«Будаўнічая індустрыя на Азорах — такая ж антыглабалісцкая, як і ўсё ў астраўным вымярэнні. Перадусім гэта рэнавацыя старых дамоў, да якіх нарэшце дабраліся нашчадкі», — дзеліцца ён у фэйсбуку назіраннямі.

Журналіст Ігар Карней, які доўгі час працаваў на «Радыё Свабода», пасля вызвалення і дэпартацыі з Беларусі жыве разам з жонкай на Азорскіх астравах. Днямі ён падзяліўся ў фэйсбуку, што пайшоў у будаўнікі.
«Амаль месяц спасцігаю азы занятку, які дагэтуль быў аматарствам. Замяшаў і перацягаў тоны цэменту, дэмантаваў кіламетры пліткі і гіпсакартону, раздзяўбаў перфаратарам акамянеласці ўтрамбаваных падлогаў, нарэшце, асвоіў інструмент, пра існаванне якога меў самыя аддаленыя ўяўленні», — піша ён.
Прызнаецца, што фізічна тое далася няпроста — і ўзрост, і пару гадоў за кратамі даліся ў знакі. Але журналіст ніколі не цураўся фізічнай працы — «вёска так ці інакш прымушае трымацца ў тонусе».
Ігар Карней дзеліцца назіраннямі пра будоўлю на Азорскіх астравах.
«Будаўнічая індустрыя на Азорах — такая ж антыглабалісцкая, як і ўсё ў астраўным вымярэнні. Перадусім гэта рэнавацыя старых дамоў, да якіх нарэшце дабраліся нашчадкі. Якраз наткнуўся на статыстыку, што на тэрыторыі Партугаліі блізу трохсот тысяч занядбаных «руінаў», якія перайшлі ў спадчыну і з розных прычынаў працягваюць разбурацца. Як правіла, або спадчынныя спрэчкі, або агульная абыякавасць абарыгенаў. Лепш задаволіцца мінімалісцкім спакоем, чым упрагацца ў непазбежныя немалыя траты. А прага да гігантызму відавочная: калі ўжо і замахваюцца, то дом на 300 метраў — гэта мінімальны стандарт.
Дык вось паколькі закінутыя будынкі не задзейнічаныя ў жылым фондзе, цэннікі на любую прыдатную нерухомасць завоблачныя — як набыць, так і арэндаваць. Свой унёсак робяць і багатыя інвестары — найперш бразільцы, амерыканцы, канадцы, немцы, стымулюючы і без таго пераацэнены рынак.
Хтосьці будуе з нуля, каб пераехаць дажываць з відамі на акіянічныя заходы, а нехта скупляе развалюхі, каб аднавіць ужо паводле ўласных праектаў. На двух з трох аб’ектаў, якія давялося вахтавым метадам абскакаць за гэты час, замоўнікі якраз дыстанцыйныя — брытанка, якая будуе «базу» для збору раскіданых па ўсім свеце сваякоў, і немка, тая ўжо з іншай крайнасцю — стварыць парадайз для катоў. І яшчэ маладая сям’я, якраз якасна абнаўляе дзедаўскія апартаменты».
У брыгадзе беларускага журналіста — украінец, малдаванін, рускі.
«Балазе, усе з адэкватным успрыняццем рэальнасці. Толькі адзін шмат маладзейшы, астатнія — старой закваскі. Ніхто не марыў пра будаўнічыя перспектывы, так склаўся лёс, хрусь — і папалам», — жартуе Карней.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Судя по работе в строительстве, скорее всего нелегально, именно в этой отрасли нелегалы обычно работают