Грамадства99

«Я цяпер цалкам іншы чалавек». Пісьменніца Святлана Курс пра рак і сваю філасофію жыцця

Пісьменніца Святлана Курс шчыра расказала «Радыё Свабода» пра свой дыягназ і тое, як ён змяніў яе. «Чалавек — студня і капальня, радасці знойдзе ва ўсім», — разважае яна.

«Я навучылася прасіць»

— Ты атрымала вялізарную падтрымку ад беларусаў, калі паведаміла ў сацыяльных сетках пра анкалягічны дыягназ і пра тое, што табе патрэбная дапамога. Як анкалягічны дыягназ зьмяніў твой погляд на сьвет, на людзей?

— Цалкам зьмяніў. Я яшчэ ня ўсё ўразумела. Увогуле я цяпер цалкам іншы чалавек. Тым больш што гэта такі дыягназ, які застаецца адкрытым. Я магу вельмі хутка памерці, бо мой тып раку не паддаецца часамі лячэньню. На жаль, ён мае вельмі вялікі працэнт вяртаньня. Прыкладна 75%. Таму я асабліва ня бачу пэрспэктывы. Мне даводзіцца жыць сёньняшнім, заўтрашнім, пасьлязаўтрашнім днём. Гэта дастаткова складана. Я навучылася прасіць, што для мяне было вельмі цяжка. Цяпер я ўмею прасіць. І натуральна, што некаторыя рэчы набылі для мяне і больш важнае значэньне.

Гэта невялікія рэчы, у асноўным жыцьцёвая рутына. Але я табе шчыра скажу, што страшэнна стамілася. Я ведаю, што людзі змагаюцца з ракам дзесяцігодзьдзямі, а ў мяне толькі, можна сказаць, сем месяцаў. Я сябе адчуваю часам такой падаўленай, што проста ў мяне няма ні на што ні сіл, ні ахвоты, нішто ня радуе. Але потым прыходзіць новы дзень, ты зноў хочаш жыць.

— Ты казала, што навучылася жыць сёньняшнім днём і бачыць радасьць і сэнс у рутыне. А што дае радасьць, што дае гэтае адчуваньне дня? Напрыклад, цяпер, калі мы размаўляем.

— Вось я каву ўзяла, размаўляючы з табой… Я цяпер адпавядаю большасьці маладых людзей, як яны апісваюцца ў сацсетках. Я чытаю, што ў іх модна, напрыклад, гніеньне ў ложку. Нават ангельскі тэрмін ёсьць. Я вельмі люблю цяпер спаць у ложку. Другі ёсьць такі трэнд, калі робяць ложак-гняздо пры дапамозе вялікіх, доўгіх і малых падушак і сьпяць там з усімі катамі сваімі і сабакамі. Я раблю тое ж самае, гэта для мяне найвялікшая радасьць. А таксама чытаньне. Толькі ежа ў мяне выпала, я не магу есьці. Мне там перакалацілі ўсе кішкі са страўнікам, і мне нішто не прыносіць цяпер радасьці, толькі вось кава, бо яна робіць мяне больш бадзёрай, а цукру мне цяпер нельга.

Увогуле чалавек — гэта такая студня і капальня, што ён сабе радасьці знойдзе ва ўсім. Зараз я вельмі хачу паехаць у цэнтар Варшавы і паглядзець на калядныя ўпрыгожаньні. Я жыву разам з усімі людзьмі, адчуваю тое, што іншыя людзі і мае сучасьнікі. Людзі так баяцца вайны, і, жывучы ў гэтай тэме, яны ўсё пышней і пышней стараюцца ўпрыгожваць каляды ваенныя. Я раней думала, як гэта ў Рэмарка ці ў іншых вайсковых успамінах — пра Варшаўскае паўстаньне, пра Беларусь пад акупацыяй, як гэта людзі маглі кахаць, нараджаць, гуляць, піць, вясельле сьвяткаваць і гэтак далей. А цяпер я гэта ўсё зразумела.

І адчуваньні вастрэйшыя, і радасьці вырастаюць у вялізным памеры, бо тое, што мы бачым, — гэтыя цені — яны вельмі высокія, вельмі чорныя. І вось ты пачынаеш параўноўваць сваё жыцьцё. Нават у самыя горшыя моманты, калі я хварэла, і памірала нават некалькі разоў, то ўспамінала, што хаця б паміраю сярод прыязных людзей на белых прасьцінах і ўсе стараюцца мне дапамагчы. А ёсьць украінскія ваеннапалонныя і ёсьць беларускія палітвязьні. Я заўсёды малюся за душу той 39‑гадовай дзяўчыны, адзінай дачкі старой няшчаснай маці, якую фактычна дабілі ў турме. У яе быў ракавы дыягназ, яе выпусьцілі толькі памерці. Яна пажыла на свабодзе пару месяцаў дый памерла. Вось за іх я малюся. І на фоне гэтай чарнаты маленькія радасьці выглядаюць вельмі значнымі.

Мы не мільярдэры ўсе. Верагодна, у мільярдэраў вялікія радасьці, вялікая рутына. Я чула, што некаторыя заможныя людзі езьдзяць на чалавечае сафары ў Кенію або ў былую Югаславію. Многа да мяне такіх сыгналаў даходзіць. Але мы простыя звычайныя нявінныя людзі. Мы жывем штодзённымі рытуаламі, яны нас цешаць, пакуль ёсьць здароўе. А калі яго няма, то дастаткова складана цешыцца.

«Цяпер я непрымірымая да зьяваў і ўчынкаў, а да людзей зрабілася мякчэйшай»

— Я рабіла больш за 10 гадоў таму праект «Жыцьцё пасьля раку», у ім былі гісторыі 22 чалавек пасьля анкалягічнага дыягназу. Яны расказвалі ня толькі пра змаганьне з хваробай, а і пра тое, як зьмяніліся прыярытэты ў іхным жыцьці, як яны, як гэта ні гучыць, можа, дзіўна, удасканаліліся дзякуючы хваробе. Ты сказала, што навучылася прасіць. А ў чым ты ўдасканалілася ці ў чым зьмяніла прыярытэты?

— Складана адказаць. Я раней была нашмат больш непрымірымай у дачыненьні да людзей. А цяпер я непрымірымая да зьяваў і да ўчынкаў, а да людзей зрабілася мякчэйшай. І мне цяпер асабліва рэжа і вочы, і сэрца, і душу тое, як людзі ня ўмеюць дачыняцца міжсобку. Ня ў злых намерах, бо ёсьць і зламысныя людзі, якія працуюць на рознага кшталту зло, спэцслужбы, вайну і гэтак далей. Але простыя звычайныя людзі.

Пачынаецца з таго, што людзі наступаюць на ўсе балючыя мазалі, лезуць у чужыя межы, абражаюць, параўноўваюць абы з чым, ужываюць неадпаведныя мэтафары, груба размаўляюць. Мне гэта стала страшна рэзаць. Проста тупа і неразумна. Гэта тое ж самае, што адчыняць дзьверы і гэтымі дзьвярыма даваць сабе па галаве ці наступаць на граблі. Зусім ня трэба лісьлівіць і падлізвацца, але негвалтоўная дачыненьні, негвалтоўная камунікацыя — гэта вельмі простая штука. Проста ня лезь у чужыя межы. І ўсё. Не пачынай размову груба, не параўновай нікога ні з кім, не абмяркоўвай зьнешнасьць дзяцей, якасьці характару і гэтак далей. Гэта не азначае, што ты павінен маўчаць, лісьлівіць і не гаварыць праўду. Проста гаварыць праўду лёгка і прыемна, не кранаючы пэрсаналіяў, усяго таго балючага, што ёсьць.

Ува ўсіх нас, дапусьцім, старыя маткі. Я бачыла ня раз, як абражалі: «Твая матка такая брыдкая». Ды паглядзі на сваю матку, на сябе паглядзі. І мне вельмі забаўна глядзець, што некаторыя маладыя і ня вельмі маладыя людзі размаўляюць як багі. Ім нічога не пагражае. Каханы мой, думаю я, ужо заўтра цябе чакае такое, што ты можаш з гэтага ня ўзьнесьціся. А паводзіш сябе як які-небудзь алімпійскі бог, прычым бог ня першага шэрагу. Няма мудрасьці ў гэтым усім. Вось гэта ўва мне моцна зьмянілася.

