У Літве дазволілі правяраць паліграфам іншаземцаў, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы
Літоўскі Сейм пашырыў спіс людзей, якіх можна правяраць з дапамогай паліграфа. Цяпер такія праверкі могуць праводзіцца ў дачыненні да іншаземцаў, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы, а таксама супрацоўнікаў кампаній і прадстаўнікоў пастаўшчыкоў, звязаных з атрыманнем або наяўнасцю сертыфіката надзейнасці пастаўшчыка, паведамляе LRT.

За гэтыя змены прагаласавала большасць дэпутатаў Сейма. Ініцыятарам паправак выступіў Другі дэпартамент аператыўных службаў.
Раней паліграфам можна было правяраць толькі пэўныя катэгорыі людзей, напрыклад, супрацоўнікаў разведкі, вайскоўцаў, чыноўнікаў і работнікаў дзяржаўных устаноў. Пры гэтым не існавала магчымасці правяраць некаторых людзей, якія мелі доступ да сакрэтнай інфармацыі, калі яны не належалі да гэтых катэгорый. Таксама не было прававой асновы для праверкі іншаземцаў.
Прадстаўнікі ўлады патлумачылі неабходнасць зменаў пагаршэннем геапалітычнай сітуацыі, актывізацыяй дзейнасці замежных разведак і павелічэннем выпадкаў спробаў вярбоўкі людзей у Літве. Новыя меры павінны дапамагчы больш поўна ацэньваць рызыкі пры выдачы дазволаў на працу з сакрэтнай інфармацыяй і пры прыняцці рашэнняў аб наданні дазволаў на жыхарства іншаземцам.
Згодна з новымі правіламі, паліграф могуць праходзіць кандыдаты ў сакрэтныя супрацоўнікі разведкі, прадстаўнікі кампаній-пастаўшчыкоў, а таксама іншаземцы, якія могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы.
Праверка таксама можа быць прызначаная, калі ўзнікаюць падазрэнні, што чалавек схаваў важныя факты сваёй біяграфіі, паведаміў няпраўдзівыя звесткі пра сябе або сваё асяроддзе.
У выпадку іншаземцаў адмова ад праходжання паліграфа будзе разглядацца як магчымы паказчык пагрозы дзяржаўнай бяспецы.
На гэты момант праводзіць даследаванні з выкарыстаннем паліграфа ў Літве могуць дзяржаўныя праваахоўныя органы, вайсковая разведка, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі і Служба спецыяльных расследаванняў.
Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта быў КДБ
Кіраўнік МЗС Літвы: Палітыка ў дачыненні да Беларусі мяняцца не будзе, змены толькі ў фармулёўках
Амаль усе лідары фракцый Сейма Літвы згодныя змяніць Канстытуцыю ў справе ядзернай зброі
На вуду расійскіх пранкераў трапіў дарадца прэзідэнта Літвы
Каментары