Здароўе11

«Галоўнае не забываць падзараджаць не толькі тэлефон, але і сябе самога». Як украінскі вайсковец жыве з двума электрастымулятарамі. І што ў яго з сэксам?

Куля калібру 12,7 мм трапіла ў браняпласціну ўкраінскага дэсантніка Міхаіла «Мяуса» Дамаскіна. Броня вытрымала, але ўдар цяжка пашкодзіў хрыбет і спінны мозг. Пасля ранення дактары ацэньвалі шанцы вайскоўца на аднаўленне толькі ў адзін працэнт. Сёння ён не толькі зноў ходзіць, але і бегае, займаецца спортам і марыць вярнуцца на службу. Гэта стала магчымым дзякуючы эксперыментальнай методыцы нейрастымуляцыі. А што з сэксам і, прабачце, паходамі па-малому і па-вялікаму? Сваёй гісторыяй вайсковец падзяліўся ў інтэрв'ю ютуб-каналу «Від душі в душу».

Міхаіл «Мяус» Дамаскін. Скрын відэа: viddushivdushu / YouTube

Міхаіл Дамаскін прыйшоў служыць у 2019 годзе, падпісаўшы кантракт з Дэсантна-штурмавымі войскамі Украіны. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ён стаў адным з першых украінскіх вайскоўцаў, хто пачаў сістэмна ўкараняць беспілотную авіяцыю ў арміі. Ён прайшоў навучанне ў Турцыі на аператара Bayraktar і ўдзельнічаў у развіцці новага для таго часу кірунку разведкі.

Менавіта праз гэтую дзейнасць яго імя стала вядомым і па той бок фронту. Паводле слоў Дамаскіна, яшчэ ў 2020 годзе на расійскіх рэсурсах ён фігураваў як «асабліва небяспечны» ўкраінскі вайсковец.

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі застала яго на Херсоншчыне. Паводле слоў Дамаскіна, цяжкае раненне ён атрымаў падчас аднаго са штурмаў, калі ўкраінскае падраздзяленне пасля бою было вымушана адыходзіць на новыя пазіцыі. Міхаіл быў апошнім у калоне.

Пасля чарговай чаргі з варожай баявой машыны ён пабег, каб пераадолець адкрыты ўчастак мясцовасці. У гэты момант куля калібру 12,7 мм трапіла ў браняпласціну яго бронекамізэлькі. Браню не прабіла, аднак прылёт быў пад такім вуглом, што энергія кулі перадала магутны імпульс у хрыбет.

Тэтрапарэз — дзіўны стан

У выніку ўдару Міхаіл атрымаў цяжкую траўму хрыбта, якая прывяла да пашкоджання спіннога мозгу ў шыйным аддзеле. Пазней нейрахірург растлумачыў яму, што такія раненні магчымыя нават без прамога прабіцця броні. Паводле слоў Дамаскіна, калі б куля трапіла ў яго непасрэдна, шанцаў выжыць не засталося б.

Як згадвае Міхаіл, спачатку ён нават не ўсведамляў, наколькі цяжкім было раненне. Нягледзячы на боль, ён самастойна сеў на танк, пасля перасеў у аўтамабіль і сваімі нагамі зайшоў у шпіталь. Аднак ужо праз кароткі час пачаў імкліва губляць адчувальнасць у руках і нагах. Падчас абследавання ён яшчэ мог імі рухаць, але ўжо амаль не адчуваў іх.

На наступны дзень дактары паведамілі, што ў выніку пашкоджання спіннога мозгу ў яго развіўся тэтрапарэз (стан, калі слабеюць абедзве рукі і нагі). Паводле слоў Міхаіла, левая нага захавала рухомасць, але амаль страціла адчувальнасць, а правая функцыянуе вельмі абмежавана. У шыйным аддзеле спінны мозг атрымаў моцны ўдар, а ніжэй пашкоджанне было настолькі цяжкім, што, паводле ацэнкі дактароў, захавалася каля 10% нервовых валокнаў.

Спачатку Дамаскін успрыняў дыягназ спакойна і нават думаў, што праз некалькі тыдняў зможа вярнуцца на фронт. Аднак стан не лепшаў: адчувальнасць не вярталася, а неўзабаве ён ужо не мог рухаць большай часткай цела.

Замест таго каб змірыцца з гэтым, ён цалкам засяродзіўся на рэабілітацыі. Міхаіл праводзіў доўгія гадзіны ў спартыўнай зале, умацоўваючы мышцы верхняй часткі цела. Наступным этапам стала рэабілітацыя ў Латвіі, дзе выкарыстоўваліся рабатызаваныя комплексы і экзашкілеты. Там яго вучылі кампенсаваць адсутнасць адчуванняў з дапамогай зроку і свядомага кантролю кожнага руху. Гэта дазволіла яму значна лепш арыентавацца ва ўласным целе і аднавіць частку рухальных функцый.

Адзін працэнт на поспех

Пазней украінскія нейрахірургі прапанавалі Міхаілу эксперыментальную методыку нейрастымуляцыі, ацэньваючы шанцы на поспех толькі прыкладна на 1%.

Міхаілу спачатку бясплатна ўсталявалі нейрастымулятар украінскай распрацоўкі. Аднак ён праслужыў нядоўга, пасля чаго яго замянілі на сістэму амерыканскай вытворчасці. Паводле слоў Дамаскіна, дзяржава аплаціла саму аперацыю, але не нейрастымулятар, які каштаваў прыкладна 27 тысяч даляраў. Для гэтага ён выкарыстаў уласныя зберажэнні. Міхаіл расказваў, што яшчэ да вайны ўклаў грошы ў IT-кампанію, заснаваную яго сябрам, што дазволіла атрымліваць пасіўны даход.

Паводле яго слоў, украінскі нейрастымулятар неабходна было зараджаць прыкладна кожныя тры гадзіны. Пасля замены на амерыканскую сістэму гэты інтэрвал пабольшаў да дванаццаці гадзін.

Хоць аперацыя дапамагла Міхаілу зноў стаць на ногі, такая методыка пакуль не стала стандартам украінскай медыцыны. Паводле яго слоў, сістэма нейрастымуляцыі ўсё яшчэ знаходзіцца на этапе выпрабаванняў. Каб яе прызналі эфектыўнай і пачалі шырока выкарыстоўваць, патрэбна больш паспяховых выпадкаў.

Міхаіл сцвярджае, што яго вынік стаў унікальным. Паводле яго слоў, да гэтага ні ў аднаго пацыента ў свеце такая сістэма не дала настолькі выяўленага эфекту. Сам ён лічыць гэта не толькі заслугай дактароў і шматгадовай рэабілітацыі, але і вялікай удачай.

Жыццё на зарадцы патрабуе датрымання алгарытмаў

Міхаіл кажа, што пасля імплантацыі нейрастымулятара дактары не давалі яму падрабязных тлумачэнняў пра тое, як сістэма можа рэагаваць на розныя электронныя прылады. Разам з тым ён ведае пра некалькі важных абмежаванняў. Нельга праходзіць магнітна-рэзанансную тамаграфію на МРТ-апаратах з магнітным полем 3 тэслы, бо гэта можа пашкодзіць імплантаваную сістэму. Даследаванне на апараце з магнітным полем 1,5 тэслы, як ён сцвярджае, дапушчальнае.

Што да іншых магчымых рызык, то Міхаіл прызнаецца, што не ведае ўсіх адказаў. Напрыклад, ён не ўпэўнены, як у выпадку неабходнасці рэанімацыі выкарыстанне дэфібрылятара можа паўплываць на працу нейрастымулятара.

Пра жыццё з нейрастымулятарам Міхаіл гаворыць з гумарам. Жартуе, што ў яго ўжо сфармавалася сапраўдная «чарга на зарадку»: трэба своечасова падзарадзіць тэлефон, ноўтбук, гадзіннік, паўэрбанк, пульт ад нейрастымулятара і сябе самога.

Пасля поўнага гаення пасляаперацыйных рубцоў ён нават плануе зрабіць татуіроўкі каля месцаў падключэння датчыкаў — з аднаго боку намаляваць знак «220 В», а з другога — «USB Type-C».

Імплант, па словах Міхаіла, не вярнуў яму страчанай адчувальнасці, але дазволіў падтрымліваць мышцы ў пастаянным тонусе.

Нават левая нага, якая захавала рухомасць пасля ранення, цяпер працуе інакш. Сам Міхаіл тлумачыць, што раней мог рухаць ёю толькі механічна, пастаянна кантралюючы кожны крок вачыма, бо не адчуваў, як ступня дакранаецца да зямлі. Пасля аперацыі мышцы сталі мацнейшымі, аднак неабходнасць пастаяннага візуальнага кантролю засталася. Ён па-ранейшаму не адчувае паверхню пад нагамі, таму кожны крок патрабуе канцэнтрацыі.

Не думайце, што добра, калі зусім не адчуваеш болю

Дамаскін расказвае, што пасля атрыманага ранення практычна не адчувае тэмпературы і болю. Ён не можа зразумець, ці гарачы прадмет, таму часам трапляе ў небяспечныя сітуацыі.

Яшчэ падчас лячэння ён па восем-дзесяць гадзін запар гуляў на ноўтбуку, не заўважаючы, як моцна награваецца корпус. У выніку атрымаў сур'ёзны апёк на назе, шнар ад якога пазней давялося закрыць татуіроўкай.

Каб пазбегнуць такіх выпадкаў, Міхаіл выпрацаваў уласныя правілы бяспекі. Калі ёсць сумненні, просіць іншых людзей першымі праверыць тэмпературу прадмета або вады. Перад тым як зайсці ў душ, спачатку падстаўляе пад струмень галаву, бо там адчувальнасць захавалася. Менавіта так ён разумее, ці не занадта гарачая вада.

Сам Міхаіл жартуе, што паступова становіцца «чалавекам з кіберпанку». Пасля цяжкага ранення і некалькіх аперацый ён ужо не ўспрымае сваё цела так, як раней.

Мужчына не толькі не адчувае болю, але і звычайнай чалавечай стомы. Ён прызнаецца, што яшчэ да ранення амаль не дазваляў сабе адпачынку, а цяпер гэта адчуванне знікла амаль цалкам.

Аднак такая асаблівасць мае і адваротны бок. Чалавек, які не адчувае болю, не заўсёды разумее, калі арганізм ужо працуе на мяжы сваіх магчымасцяў.

Пра гэта яму нагадала сур'ёзная траўма калена. Падчас аднаго з рухаў ён няўдала павярнуўся, і звязкі не вытрымалі нагрузкі. У выніку былі разарваныя тры з чатырох асноўных звязак калена. Болю ён амаль не адчуў. Проста ў нейкі момант зразумеў, што больш не можа абаперціся на нагу.

Пра тое, што зарад заканчваецца, ён разумее не па індыкатарах, а па стане ўласнага цела. Паводле яго слоў, ногі становяцца слабейшымі, мышцы ўжо не трымаюць нагрузку так, як мусілі б.

Аднойчы гэта прывяло да сур'ёзнай траўмы. Пасля інтэнсіўнай трэніроўкі ён пайшоў у краму, разлічваючы, што зараду яшчэ хопіць. Аднак мышцы расслабіліся раней, чым ён чакаў. Проста на сцежцы ён упаў і зламаў нагу ў трох месцах.

Сам Міхаіл спачатку нават не падумаў, што гэта пералом. З-за адсутнасці болю ён вырашыў, што, мусіць, пашкодзіў звязкі. Лежачы проста на вуліцы, ён дастаў зарадную прыладу, падключыў нейрастымулятар на некалькі хвілін, каб хапіла сіл дайсці дадому, пасля чаго ўжо паехаў у траўматалагічнае аддзяленне. Там рэнтген паказаў пералом малаберцавай косткі ў трох месцах. Паводле яго слоў, яму яшчэ пашчасціла, бо асноўная нагрузка пры хадзе прыпадае на вялікаберцавую костку.