Я цяпер зь людзьмі размаўляю, і раней, стараючыся іх ня раніць лішне. Але зь іншага боку, я яшчэ і навучылася бязьлітасна выкідаць з жыцьця тое, што мне не пасуе. Раней я магла яшчэ сьцярпець да сямі разоў, зьнесьці тое, што чалавек нясе лухту. А цяпер лічу да трох, калі гэта знаёмы чалавек, і лічу да аднаго, калі гэты чалавек незнаёмы. Я раней думала, што некаторыя людзі дурні і таму яны груба і бесталкова размаўляюць і стараюцца раніць іншага чалавека. А цяпер бачу, што на сьвеце шмат злосных людзей, што, праўда, не касуе таго факту, што яны дурні. Злосны дурань — гэта найгоршае, што можа чалавека спаткаць. І для сябе, і для людзей ён цалкам непрыгодны. Проста выплюнуць такога чалавека і забыць.

«Тое, што расейцы прапануюць сьвету зараз, гэта нейкі эрзац, маргарын нейкі з нафты»

— Ты ня выпала з інфармацыйнай прасторы, магчыма, ня ўвесь час, але чытаеш сацыяльныя сеткі, чытаеш навіны. Што цябе за гэтыя апошнія месяцы найбольш кранула з таго, што адбываецца, зьвязанага з Беларусьсю?

— У мяне вельмі цікавае назіраньне. Я назіраю за Беларусьсю наколькі магу, як яна цяпер жыве, і за Беларусьсю, якая цяпер жыве па-за межамі Беларусі, бо мы прыкладна ўраўняліся. Тая Беларусь, якая жыве па-за межамі Беларусі, амаль ня мае доступу да Бацькаўшчыны, але затое мае свабоду. А тая ж Беларусь, якая жыве ў Беларусі, — альбо свабоды ня мае, альбо ня мае свабоды інфармацыйнай. Адно на адно выходзіць. І я зь цікавасьцю сачу, як некаторыя часткі Беларусі хіснуліся да сябе, адвярнуліся ад расейскага панаваньня ўва ўсім.

«Расейская культура» — у двукосьсі, бо тое, што расейцы прапануюць сьвету зараз, — гэта нейкі эрзац, маргарын нейкі з нафты. Дык вось, калі яны адхіснуліся ад Расеі, то ёсьць таксама вельмі цікавы трэнд у маладых людзей 18, 16, 25 гадоў, якія моцна хіснуліся да Расеі, але пры гэтым не перасталі думаць пра Беларусь, лічыць яе незалежным праектам. Мне цікава, што будзе з гэтым. Я ў гэтым нічога кепскага ня бачу, але мне цікава, наколькі людзей можна прымусіць есьці маргарын з нафты альбо, як сказаў Даўлатаў, жаваць шнуркі. І аказваецца, што нават маладых людзей можна прымусіць жаваць шнуркі. Толькі гэта надоўга ніколі не атрымліваецца, бо калі чалавеку прапанаваць жаваць шнуркі альбо есьці торт-мядовік, то ён, вядома, будзе есьці торт-мядовік. Што мне не падабаецца? Я ўжо сказала: мне не падабаецца, што людзі ня ўмеюць дачыняцца зь іншымі людзьмі. Бо мне здаецца, што з усімі, пачынаючы ад сяброў і заканчваючы лютымі ворагамі, можна размаўляць з годнасьцю і без таксычнасьці. Пры гэтым не гнучыся, ня сьцелючыся. Вось гэта мне замінае.

А ўвогуле я бачу вельмі пазытыўнай і вельмі аптымістычнай будучыню нашай краіны. Мяне, апрача Беларусі, у прынцыпе мала што настолькі турбуе. Я думаю пра яе пастаянна, як і мы ўсе, ад вялікага да малога і да старога. І думаю, што Беларусь вельмі галодная па тым, каб быць Беларусьсю, па беларускім па ўсім. Па якасным, па сьвежым, па свабодным — ня толькі па мове, культуры, літаратуры, гісторыі, але і па рэалізацыі кожнага чалавека, кожнага ў сваёй прафэсіі, на сваім месцы. Гэта істотна для нас усіх — і для нас, бел-чырвона-белых людзей, і для чырвона-зялёных людзей. Гэта вельмі істотна і важна. І не скажу, што мы зь імі лёгка паразуменьне знойдзем, бо прапаганда — атрутная штука. Гэта менавіта гвалтоўная камунікацыя ў сваёй самай горшай праяве. Але мы знойдзем агульнае, бо ў нас ёсьць агульная краіна.

І яшчэ што мяне зьдзівіла, і пацешыла, і прымусіла задумацца, — гэта беларуская ісламафобія. Апошні кейс зь дзяўчынай, з Жасьмін, якая захацела хусткі прадаваць. Я пачала чытаць камэнтары і ўбачыла, што праблема там ня ў хустках, а ў тым, што ў ісламу вельмі кепскі піяр, і гэты піяр створаны самім ісламам, перш за ўсё ягонымі прыхільнікамі. І што беларусы аналізуюць, думаюць. Яшчэ з гэтых кейсаў уявілася, што ў людзей вялікая энэргія супраціву назьбіралася. Калі можна было выказаць сваё рашучае «не» і не атрымаць за гэта па галаве, ня трапіць у турму, ня быць рэпрэсаваным, раздушаным і абцёртым аб асфальт, то яны ўсе вельмі рэзка выступілі супраць таго, чаго яны сабе не жадаюць, а менавіта ісламізацыі сьвецкага жыцьця. Я ўпэўнена, што калі толькі зьнікне гэты рэпрэсіўны прэс, то пратэст будзе яшчэ мацнейшы, чым у 2020 годзе, бо ёсьць голад, ёсьць імкненьне, ёсьць сіла. Людзі хочуць жыць сваё адзінае жыцьцё як людзі, а не як дэфэктыўныя дзеці.

«Гэтыя нязьбітыя лётчыцы мне вельмі дапамаглі»

— Часам людзі ня ведаюць, як размаўляць з сваімі сябрамі, знаёмымі, якія маюць анкалягічныя дыягназы. Што б ты параіла — пра што не пытацца, як гаварыць? Ці гаварыць і не зьвяртаць увагі? Як гэта для цябе працуе?

— Я ўдзячная тым, хто вельмі мала і рэдка са мной размаўляў. Разумееш, ёсьць жа ўнутранае кола, сям’я і вельмі блізкія сябры. І яны мяне абслугоўвалі цалкам. Я нават хадзіць не магла, я не магла сама да прыбіральні дайсьці. Дыхаць не магла. І яны мне дапамагалі. І ўсе мае сябры далейшага кола — першага, другога, трэцяга, чацьвёртага, сама ж разумееш, што сябры бываюць блізкія і далёкія — ад блізкіх сяброў да проста знаёмых. Яны амаль усе былі вельмі стрыманыя, і яны мне папросту мала пісалі, і амаль ніхто не званіў. Я за гэта была ўдзячная, бо ў чалавека раптам робіцца вельмі мала сілы, але ён хоча адказваць добрым людзям, разумееш? І хвораму чалавеку даводзіцца рабіць вялізныя высілкі. Трэба дазаваць дачыненьні. Асабліва ня трэба ўступаць без запросу ў тэлефанаваньні, альбо, крый Божа, проста прыходзіць дахаты, гэта ўжо было б увогуле скандалічна. Гэта першае.

