Айчым біў дзіця, а затым пагаліў малога, напісаў на лбе слова «злодзей» і адвёў у школу
Крымінальную справу завялі супраць жыхара Бабруйска. Высветлілася, што мужчына сістэматычна збіваў пасынка. А аднойчы пагаліў галаву дзіцяці і маркерам напісаў на ёй слова «злодзей», піша Onliner.
Вядома, што з мая да лістапада мінулага года мужчына сістэматычна ўжываў фізічны гвалт у дачыненні да пасынка. Падставай станавіліся правіны 8‑гадовага дзіцяці.
Восенню хлопчык неяк без дазволу ўзяў у айчыма грошы. «Абвінавачаны ўдарыў яго некалькі разоў рукой па галаве і твары, пасля чаго гвалтоўна пагаліў галаву, а затым нанёс на лоб надпіс «злодзей» маркерам.
На наступны дзень, выявіўшы, што надпіс быў сцёрты, ён зноў ужыў да дзіцяці гвалт, нанёс той жа надпіс на яго лоб і адвёў у школу», — вынікае з матэрыялаў суда.
Надпіс на лбе школьніка заўважыла класная кіраўніца. Далей пра здарэнне дырэктар школы паведаміла ў міліцыю. Вядома, што пасля хлопчыка забралі з сям’і.
На судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў віну часткова. Суд прызначыў бабруйчаніну пакаранне ў выглядзе хіміі без накіравання тэрмінам на 1 год 6 месяцаў. Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
Каментары
Якая цікавая фармуліроўка, раней на такое казалі "скраў".
"Вядома, што пасля хлопчыка забралі з сям’і."©
Відаць, яшчэ та сямейка.