Другі нейрастымулятар — для позываў у туалет

Дамаскін расказвае, што пасля пашкоджання спіннога мозгу страціў здольнасць адчуваць натуральныя позывы да мачавыпускання і апаражнення кішэчніка. Таму ён пагадзіўся на яшчэ адну аперацыю, падчас якой яму ўсталявалі другі нейрастымулятар, які дапамагае кантраляваць функцыі органаў малога таза.

Ён расказвае, што цяпер уважліва сочыць за сваім харчаваннем і выпрацаваў строгі распарадак дня. Неабходнасць наведаць туалет ён вызначае не па адчуваннях, а па ўскосных прыкметах і з дапамогай самакантролю. Паводле яго слоў, такая сістэма дазваляе яму весці самастойнае жыццё без сур'ёзных бытавых цяжкасцей.

Міхаіл таксама адкрыта гаворыць пра тое, як траўма паўплывала на яго інтымнае жыццё. Паводле яго слоў, эрэкцыя захавалася, аднак ён амаль цалкам страціў фізічную адчувальнасць. Дамаскін прызнаецца, што цяпер успрымае блізкасць найперш праз эмоцыі, зрок і душэўную сувязь з партнёркай.

Нейрастымулятар, які дапамагае яму хадзіць, таксама патрабуе пастаяннага кантролю. Міхаіл расказвае, што апошнім часам сістэма пачала працаваць нестабільна: часам ногі могуць нечакана слабець, а працэс стымуляцыі замест звычайных трыццаці хвілін расцягваецца на некалькі гадзін і суправаджаецца моцным дыскамфортам у вобласці пазваночніка.

Дактары мяркуюць, што некаторыя элементы маглі пашкодзіцца, бо пасля аперацыі ён не толькі ходзіць, але і бегае, займаецца сілавымі трэніроўкамі, спортам і рыхтуецца вярнуцца на вайсковую службу.

У сувязі з гэтым яму, мабыць, спатрэбіцца яшчэ адна аперацыя, падчас якой медыкі вызначаць, ці патрэбная замена сістэмы. Паводле ацэнкі Міхаіла, кошт новага нейрастымулятара разам з неабходнымі кампанентамі для спіны і калена можа скласці каля 11 тысяч даляраў.

Вайна навучыла жыць сённяшнім днём

Разважаючы пра будучыню, Міхаіл прызнаецца, што вайна навучыла яго жыць сённяшнім днём. Паводле яго слоў, мінулага ўжо нельга змяніць, а будучыня не гарантаваная, таму галоўнае — цаніць той момант, які ёсць цяпер.

Ён не будуе далёкіх планаў, але ўсё ж мае некалькі простых мараў. Хоча дачакацца дня, калі зможа адвесці сваю малодшую дачку ў дзіцячы садок, пасля — у школу, а калі яна скончыць вучобу — станцаваць з ёй на выпускным.

Галоўнай жа мэтай для сябе Дамаскін называе вяртанне на вайсковую службу. Паводле яго слоў, ён хоча зноў служыць, каб яго дзеці маглі жыць у бяспечнай і незалежнай Украіне.

Каментары1

  • Ну
    05.08.2026
    Хай усё атрымаецца, Міхаіле! Посьпехаў з вяртаннем на службу!

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

Пяць ахоўнікаў прыкрывалі Лукашэнку, пакуль ён фатаграфаваўся з вясковай сям'ёй16

Бабарыка расказаў, з якім праектам вяртаецца ў палітыку28

Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома8

Беларускаму актывісту, які жыве ва Украіне, забаранілі ўезд у Польшчу на 10 гадоў27

Сузаснавальнік бюро Zrobim architects, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць