У Мінску сварка паміж мужчынам і жанчынай, якія знаходзіліся ў рамантычных адносінах, скончылася нажавым раненнем. На лаве падсудных апынулася 46‑гадовая жыхарка Мінскага раёна, раней не судзімая. Яе абвінавацілі ў наўмысным нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Паводле матэрыялаў справы, увечары пара сустрэлася і пайшла ў кавярню, пасля чаго накіравалася ў кватэру мужчыны на вуліцы Рагачоўскай. Там яны далей ужывалі алкаголь.
Урэшце паміж імі ўзнік вербальны канфлікт, а ў пэўны момант мужчына кінуў у жанчыну кавалак торта. Пасля гэтага яна пайшла памыцца, а затым узяла з ракавіны кухонны нож і ўдарыла ім мужчыну ў жывот.
Пасля здарэння жанчына памыла нож ад крыві. Хуткую дапамогу яна выклікаць адмовілася, таму пацярпелы зрабіў гэта сам. Мужчыну даставілі ў бальніцу. Эксперты прызналі траўму цяжкай і небяспечнай для жыцця.
Жанчыну затрымалі і распачалі супраць яе крымінальную справу. У судзе яна прызнала віну толькі часткова, сцвярджаючы, што нанесла раненне нібыта ненаўмысна.
Суд, аднак, прызнаў яе вінаватай у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію».
Каментары
Трэба пачаць змагацца з дамашнім гвалтам у краіне, а то гэта не справа!