Меркаванні6565

Ты рускамоўны чалавек свету ці ты чалавек беларускі? Кейс Насты Рагатко

Беларускае пытанне павінна быць абавязкова асобным ад расійскага і ў тэорыі, і на практыцы, — гэта прынцыпова, гэтага мы ў апошнія гады дабіліся, і ад гэтага нам адступаць нельга. Ні ў якія інстытуцыйныя, фармальныя альянсы з расійскімі дэмакратамі беларускія сілы ўступаць не павінны ні ў якіх абставінах, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Наста Рагатко на кірмашы BebelPlatz з расійскім апазіцыянерам Іллёй Яшыным. Фота: facebook.com/nastya.rahatko

Бачу ў стужцы шмат водгукаў адносна ўдзелу Насты Рагатко ў кніжным кірмашы BebelPlatz і яе каментара з гэтай нагоды. Мне здаецца, часта ў гэтых водгуках, як і ўвогуле ў кейсах, дзе нейкім чынам задзейнічаныя «харошыя рускія», занадта шмат эмоцый і махання шашкамі. Што натуральным чынам замінае аб'ектыўнай ацэнцы сітуацыі.

Як па мне, у самім факце таго, што хтосьці з беларусаў удзельнічае ў нейкіх арганізаваных «харошымі рускімі» мерапрыемствах у якасці госця, няма нічога кепскага. Наста Рагатко абсалютна мае рацыю ў тым, што не трэба сядзець у сваёй шкарлупіне і трымаць сваю праўду ці ціхенька пры сабе, ва ўласных асяродках, ці рэтрансляваць яе ў строга вызначаных кірунках — вось туды будзем, а туды прынцыпова не будзем.

Калі некуды запрашаюць і табе самому ёсць што сказаць — то чаму б і не схадзіць ды не паўдзельнічаць, калі сама кампанія не таксічная апрыёры? А кампанія, напрыклад, таго ж згаданага ў допісе Рагатко Іллі Яшына — усё ж такі не такая, што пайсці з ім папіць кавы люты зашквар і вечная дыскрэдытацыя. Хоць, канешне, і не анёл з крылцамі. Дык мы ўсе не анёлы.

Пытанне тут больш не ў самім удзеле як такім, а ў самапрэзентацыі — удзельнічаеш ты проста як абстрактны рускамоўны «чалавек свету», ці як чалавек беларускі, які падчас камунікацыі і публічнай, і прыватнай дае зразумець, што, нягледзячы на ўсе ўзаемныя магчымыя сімпатыі, мы — іншыя, і ў нас свая дарога.

Прытым зразу агаваруся і падкрэслю — я зусім не замахваюся па права кожнага чалавека прыватна рабіць так, як яму самому хочацца, у тым ліку і быць касмапалітычным «чалавекам свету». Гэта права, як той казаў, свяшчэннае і непарушнае. Проста гэты кейс, у тым ліку і з падачы самой Насты Рагатко, стаў для беларусаў грамадска значным, і толькі таму я яго ацэньваю менавіта з грамадскай пазіцыі, беручы Насту не як індывідуума, а як частку супольнасці.

Увогуле тут мы непазбежна выходзім на больш шырокую праблему — якія адносіны павінны быць паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і рускімі антыпуцінцамі дэмакратычных поглядаў?

На маю думку, дакладна недарэчнай пазіцыяй (хоць у пэўнай ступені для многіх і зручнай) з'яўляецца вядзенне, — і тым больш свядома арганізаванае, — адкрытай вайны паміж дзвюма супольнасцямі. Усё ж такі на гэтым этапе мы з'яўляемся сітуатыўнымі саюзнікамі — як у іхніх, так і ў нашых інтарэсах знаходзіцца звяржэнне ў Расіі пуцінскага рэжыму, што з вялікай верагоднасцю адкрые акно магчымасцяў і для беларусаў. Тое, што расійскія дэмакраты да гэтага імкнуцца — гэта супер, і калі з нашага боку на нейкім этапе ім трэба нейкая канкрэтная падтрымка, то мы можам яе аказваць. Як і яны нам.

Ключавое толькі — каб пры гэтым заўсёды памятаць і трымаць у галаве свае ўласныя інтарэсы і не перакрочваць «чырвоныя лініі».

Лініі ж гэтыя, на маю думку, маюць пралягаць у тым сэнсе, што супрацоўніцтва паміж намі быць можа, але толькі тады, калі яно не ператвараецца ў залежнасць.

