Сацсеткі абмяркоўваюць выступ Джасціна Бібера на фестывалі, за які яму заплацілі 10 мільёнаў даляраў. Што там такога?
Выступ Джасціна Бібера на Coachella-2026 стаў адным з самых незвычайных у гісторыі фестывалю: прыкладна траціну 90‑хвіліннага сэта ён проста сядзеў на сцэне з ноўтбукам, гартаў YouTube, глядзеў старыя відэа з сабой і падпяваў уласным юнацкім хітам.

У суботу, 11 красавіка, Джасцін Бібер выйшаў на галоўную сцэну аднаго з найбуйнейшых музычных фестываляў у ЗША — Coachella (Каліфорнія). Звычайна хэдлайнеры тут ладзяць маштабныя шоу з пастаноўкамі, святлом і спецэфектамі.
Як піша Business Insider, сам факт з’яўлення 32‑гадовага спевака стаў падзеяй: у апошнія гады Бібер амаль не выступаў і неаднаразова адмяняў туры — яго Justice Tour у 2022 годзе спыніўся на паўдарозе, як і ранейшы Purpose Tour (2016—2017). У апошнія гады ён з’яўляўся перад публікай толькі эпізадычна: з кароткімі нумарамі на ўручэннях прэмій або як нечаканы госць на чужых канцэртах.
Калі яго абвясцілі хэдлайнерам Coachella, адразу з’явіліся пытанні, колькі намаганняў ён укладзе ў гэтае гучнае і дарагое мерапрыемства. У выніку спявак, які, паводле медыя, атрымаў каля 10 мільёнаў даляраў, абмежаваўся мінімалістычным сэтам.
Замест вялікага шоу з танцорамі і пастаноўкай ён выйшаў на сцэну ў простым вобразе — у шортах і худзі — і фактычна ператварыў канцэрт у імправізаваную «хатнюю сесію».

Прыкладна траціну свайго 90‑хвіліннага выступу Бібер правёў, седзячы за ноўтбукам і шукаючы на YouTube свае старыя відэа: уключаў іх і падпяваў сабе маладому. Спявак таксама шукаў старыя мемы з сабой і вяртаўся да вірусных ролікаў, якія калісьці зрабілі яго папулярным.
У гэтым «настальгічным блоку» прагучалі яго галоўныя раннія хіты, у тым ліку Baby, Never Say Never і іншыя песні, дзякуючы якім ён стаў вядомым.
Частку канцэрта спявак пабудаваў як узаемадзеянне з аўдыторыяй: прапаноўваў фанатам пісаць у каментарах, якія песні яны хочуць пачуць, і падбіраў іх проста падчас выступу.
Менавіта гэты момант стаў вірусным. Калі Бібер на сцэне шукаў чарговае відэа, Кэці Пэры, якая была на фестывалі ў суправаджэнні былога прэм’ера Канады Джасціна Трудо, пажартавала: «Дзякуй Богу, што ў яго ёсць YouTube Premium — не давядзецца глядзець рэкламу». Відэа з яе рэакцыяй хутка разышлося ў сетках і стала адным з галоўных мемаў фестывалю.
Рэакцыя на выступ аказалася палярнай: адны гледачы называлі яго «лянівым» і няўдалым, іншыя ж, наадварот, ацанілі шчырасць, настальгію і саму ідэю — вяртанне да таго часу, калі Бібер стаў вядомым дзякуючы YouTube.
У 2026 годзе спявак, паводле медыя, стаў самым высокааплатным хэдлайнерам у гісторыі Coachella, а фанаты ўжо жартуюць, называючы фестываль «Біберчэлай».
Каментары