Грамадства1414

Першая калонка Фядуты: Гэта была расправа з пакаленнем, якое ўлада не спадзявалася прыручыць, а таму спрабавала зламаць

Экс-палітвязень, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, што правёў за кратамі чатыры з паловай гады па справе змоўшчыкаў, напісаў для Беларускага ПЭН першую калонку, якую назваў «Вайна з дзецьмі».

На сайце «Вясны» я прачытаў пра справу «Чорных салаўёў» — справу шасцярых школьнікаў і аднаго 18‑гадовага хлопца. Аказваецца, прапагандысцкі фільм пра гэтую гісторыю паказвалі па беларускім дзяржаўным тэлебачанні яшчэ ў красавіку 2025 года. Але ў магілёўскай калоніі я стараўся не глядзець тэлевізар: бярог нервы і сэрца, — таму даведаўся пра ўсё толькі цяпер.

Іх абвінавацілі ў стварэнні анархісцкай групоўкі «Чорныя салаўі», мэтай якой нібыта было аказанне дапамогі ўзброеным сілам Украіны шляхам фатаграфавання ваенных аб’ектаў, у «акце тэрарызму», а таксама ў распаўсюдзе літаратуры «экстрэмісцкага зместу».

Жахлівым дзяржаўным злачынцам, большасць з якіх былі непаўналетнімі, прычым двое з іх — дзяўчаты, прысудзілі тэрміны зняволення ад 10 да 13 гадоў.

Табе 16 ці 17 гадоў, і дзяржава, якая спалохалася цябе, асуджае цябе на 13 гадоў, што здаюцца табе вечнасцю.

Я не пішу пра жах бацькоў — вось пра адчуванне вечнасці мушу сказаць. Мне, 58‑гадоваму на момант уступлення майго прысуду ў сілу, 10 гадоў падаюцца тэрмінам цалкам выносным (памру — дык памру). А тут — сапраўдная вечнасць.

І я ўспомніў пра іншы працэс.

Даруйце старому філолагу, які ментальна жыве ў дзевятнаццатым стагоддзі, але я ўспомніў пра віленскую «справу філаматаў». Там жа таксама ўсё пачыналася з вайны дзяржавы з дзецьмі.

Школьнік напісаў на грыфельнай дошцы ў класе: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая!» Дырэктар гімназіі прачытаў, сцёр надпіс і пачаў разбірацца. Ну і далажыў начальству, каб не абвінавацілі яго ў нелаяльнасці. Начальства западозрыла нядобрае і распарадзілася правесці вобшукі.

У паперах студэнта Яна Янкоўскага (18-гадовага) знайшлі антыўрадавыя вершы (экстрэмісцкага, кажучы сённяшняй мовай, зместу). Куратар усіх палітычных спецслужбаў Каралеўства Польскага, а заадно і адарваных ад яго літоўска-беларускіх губерняў, Мікалай Навасільцаў убачыў у гэтым сляды змовы, здольнай узрушыць усю сістэму дзяржаўнай улады ў Расійскай імперыі, а заадно і ва ўсёй Еўропе.

Па справе праходзіла каля 600 чалавек, пераважна — непаўналетніх (паўналецце тады наступала з 21 года). Кагосьці бацькі выкуплялі (карупцыя заўсёды раз’ядала спецслужбы), кагосьці, як ні дзіўна, даводзілася адпускаць з-за відавочнай адсутнасці складу злачынства.

Але 14‑гадовых падлеткаў з гімназіі ў Крожаx (дзе літаратуру ім выкладаў будучы прафесар Калеж дэ Франс Адам Міцкевіч), што праходзілі па справе так званых «Чорных братоў» (колер! колер!), здалі ў салдаты. Каго-небудзь выслалі ў глыб Імперыі — тэрыторыя вялікая, Урал і Сібір можна асвойваць.

Па справе «чорных салаўёў» падлеткаў асудзілі на тэрміны ад 10 да 13 гадоў

Праўда, у Навасільцава было кепска з фантазіяй: назвы накшталт «Чорныя салаўі» ці «План Цішыня», здольныя напалохаць абывацеля да паўсмерці, яму ў галаву не прыходзілі. Але, напэўна, Мікалай Мікалаевіч над такімі дробязямі, як прапагандысцкія фільмы, не задумваўся: кінематограф, кажучы словамі Уладзіміра Леніна, «найважнейшае з мастацтваў», тады, як мы ведаем, яшчэ не быў вынайдзены.

