Свет1212

Самая шчаслівая краіна ў свеце апынулася ў лідарах па смяротнасці ад наркотыкаў

Фінляндыя шмат гадоў узначальвае сусветныя рэйтынгі шчасця, але за гэтым іміджам хаваецца іншая рэальнасць: краіна стала адным з антылідараў у Еўропе па смяротнасці ад наркотыкаў, асабліва сярод моладзі. Як такое магчыма?

Хельсінкі. Фота: Jon Hicks / Getty Images

Паводле World Happiness Report, ні ў адной краіне свету няма больш задаволеных жыццём людзей, чым у Фінляндыі. Улады краіны актыўна прасоўваюць гэты імідж. Як піша Tagesspiegel, у красавіку Міністэрства замежных спраў Фінляндыі прадставіла новую PR-стратэгію пад дэвізам «Making happiness happen» («Ствараючы шчасце»).

Але за гэтым вонкавым вобразам хаваецца істотная праблема — Фінляндыя мае адзін з самых высокіх узроўняў смяротнасці ад наркотыкаў у Еўропе.

Паводле статыстыкі, на душу насельніцтва тут памірае ад наркотыкаў прыкладна ў паўтара разу больш людзей, чым у Германіі. У «рэкордным» 2023 годзе ў краіне з насельніцтвам каля пяці з паловай мільёнаў чалавек ад перадазіроўкі памерла 310 чалавек. Гэта амаль удвая больш, чым колькасць загінулых у дарожна-транспартных здарэннях. Пры гэтым смяротнасць сярод людзей да 25 гадоў за адзін год амаль падвоілася, і ў гэтым узроставым сегменце Фінляндыя выйшла ў антылідары па ўсёй Еўропе.

Праблема не толькі ў маштабах ужывання, але і ў тым, як у краіне арганізаваная дапамога залежным. Паводле ацэнак, толькі кожны пяты жыхар з нарказалежнасцю атрымлівае хоць нейкую тэрапеўтычную падтрымку. Чаканне на замяшчальную тэрапію можа цягнуцца месяцамі, а так званыя бяспечныя пакоі для ўжывання наркотыкаў, якія ў іншых краінах выкарыстоўваюцца для зніжэння шкоды, у Фінляндыі застаюцца незаконнымі.

Адначасова дзяржава апошнія гады скарачае фінансаванне сацыяльнай і медыцынскай сферы. Рэч у тым, што Фінляндыя эканамічна амаль не аднавілася пасля фінансавага крызісу 20‑гадовай даўніны. Паводле звестак нацыянальнага статыстычнага ўпраўлення, на канец 2025 года запазычанасць краіны перавысіць 250 мільярдаў еўра.

На мінулым тыдні чатырохпартыйная кааліцыя ў Хельсінкі прадставіла свой фінансавы план на перыяд да 2030 года: менавіта ў сектары аховы здароўя і сацыяльнай сферы плануецца сэканоміць 240 мільёнаў еўра.

Гэтыя меры ўжо маюць наступствы. Закрываюцца або скарачаюцца праграмы, якія раней займаліся прафілактыкай наркаманіі і дапамогай нарказалежным, а кошт медыцынскіх паслуг расце.

Заменнік метадону, які можа стаць смяротным

Асобную ролю ў высокай смяротнасці адыгрывае канкрэтнае рэчыва — бупрэнарфін. У іншых краінах ён вядомы як медыкамент для замяшчальнай тэрапіі, але ў Фінляндыі з 1990‑х гадоў стаў найбольш распаўсюджаным нелегальным апіоідам. Сам па сабе ён не лічыцца надзвычай таксічным, аднак у спалучэнні з алкаголем або іншымі рэчывамі яго эфект значна ўзмацняецца і можа стаць смяротным.

Асабліва небяспечнай робіць сітуацыю тое, што перадазіроўка часта адбываецца не імгненна. Яна можа наступіць праз некалькі гадзін пасля ўжывання — звычайна, калі чалавек ужо спіць. У такіх выпадках дыханне паступова прыгнятаецца, і чалавек памірае ціха, без магчымасці своечасовага ўмяшання. Гэта моцна адрознівае фінскую сітуацыю ад большасці іншых еўрапейскіх краін, дзе, напрыклад, перадазіроўкі гераінам адбываюцца хутчэй і часцей могуць быць спынены з дапамогай антыдоту.

Гаворка пра налаксон — прэпарат, які можа выратаваць жыццё пры перадазіроўцы. У Фінляндыі ён толькі з мінулага года стаў даступны без рэцэпту, але на практыцы яго цяжка знайсці ў аптэках, а кошт застаецца высокім — да 60 еўра за набор з дзвюх доз. Акрамя таго, ананімная выдача гэтага сродку забаронена законам.

Праблему пагаршае і недаступнасць псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі. У вялікай па тэрыторыі краіне магчымасці для лячэння сканцэнтраваныя пераважна ў буйных гарадах, у той час як у рэгіёнах людзі застаюцца без падтрымкі.

Эксперты таксама адзначаюць, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзя ў краіне прыкметна вырас узровень дэпрэсій, а адзінота становіцца важным фактарам рызыкі. Асабліва ўразлівымі застаюцца маладыя людзі, якія апынуліся на ўзбочыне грамадства і часта не маюць дастатковых рэсурсаў для падтрымкі.

Сітуацыю ўскладняюць і культурныя асаблівасці: стрыманасць у выяўленні эмоцый і ўстаноўка на самадастатковасць робяць зварот па дапамогу менш верагодным.

На гэтым фоне ў краіне разгарнулася палітычная дыскусія. Частка экспертаў і ўстаноў, у тым ліку Фінскі інстытут аховы здароўя, прапануюць дэкрыміналізаваць ужыванне наркотыкаў (гаворка не ідзе пра легалізацыю), каб людзі не баяліся звяртацца па дапамогу. Аднак урад і асабліва правыя партыі выступаюць супраць, прапаноўваючы наадварот узмацняць кантроль, аж да прымусовага лячэння. Пакуль у парламенце ідэю дэкрыміналізацыі падтрымліваюць толькі зялёныя і левыя.

Каментары12

  • Мыш
    08.05.2026
    Таму што "узровень шчасця" па апытаннях - гэта больш пра сацыяльныя нормы і традыцыі грамадства ў выразе свайго эмацыянальнага стану, чым пра рэальнасць.
  • прозрачность враг коррупции
    08.05.2026
    оппозиционные СМИ начинают говорить и о проблемах ЕС, и это радует....
    Следующая катастрофа - нелегальные мигранты из Азии, Африки и Кавказа
  • Дарэчы
    08.05.2026
    У Беларусі ад самагубствау́ звыш за 1.000 у год памірае ад такой страшэннай смерці

Цяпер чытаюць

У Мінску на беларускай мове вучыцца 1,6% школьнікаў — жахлівая статыстыка русіфікацыі14

У Мінску на беларускай мове вучыцца 1,6% школьнікаў — жахлівая статыстыка русіфікацыі

Усе навіны →
Усе навіны

У Эстоніі ўхвалілі законапраект аб абмежаваннях набыцця нерухомасці беларусамі16

«У маёй кар’еры такое — упершыню». З футбольнага клуба «Мінск» нечакана ўцёк малады футбаліст5

У Венесуэле мужчына правёў пасля землятрусу пад заваламі 8 дзён. Яго ўратавала вартавая будка

У Беларусі збіраюцца спрасціць працаўладкаванне замежных дактароў і аптэкараў8

Украіна наносіць удары па расійскіх цэнтрах касмічнай сувязі. Што гэта дае?1

Эстонец выкраў у сваёй былой жонкі-беларускі дачку. Прапаганда папракае: не трэба было рабіць дзіцяці эстонскі пашпарт22

Міністр сувязі расказаў, чаго дасягнулі абмежаваннямі на безлімітны інтэрнэт8

Візіт Лукашэнкі ў М'янму працягваўся 3 гадзіны 40 хвілін1

Расія ўсё часцей выкарыстоўвае рэактыўныя дроны, каб Украіна траціла ракеты для СПА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску на беларускай мове вучыцца 1,6% школьнікаў — жахлівая статыстыка русіфікацыі14

У Мінску на беларускай мове вучыцца 1,6% школьнікаў — жахлівая статыстыка русіфікацыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць