У Брэсце на некаторыя машыны сталі клеіць жоўтыя налепкі. Што яны азначаюць?
У Брэсце ўладальнікі 22 аўтамабіляў знайшлі на шкле жоўтыя налепкі — гэта афіцыйнае папярэджанне з патрабаваннем прыбраць неэксплуатаваны транспарт, піша выданне autogrodno.by.

Сумесную праверку правялі супрацоўнікі аддзела ЖКГ адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста і ДАІ. Яны аглядалі двары і прыдарожныя тэрыторыі, звяртаючы ўвагу на машыны без нумарных знакаў, са слядамі доўгага прастою і відавочнымі няспраўнасцямі.

У выніку выявілі 22 аўтамабілі, якія гадамі займаюць парковачныя месцы, ніколі іх не пакідаючы. На кожны з іх наклеілі інфармацыйнае папярэджанне з патрабаваннем у найбліжэйшы час прыбраць транспарт.

Такія машыны ствараюць шэраг праблем: займаюць месцы на стаянках, перашкаджаюць прыбіранню тэрыторыі ў розныя поры года і могуць ускладняць праезд хуткай дапамогі або пажарных службаў.

У Ленінскім раёне горада меры ўжо сталі больш жорсткімі — акрамя папярэджанняў пачалі прымяняць эвакуацыю. Нядаўна з вуліц Аэрадромнай, Лейтэнанта Рабцава, Машэнскага і Камерцыйнай вывезлі пяць аўтамабіляў. Акцыю правялі сумесна раённая адміністрацыя і гарадскія службы.
Каментары