Wikimedia Commons

І я ўспомніў карціну польскага мастака Яцэка Мальчэўскага «Польскія студэнты, сасланыя ў Сібір», 1891 года. Хлопчыкі зусім яшчэ, яны сядзяць каля сцяны, на якой вісіць карта велізарнай імперыі. Хтосьці сядзіць, хтосьці ляжыць на падлозе.

Сумныя твары падлеткаў, якіх назаўсёды высылаюць за межы радзімы. Жывая ілюстрацыя да знакамітага паланэза Міхала-Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай».

Я вывучаў лёсы тых, хто праходзіў па справах, ініцыяваных Навасільцавым. Яны станавіліся паэтамі, рэктарамі ўніверсітэтаў, стваральнікамі музеяў і бібліятэк, гісторыкамі і выдаўцамі, сумленнымі чыноўнікамі (так, і такое было), часам, як «чорны брат» Ян Віткевіч, — чаго ўжо тут граху таіць — выбітнымі разведчыкамі. Яны былі маладыя, таленавітыя і менавіта таму — небяспечныя.

Гэта была расправа з пакаленнем, якое ўлада не спадзявалася прыручыць, а таму спрабавала зламаць.

Зламалі не ўсіх. Але памяць пра гэтую спробу засталася.

З гэтай памяці вырасце паўстанне 1830—1831 гадоў. Навасільцаву давялося ўцякаць з Варшавы, у спешцы пакінуўшы паўстанцам частку свайго архіва, у тым ліку — праект канстытуцыі. Кіраўнік палітычнага вышуку, аказваецца, многае разумеў і прапаноўваў дараваць народам Імперыі свабоду без дэмакратыі. Не паспелі, не атрымалася.

Ды нават калі б і атрымалася? Мікалай II паспрабаваў зрабіць гэта, падпісаўшы вядомы Маніфест 17 кастрычніка. Але Імперыю ўратаваць не ўдалося. Яе ўзарвалі не рэвалюцыянеры — не, — свае ж эліты, дапушчаныя імператарам да ўлады, разам з найбліжэйшымі сваякамі стварылі сітуацыю, у якой яму давялося адрачыся ад пасаду. Ды і вайна, не надта папулярная ў народзе, паспрыяла.

Праўда, і потым прыйшла свабода без дэмакратыі. А потым і свабоду аднялі. Але хлопчыкі, што сядзелі ў чаканні ссылкі каля сцяны з велізарнай картай Імперыі, да гэтага не дажылі. Яны засталіся легендай. Жывой дагэтуль.

Каментары14

  • Ё
    31.12.2025
    Так,Фядута. І гэтую ўладу ў 94 годзе прывёў нам ты. Замест таго, каб падтрымаць БНФ ці Шушкевіча, душа пушкініста рвалася ў родную гавань. Таму з самага дна ты падняў пачвару, адмыў, прылізаў, навучыў як казаць, узяў за руку і прывёў яе нашым бацькам і бабулям.
  • Аляксандр
    31.12.2025
    Цалкам згодны. Моцная фармулёўка! "Расправа з пакаленнем, якое ўлада не спадзявалася прыручыць, а таму спрабавала зламаць".
  • XXX
    31.12.2025
    І зноў у мове Пушкіна й пуціна. Таварышч так нічога й не зразумеў. Дзіўна, што БЕЛАРУСКІ ПЭН на гэткае згадзіўся.

Цяпер чытаюць

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Усе навіны →
Усе навіны

Кватэры ў Мінску сталі часцей купляць замежнікі. А старое жыллё без рамонту не цікавае нават іншагароднім

«Шаптуна Пуціна Лукашэнку падвялі ці то «старэйшыя браты», ці то ўласная інтуіцыя»1

Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну і пажадаў «міру на Зямлі»6

Чалы дае прагноз на 2026 год9

Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Калеснікавай7

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення2

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

«Байсол» назваў суму, якую ўдалося сабраць за 2025 год2

Вырасла сума базавай адзінкі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць