Дыетолаг Ірына Яблонская (Кабасакал) расказала, як шматпакутна дабіралася з Канарскіх астравоў да Беларусі
Дыетолаг Ірына Яблонская (Кабасакал) падзялілася ў сацыяльных сетках гісторыяй свайго шматпакутнага вяртання з Канарскіх астравоў у Беларусь разам з сям'ёй. Вяртанне ператварылася ў прыгоду з адмененымі рэйсамі, бегам да самалёта, гонкай да цягніка, праблемамі з карткамі, стратай грошай.

Ірына Яблонская піша, што яны з сям'ёй прыехалі ў аэрапорт Лас-Пальмас, каб паляцець па маршруце «Лас-Пальмас — Капенгаген — Вільня» з кампаніяй SAS. Планавалася быць у Вільні ў 23:55, пераначаваць там і раніцай, на аўтобусе, паехаць у Кібартай на літоўска-расійскую мяжу.
Яны прыехалі адмыслова загадзя — за 3 гадзіны да вылету.
«Люблю прыязджаць раней, каб не несціся, як вар'яты, а спакойна пахадзіць па дзьюці-фры, адпачыць у бізнэс-лаунжы, паесці, купіць падарункі родным і блізкім». Але далей усё пайшло не па плане, і расслабляцца больш не прыйшлося.
Рэйс з'явіўся на табло, і сям'я заняла чаргу, каб здаць багаж.
«У гэты момант я паглядзела ў бок фінаў і запыталася ў мужа, чаму мы ні разу не ляталі ў Фінляндыю… Роўна праз пяць хвілін на табло насупраць нашага рэйса з'явіўся надпіс «анулявана», і нас адправілі на іншую стойку рэгістрацыі.
Я не тое каб моцна хацела ў Хельсінкі — я проста запыталася ў мужа!
Вынік — маршрут «Хельсінкі — Капенгаген — Вільня» з фінскімі авіялініямі з начоўкай у Капенгагене і раннім вылетам з Капенгагена.
Рэйс да Хельсінкі быў на гадзіну раней, чым наш першапачатковы да Капенгагена, і мы беглі бегам да нашага гейта. Я паспела толькі купіць нейкія бутэрброды, ваду і падарунак для старэйшай дачкі», — расказвае Ірына.
Грошы за гатэль у Вільні ім не вярнулі. Час прылёту — 10:35. Аўтобус быў у 8:00. За яго таксама пакуль грошы не вярнулі. Але абяцалі вярнуць 85%.
Хутка схапіўшы чамаданы ў Вільні, падарожнікі скочылі ў таксі ў 11:00 і паехалі ў Кібартай праходзіць мяжу, таму што цягнік «Калінінград — Масква» быў у 15:19. Ехаць 2 гадзіны, і яшчэ незразумела, колькі праходзіць мяжу.
«У 13:30 мы былі на КПП, і проста перад носам супрацоўніца літоўскай памежнай службы зачыніла акно са словамі «ў мяне абед». У 14:00 яна яго адкрыла, і ў нас заставаўся 1 гадзіна і 19 хвілін да адпраўлення цягніка. Наперадзе 3 кантролі і 6 км пешшу», — піша Ірына.
Дзве мяжы прайшлі за гадзіну.
«Майце на ўвазе, што на расійскім КПП старанна даглядаюць рэчы, і нельга з ЕС везці ніякую ежу ўвогуле. За гэта — пратокол, штраф, і вы спазніцеся на свой цягнік. Цягнікі ходзяць 4 разы на суткі, але білеты можна купіць толькі за 40 км ад станцыі. Анлайн вы не купіце білеты, таму што Літва не дае такой магчымасці нават з VPN», — расказвае яна.
Пры выхадзе з КПП стаялі таксі — 500 расійскіх рублёў або 5€, і не трэба ісці пешшу 5 км да станцыі.
«У 15:00 мы забеглі на станцыю «Чарнышэўскае», на якой трэба праходзіць яшчэ адзін кантроль (рэчы праз рэнтген), і вуаля — у 15:05 мы беглі па пероне да нашага вагона. Наперадзе яшчэ 3 кантролі — усяго 6 штампаў у пашпарт. У Літве цягнік стаіць 2 разы па гадзіне. У Беларусі — 40 хвілін», — расказвае Яблонская.
Зусім кепска і нечакана для дыетолага сталася з харчаваннем.
«У інтэрнэце напісана, што ў гэтым цягніку ёсць вагон-рэстаран, і мой муж зачытваў нам меню, і мы з Зосяй марылі, як сядзем у цягнік, кранёмся (не розумам) і паядзім. Там салаты і гарачае. Дзіма марыў пра салянку. Як аказалася, вагона-рэстарана няма ўжо два гады. Не верце ўсяму, што пішуць у інтэрнэце. Давярайце заўсёды вопытным людзям, якія праз гэта прайшлі.
Галодныя, стомленыя, без ежы, мы вымушаны былі есці ролтан (здзейснілася Зосіна мара) усе 9 гадзін. Цяпер я ведаю пра ролтан усё: макароны, пюрэ, грэчка з грыбамі, — і гэта было агідна нясмачна. Але! Лепш у страўніку абы-якая ежа, чым саляная кіслата», — піша дыетолаг.
Затое цягнік быў, паводле Ірыны, чысты, камфортны, правадніцы — прыемныя, ветлівыя. «Да нас прыходзіла нават начальнік цягніка спытаць, ці ўсё ў нас добра. Усё, як было пры Савецкім Саюзе. Акунуліся ў мінулае і панастальгіравалі», — піша яна.
Расійскіх рублёў у іх не было. «За нас плацілі такія ж адчайныя падарожнікі, а мы ім грошы на картку адпраўлялі. У цяперашні час пры сабе трэба мець карты трох банкаў і яшчэ расійскую карту. Наяўныя грошы — абавязкова. Хто ведае, дзе вы можаце апынуцца», — раіць Яблонская.
Чаму яны не паехалі праз Польшчу? «Таму што мы туды ехалі праз Польшчу. І гэта было жахліва. 24 гадзіны ў аўтобусе з Мінска да Беластока — з улікам усіх пераскокванняў з аўтобуса ў аўтобус. Начоўка ў Беластоку, потым аўтобус да Вільні і зноў начоўка ў Вільні», — тлумачыць Ірына.
Яна дадае, што паехала б на цягніку зноў: «пакуль нас вабяць прыгоды — мы маладыя». Яна жартуе, што «сям'я дзейнічала зладжана», і маленькая дачка Зося пачувалася «цудоўна» і «ні разу не пікнула».
Каментары
А причем тут Литва к российскому поезду? Я правильно понимаю, что они ИЗ ЛИТВЫ не могли купить билеты на российский поезд ? Наша Нива не открывается в РБ почему? Потому что доступ закрыт ИЗ РБ... А в случае с поездом все как раз наоборот. Обычно российские и беларуские сайты невозможно открыть с вражесткой страны. То есть все входы из вне блокируются ибо нех...й шастать. Поэтому ВПН нужен с сервером в РБ или РФ. А такие редкие и стоят денех.... Сомневаюсь что у героя статьи такой был...