У Літву ўпершыню не пусцілі рэйсавы аўтобус з Беларусі праз новыя санкцыі
Раніцай 5 мая ў пункце пропуску «Меднікі» завярнулі рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Коўна, піша «Люстэрка». Пасажырам давялося дабірацца да Вільні на таксі.

Як паведаміў «Люстэрку» адзін з пасажыраў рэйса Мінск — Коўна Леанід (імя зменена), раніцай 5 мая іх аўтобус не змог перасекчы літоўскую мяжу ў пункце пропуску «Меднікі». Гаворка пра рэйс, які адправіўся з аўтавакзала «Цэнтральны» а 04:00.
— Аўтобус не прапусцілі праз мяжу літоўскія мытнікі. Нам сказалі, што не паедзем далей праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Прыйшлося выклікаць таксі да Вільні з найбліжэйшай запраўкі з боку Літвы. Ці прапусцілі аўтобус пасля, паняцця не маю: трэба было спяшацца на самалёт, — распавёў Леанід.
Паводле слоў мужчыны, перавозчык не прапанаваў яму ніякай кампенсацыі за нязручнасці, што ўзніклі.
Журналіст пад выглядам працадаўцы аднаго з пасажыраў звязаўся з кампаніяй «Інтэркарс», у якой Леанід купляў білет. Там пацвердзілі, што аўтобус сапраўды не прапусцілі праз літоўскую мяжу. Па пытанні кампенсацыі параілі звярнуцца напрамую да перавозчыка — кампаніі «ІП БаерТранс». Аднак там на званкі ніхто не адказаў.
Што за новыя абмежаванні?
3 мая 2026 года ў Літве ўступілі ў сілу папраўкі да Закона «Аб абмежавальных мерах у сувязі з вайсковай агрэсіяй супраць Украіны». Яны працягнулі дзейныя санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі і ўвялі новыя.
Адно з новаўвядзенняў закранула паліва. Цяпер увозіць з Беларусі ці Расіі паліва ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронена, калі яго аб’ём перавышае 200 літраў. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.
Як паведамляла мытня Літвы, пры выяўленні перавышэння нормы 200 літраў транспартны сродак не будзе дапушчаны на тэрыторыю Літвы і Еўрасаюза і будзе развернуты назад у краіну выезду.
У выпадку нязгоды кіроўцы з такім рашэннем да яго могуць быць ужыты санкцыі, уключаючы магчымы арышт транспартнага сродку.
Каментары
литовцы творчески переработали лозунг писателя Олеши: "ни дня без строчки"