Другое — ня трэба казаць: «Усё будзе добра». Бо мы ня знаем, ці ўсё будзе добра. Чалавек у сваім розуме. Ён ведае пра сваю хваробу шмат, ён дачыняецца зь лекарамі, ён чытае статыстыкі, ён можа нават зьвярнуцца да штучнага інтэлекту, і яму скажуць, што ўсё не зусім добра. Вось ня трэба казаць пустыя словы і пустыя суцехі. Але мне дапамагалі вельмі мае блізкія сябры, якія дзяліліся са мной гісторыямі посьпеху, гісторыямі вылячэньня. Таксама ў такім пасіўным стылі. Яны не пісалі мне: «Сьвета, як справы? Як ты сябе сёньня адчуваеш?» Яны мне проста дасылалі гісторыі — што, калі ласка, пазвані Магдалене, альбо пазвані Мэйкі. Мае сябры жывуць у розных краінах, яны мне слалі кантакты і адрасы жанчын, у якіх таксама рак яечніка чацьвёртай ступені і якія з гэтага выйшлі. Вось гэтыя нязьбітыя лётчыцы мне вельмі дапамаглі выкараскацца, бо яны мне далі надзею. І зноў жа мне вельмі дапамог Станіслаў Салавей, беларускі лекар-анколяг. Ён мяне папросту навучыў успрымаць гэтую хваробу як хваробу, а ня як канец сьвету. Вось так, як ён размаўляе з хворымі, трэба ўмець размаўляць. Юля Чабуніна, якая таксама прайшла праз гэта, мне вельмі дапамагла, бо яна мне ўсё расклала на першасныя чыньнікі — як гэта будзе адбывацца, які спосаб лячэньня. Вельмі мне шкодныя людзі, якія трэсьліся і крычалі: «Чаму ты нічога ня робіш? Чаму ты не бяжыш туды-сюды? Чаму ты чакаеш вынікаў аналізу і не зьвяртаесься да іншых лекараў?»

Гэта выклікала ў мяне страшную трывогу, а нічога іншага я не магла зрабіць. Я магла толькі ўвайсьці ў пратакол і чакаць вынікаў аналізу. І ў мяне было такія тры-чатыры тыдні, калі я нічога не магла зрабіць. І людзі ўсе рабілі ў мяне найстрашнейшую паніку.

Я ўдзячная ўсім і кожнаму, бо ўсё гэта рабілася з ласкі да мяне і з дабра. Але я проста апавядаю, як я рэагавала. Пры гэтым пры ўсім у мяне ні ценю жалю ні да кога. Я не атрымала ніводнага пажаданьня здохнуць, хоць чакала, што атрымаю такіх. Нават ніводзін чырвона-зялёны чалавек мне нічога такога не напісаў. Я ўсім за гэта ўдзячная. Так што для такога хворага чалавека трэба, каб блізкія яго атачылі апекаю неабходнаю, а трошкі далейшыя атачылі яго цішынёй і спакоем. І, вядома, я не магу сказаць табе, наколькі мне былі патрэбныя грошы. Я ўсё жыцьцё мала зарабляла і мала пра гэта клапацілася. А вось калі прыперла, то мне людзі дапамаглі. Сабралі ў разы болей, чым я прасіла, чым мела неабходнасьць. І я мела магчымасьць траціць на ўсялякія спадарожныя патрэбы — мэдычныя і не мэдычныя. А бяз гэтых грошай я б сабе рады не дала.

Такія мае высновы: пакідаць у спакоі, даваць прастору, не суцяшаць пустымі словамі, а суцяшаць канкрэтнымі прыкладамі і рабіць канкрэтныя справы. Дарэчы, людзі прапаноўвалі што-небудзь згатаваць сваімі прыўкраснымі ручкамі альбо прыбрацца ў хаце. Гэтага цяпер ужо ня так і патрэбна, бо ў вялікіх гарадах і ў малых гарадах ёсьць анкалягічны катэрынг, вельмі танны. Ёсьць убэры, якія цябе давязуць у шпіталь са шпіталя. Гэта ўсё ёсьць. І яшчэ мне вельмі гарэла душой, былі вельмі важныя гэтыя артэфакты, сувэніры, зробленыя сваімі рукамі, паштовачкі, упрыгожаньні, кніжкі, малюнкі, якія мне стараліся даслаць — многа я іх атрымала.

І ведаеш, мне дапамагла аўра любові. Бо старая мэдсястра ў маім шпіталі мне сказала, што ніколі ня бачыла жанчын з маім дыягназам, якія б так сябе добра адчувалі пасьля хіміі, маючы аж столькі ракаў у сабе. Яна гаворыць: «Верагодна, за цябе нехта важны моліцца». І я сказала: так, за мяне моляцца вельмі вельмі важныя людзі. Людзі замаўлялі на цэлы год імшы. Людзі маліліся за мяне ў некалькіх касьцёлах па ўсім сьвеце. Я табе скажу, што гэта дае такую аўру падтрымкі.

Чалавек, дапусьцім, уначы прыходзіць у адчай, яму кепска, і раптам зьніадкуль зьяўляюцца сілы, і чалавек не памірае, а чакае раніцы. Бо людзі збольшага раніцай паміраюць — ад другой да чацьвёртай гадзіны ночы, у час адчаю, у час быка. І вось тады гэтыя малітвы людзкія — яны за мяне прасілі, каб я жыла. Яны да мяне даходзілі імпульсам вялікім. Я так выжыла.

«Як мне цяпер пісаць, дзейнічаць, ці радавацца Калядам, калі ў мяне нібыта марская хвароба»

— Я ведаю, што ты няхутка пішаш. А ці ёсьць натхненьне пісаць? Ці пішаш, што пішаш?

— Натхненьне ёсьць. Я ўвесь час пісала. Проста мая кніжка ўвесь час мяняецца. Яна ў мяне жывая такая істота. Памятаеш міт пра Антэя? Гэта той, які адчувае сілу, калі стаіць на зямлі. І як Геракл яго заціснуў у рукі, адарваў ад зямлі, і Антэй пачаў мяняцца з рыбы ў зьмяю, зь зьмяі ў ільва, з ільва там яшчэ ў нейкае магутнае страшнае стварэньне. Гэта мая кніжка такая, як Антэй, яна зьмяняецца. Мы зь ёй адарваныя ад зямлі, бо на Бацькаўшчыне было б прыемнай і лягчэй пісаць. Але мая кніжка відазьмяняецца, у што яна выльецца, невядома.

Калі я атрымала дыягназ, у мяне былі вельмі маленькія шанцы на выжываньне. Я была ўпэўнена, што больш нічога не напішу. Але цяпер паступова пачынаю вяртацца да сябе і пішу сабе, пішу і пішу. Мне цяпер вельмі кепска пасьля апэрацыі. У сэнсе, мне нічога не баліць, але ў мяне ж там кішкі памяшалі, выразалі з кішак там усё, і з мачавога пухіра, і з чаго там толькі не выразалі. І ў мяне цяпер там усё перамешана, мяне пастаянна ванітуе. І я пастаянна то хачу, то не хачу ў прыбіральню. Бегаю гойсна, нічога не атрымліваецца. Ты сабе ўяўляеш, як чалавек жыве з такой няпэўнасьцю. Чалавек вельмі прывязаны да сваёй сыстэмы страваваньня і выдаленьня. І вось як мне цяпер пісаць, дзейнічаць, ці радавацца Калядам, калі я пастаянна знаходжуся ў стане, нібыта ў мяне марская хвароба.

Але пройдзе і гэта, пройдзе і гэта. Я ўжо адчуваю, як яно праходзіць. І тады, я ўпэўнена, у мяне яшчэ будуць сьветлыя і ясныя дзянькі.

«Мне аж няёмка, якое вялікае жыцьцё мая кніга атрымала»

— Я размаўляла калісьці зь Святланай Алексіевіч, і яна сказала, што ў жаночым выдавецтве, якое яна заснавала, самая камэрцыйная кніга, якая найлепш прадаецца, самая прыбытковая — гэта твая кніга «Па што ідзеш, воўча?». Якое ня толькі кніжнае жыцьцё жыве твае кніга? Як шмат яе перакладаў?

— Мне аж няёмка, якое вялікае жыцьцё мая кніга атрымала. У Люблінскім тэатры — вельмі сурʼёзны спэктакль па ёй. І мне вельмі многа людзі пішуць, што яны таксама гэта ўсё перажывалі, што іхныя семʼі гэта ўсё перажывалі, што я ім дала сілы жыць і зноў павярнуцца да беларускасьці, да сонца, хоць кніжка, здавалася б, і ня вельмі вясёлая.

Я вельмі ўдзячная гэтай кнізе. Я навучылася яе паважаць. Мне спадабалася паважаць і сябе, і сваю творчасьць, бо чалавек усё пра сябе ведае — дзе ён недапрацаваў, дзе перапрацаваў, дзе сфальшаваў. Вось я навучылася гэтую кніжку паважаць пасьля таго, як многія людзі напісалі мне, што яна перавярнула іхнае жыцьцё, і надала яму смак, і прыбрала значнае каліва адчаю, які цяпер разьліты ў паветры. Мне здаецца, ужо шэсьць ці сем перакладаў ёсьць на розныя мовы. І яшчэ будуць пераклады: рыхтуецца пераклад на гішпанскую, на ангельскай будзе кніжка, і будуць пераклады на меншыя, але вельмі цікавыя мне асабіста мовы.

«Я думаю, што Гасподзь схаваў для мяне падарунак»

— Ці ты загадваеш на Каляды ці на Новы год жаданьні?

— Маё жаданьне вельмі сьціплае — прыбраць хату. За гэтыя сем месяцаў я істотна яе загадзіла, у мне няма сілаў прыбіраць, а сын усяго на сваіх плячах мужчынскіх, юначых не папрэ. Я цяпер так думаю, што Гасподзь схаваў для мяне падарунак. Гэты падарунак чакае мяне за рогам. І я гэты падарунак атрымаю, разгарну і ўбачу, што ж такое хоча падараваць мне Гасподзь. Я цяпер вельмі люблю сябе паводзіць як дзіця перад Калядамі, сэрца якога замірае, бо яно ня ведае, што пад елачкай раніцай будзе. Вось у мяне такое самае адчуваньне, што я ў піжаме, зараз пабягу ў залю, дзе мае бацькі паклалі некалькі падарункаў пад елку.

На шчасьце, я мела шчасьлівае дзяцінства, і кожныя Каляды аж да 14 гадоў я атрымлівала такія падарункі. Вось цяпер у мяне такое чаканьне падарунку вялікага. Гэта можа быць чорны падарунак, можа быць белы падарунак. Адначасова я чакаю нейкага мэтафізычнага, містычнага, радаснага, агністага падарунку, і я ўпэўнена, што яго дачакаю. Гэта раз. А па-другое, жаданьні зямныя, ня вельмі простыя. Прыбраць хату менавіта самой, не выклікаючы клінінгу, не прымаючы чужой дапамогі. Прыгатаваць ласося. Я вельмі люблю ласося. Схадзіць паглядзець на ілюмінацыю. Я ўпэўнена, што і мая будучыня, і будучыня Беларусі, нягледзячы ні на што, дастаткова цікавая. Я ня вельмі баюся за сябе і ня вельмі баюся за Беларусь.

Каментары9

  • Сябры
    05.01.2026
    Моцнага здароўя і Боскай дапамогі, дарагая Святлана!
  • Жанчына
    05.01.2026
    Альбук, ну і што? Правільна рабіла, калі агітавала вакцынавацца.
  • Не чапай
    05.01.2026
    240 лет русификации сделали свое дело: 90% белорусов говорят по русски и не стремятся белорусизовпться. А деление нас на бело-красно-белых и красно-зеленых считаю примитивным и поверхностным. Как в том кинофильме:"Василий Иванович, а ты за большевиков или за коммунистов?" "Я за интернационал!" :))

Цяпер чытаюць

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока1

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму пакаленне Z не ўмее працаваць у офісе14

Новым кіраўніком Ірана абралі сына забітага аяталы Хаменеі15

У Беразіне прачнуліся пчолы. Дзяўчынка, якая іх пабачыла, скарыла тыкток1

Беспілотнік атакаваў консульства ЗША ў Дубаі ВІДЭА

Трамп заявіў, што вайскоўцы ЗША могуць пачаць суправаджаць танкеры ў Армузскім праліве2

Каля берагоў Лівіі загарэўся расійскі танкер3

У Калінінградзе дэмантавалі рэкламу па-беларуску. Кажуць, што за кампанію з іншай на замежных мовах10

Ананімнасці ў сеціве больш няма: ШІ знаходзіць рэальных людзей за хвіліны8

«Беларусы і ў Дубаі беларусы». Як суайчыннікі арганізавалі дапамогу тым, хто не можа вярнуцца дамоў праз закрытае неба3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока1

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць