Цана пытання — 500 тысяч даляраў.

Аргенціна рыхтуецца запусціць праграму грамадзянства за інвестыцыі.
Як паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы, «залатыя пашпарты» могуць увесці ўжо сёлета. Выдаваць іх будуць у абмен на ахвяраванне ў 500 000 даляраў або куплю бескупонных суверэнных аблігацый прыкладна на мільён даляраў.
Аргенціна спадзяецца, што гэта праграма дапаможа выплаціць дзясяткі мільярдаў даляраў доўгу, з якімі краіна сутыкнецца ў бліжэйшыя гады. Краіна пакуль не вярнулася на сусветныя рынкі капіталу пасля рэструктурызацыі 2020 года і шукае розныя альтэрнатывы для прыцягнення даляраў.
Запуск праграмы адбываецца ў той час, калі рынкавы ўрад Мілея спрабуе змяніць імідж краіны, дзе падаткі на багацце і эканамічная нестабільнасць часта вымушалі яе ўласную эліту пераязджаць за мяжу. Адзін з найбагацейшых людзей краіны, мільярдэр у сферы электроннай камерцыі Маркас Гальперын, пераехаў у Уругвай у 2020 годзе.
У Аргенціне жыве 46 мільёнаў чалавек. Аргенцінскі пашпарт дае бязвізавы ўезд прыкладна ў 170 краін (з беларускім бязвізавы ўезд ці па спрошчанай сістэме — у каля 70 краін).
Каментары