па манікюры.
Пазногці ад экс-спецназаўца карыстаюцца папулярнасцю як у жыхароў яго родных Альман, так і блізкіх да вёскі мясцін Столінскага раёна.


Пасля школы Валянцін скончыў Столінскі дзяржаўны аграрны каледж па прафесіі трактарыст-машыніст і, як і тата, пайшоў працаваць у калгас. Сям’я Гойкаў — шматдзетная, Валянцін у ёй — самы старэйшы сын. Перад драматычнымі падзеямі яго запрасілі на вяселле сястры, і разам з сябрам ён паехаў у сталіцу па святочны касцюм, але дарогу ім перабег лось.
У выніку аварыі ўсе пасажыры абышліся лёгкімі траўмамі. Акрамя Валянціна — ён сядзеў на пасажырскім крэсле, і лось «прызямліўся» менавіта туды. У выніку — аскепкавы пералом шыйных пазванкоў, рэанімацыя, аперацыя, доўгая рэабілітацыя і прыняцце сябе новага.
Раней, па словах, мужчыны, ён не мог перасесці ў вазок без галавакружэння, а цяпер стабільна займаецца спортам і заваёўвае прызавыя месцы на спаборніцтвах па настольным тэнісе і стральбе з лука.

У Столінскім райвыканкаме былому трактарысту спачатку прапанавалі працу аператара ЭВМ — у яго абавязкі ўваходзіла прасоўванне ў сацсетках адзення. Але пазней адна з майстрых па манікюры даведалася гісторыю хлопца і прапанавала яму бясплатнае навучанне — праз месяц Валянцін засвоіў новую прафесію, хаця баяўся, што праз траўму шыі не зможа прыгожа і акуратна маляваць на пазногцях.
«Спачатку я сам над сабой пасмейваўся: бравы спецназавец з мускуламі займаецца пазногцямі», — прызнаваўся Валянцін. Але цяпер гэта стала яго фішкай.
У тым, што Валянцін мае ўладу над сваім целам і, у прыватнасці, над рукамі, — вялікая заслуга няспынных трэніровак. Два гады таму ён не мог нават трымаць у руках губку для мыцця посуду, не тое што вісець на турніку, а цяпер падцягваецца мінімум 25 разоў.
У тыктоку Валянцін каля года таму сустрэў сваё каханне — пазнаёміўся з Аленай.
Алена сёння — яго галоўная апора і спадарожнік на ўсіх спаборніцтвах і турзлётах. Разам яны, напрыклад, нядаўна пераадолелі 21 кіламетр на мінскім паўмарафоне. Ну і, вядома, Валянцін у Алены — галоўны майстар па манікюры.
Пара плануе вяселле.

Як бы Валянцін ні любіў родныя Альманы і бабулю, з якой цяпер жыве разам, людзей у роднай вёсцы менш за тысячу, таму ў будучыні майстар па манікюры марыць перабрацца ў Мінск ці хаця б Столін. Ён упэўнены, што так зможа зарабіць куды больш на сваё развіццё і будучыню сям’і. Таксама ён адточвае майстэрства па стральбе з лука, плануючы папоўніць беларускую паралімпійскую зборную.
Каментары