Беларускае пытанне павінна быць абавязкова асобным ад расійскага і ў тэорыі, і на практыцы, — гэта прынцыпова, гэтага мы ў апошнія гады дабіліся, і ад гэтага нам адступаць нельга. Ні ў якія інстытуцыйныя, фармальныя альянсы з расійскімі дэмакратамі беларускія сілы ўступаць не павінны ні ў якіх абставінах, бо ў іх рамках не будзе роўнасці, а заўсёды будуць дамінаваць яны — у гэтым не трэба мець ілюзій. Не кажучы пра тое, каб прымаць ад расіян нейкае фінансаванне нават у цяжкіх умовах. Тут ужо «коготок увязнет — всей птичке пропасть». Думаю, гэтага не трэба тлумачыць.

І ўжо цяпер прынамсі тым «харошым рускім», якія здольныя ўспрымаць аргументы, варта тлумачыць: «прекрасная Россия будущего», калі вам нават нейкім цудам яе ўдасца пабудаваць — яна не для нас, хоць у прынцыпе мы і зацікаўленыя, каб за ўсходняй мяжой была нармальная краіна, а не вось гэта во ўсё.

У нашы планы на будучыню не ўваходзіць удзел у вырашэнні расійскіх праблем, бо мы, у адрозненне ад Расіі — дастаткова кампактная еўрапейская краіна, якая пасля вырашэння галоўных на сённяшні момант пытанняў можа і павінна ўзяць курс на еўраінтэграцыю. І рашэнні адносна нашай будучыні прымаць толькі нам, а вы мусіце іх толькі прымаць як ёсць.

Бо вы — толькі сітуацыйна-тактычныя саюзнікі, у той час як украінцы, палякі, балтыйскія народы — натуральна-стратэгічныя. І акурат ад разумення ці неразумення вамі гэтых тонкіх момантаў залежаць і цяперашнія адносіны, і перспектывы супрацоўніцтва.

І вось калі беларус, які мае сувязі з «харошымі рускімі» і ўдзельнічае ў іх мерапрыемствах, нешта падобнае паслядоўна праводзіць і прыватна, і публічна, а не спявае песню пра «мы же братья» — то ў мяне асабіста няма да яго ніякіх прэтэнзій. Бо, і тут зноў пагаджуся з Настай Рагатко, наш голас павінен гучаць паўсюль — і гэта пытанне суб'ектнасці.

Каментары65

  • Хутаранін
    04.05.2026
    Можна дадаць: калі цябе запрашаюць на расійскі івэнт, загадзя папярэджвай, што будзеш выступаць па-беларуску, і прасі перакладчыка. Калі ж у такой просьбе будзе адмоўлена, проста не прымай запрашэнне.
  • на імперскай мове толькі ГУЛАГ і магчыма пабудаваць
    04.05.2026
    дзякуй НН, цалкам згодны з Аляксандрам Пашкевічам. Як ж мяне стаміла масквацэнтрычнасць "неверагодных", калі яны ужо зразумеюць што на імперскай мове толькі ГУЛАГ і магчыма пабудаваць, усё.
  • пушкіну і талстому імерыя плаціла добрыя грошы за імперыялізм
    04.05.2026
    "удзельнічаеш ты проста як абстрактны рускамоўны «чалавек свету», ці як чалавек беларускі, які падчас камунікацыі і публічнай, і прыватнай дае зразумець, што, нягледзячы на ўсе ўзаемныя магчымыя сімпатыі, мы — іншыя, і ў нас свая дарога." +1. дадам і пушкіну і талстому імерыя плаціла добрыя грошы за імперыялізм. Цікава было бы запытаць і Фядуту (НН можа гэта зрабіць?) прааналізаваць Літвінскі верш пушкіна верш з нашай Беларускай перспектывы. Ён як мы ведаем прафесійны ў РБ пушкініст

Цяпер чытаюць

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

ЦРУ папярэдзіла еўрапейскія ўрады аб магчымай атацы расійскіх дронаў на Іспанію, Францыю або Італію5

«На ракеце». Зяленскі рэзка адказаў расійскім журналістам17

У Беларусі можна цалкам законна прадаваць і купляць кватэры і машыны за даляры. Вось як гэта зрабіць7

«Усе мамкі, не разбіраючыся, супраць». Ціханоўскі падзякаваў мужчынам за непублічную падтрымку95

Пачобут у ЗША сустрэўся з Коўлам ФОТАФАКТ2

Сі Дзіньпін прыбыў у ЗША з трохдзённым візітам, Трамп асабіста сустрэў яго ў аэрапорце5

Навукоўцы знайшлі пах, які прымушае людзей больш траціць у сэканд-хэндах

Навукоўцы высветлілі, дзе на Зямлі найбольшыя шанцы перажыць глабальную катастрофу4

«Ён выбраў мяне сам». У Гомелі 19‑гадовая дзяўчына збірае грошы на ўласнага каня5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць