Здароўе1313

Жаночы алкагалізм: чым ён розніцца ад мужчынскага і як да такіх жанчын ставіцца?

Жаночая алкагольная залежнасць — гэта не толькі медыцынская праблема, але і сацыяльная з'ява, сцвярджае канадская псіхатэрапеўтка Боні Бёрстоу. У сваёй працы яна аналізуе, як траўма, гвалт, няроўнасць, мацярынства і грамадская стыгма ўплываюць на развіццё залежнасці і чаму жанчынам часта патрэбныя іншыя падыходы да падтрымкі, чым мужчынам. Нядаўна гэты раздзел пераклала на беларускую мову псіхатэрапеўтка Вераніка Загурская.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: People Images / Vecteezy

Пасля смерці беларускай пісьменніцы Святланы Курс (Евы Вежнавец) псіхатэрапеўтка Вераніка Загурская апублікавала ў фэйсбуку допіс, у якім нагадала, што Курс адна з нямногіх у беларускай літаратуры гаварыла пра жаночы алкагалізм без пагарды і маралізатарства, з разуменнем і спачуваннем да жанчын, якія спрабуюць выжыць у складаных жыццёвых абставінах.

Загурская таксама падзялілася асабістай гісторыяй, адзначыўшы, што алкагольная залежнасць закранула некалькі пакаленняў яе сям'і. На яе думку, жанчыны ў такіх сітуацыях нярэдка застаюцца без разумення і падтрымкі, бо да цяжкіх жыццёвых абставін дадаюцца стыгма, сорам і грамадскае асуджэнне.

У памяць пра Святлану Курс яна пераклала на беларускую мову раздзел з кнігі канадскай псіхатэрапеўткі Боні Бёрстоў, якая прапануе разглядаць жаночы алкагалізм не як слабасць характару ці выключна медыцынскую праблему, а як спосаб даць рады траўматычнаму досведу, гвалту, беднасці, адзіноце ды іншым цяжкім жыццёвым абставінам.

Боні Бёрстоу — канадская псіхатэрапеўтка і феміністка, адна з даследчыц, якія развівалі фемінісцкую тэрапію. Кніга «Радыкальная фемінісцкая тэрапія: праца ў кантэксце гвалту» (Radical feminist therapy: working in the context of violence) выйшла ў 1992 годзе. У падраздзеле пра жаночы алкагалізм Drinking Problems яна абагульняе даследаванні і практыкі свайго часу.

Як адзначае Загурская, яна свядома абрала менавіта гэты «гістарычны» тэкст, каб паказаць пласты жаночага досведу, якія фармаваліся ў грамадстве, што існавала ў зусім іншых сацыяльных умовах. Па словах Загурскай, тэкст Боні Бёрстоу стаў для яе важным не толькі з прафесійнага, але і з асабістага гледзішча. Ён дапамог па-новаму асэнсаваць гісторыю ўласнай сям'і, у якой таксама была праблема алкагольнай залежнасці, і ўбачыць яе не як гісторыю «слабасці характару», а ў шырэйшым сацыяльным кантэксце.

Ніжэй — асноўныя ідэі раздзела Боні Бёрстоу, прысвечанага жаночай алкагольнай залежнасці.

Жаночая залежнасць — не тое самае, што мужчынская

Боні Бёрстоу лічыць, што жаночую алкагольную залежнасць нельга разглядаць паводле тых жа схем, што і мужчынскую. На яе думку, на жыццё і паводзіны жанчын істотна ўплываюць сацыяльныя ўмовы, гендарныя ролі і няроўнасць, таму залежнасць варта разумець не толькі як індывідуальную праблему, але і як вынік больш шырокіх грамадскіх працэсаў.

Спасылаючыся на даследаванні, аўтарка адзначае, што найчасцей злоўжываць алкаголем пачынаюць замужнія жанчыны, якія працуюць. Яна тлумачыць гэта падвойнай нагрузкай, калі жанчынам даводзіцца спалучаць працу з асноўнай адказнасцю за хатнюю гаспадарку і клопатам пра сям'ю.

Павышаныя паказчыкі таксама назіраліся сярод беспрацоўных жанчын, ізаляваных хатніх гаспадынь, жанчын, якія жывуць у беднасці, лесбіянак, што сутыкаюцца з маргіналізацыяй, а таксама прадстаўніц некаторых дыскрымінаваных сацыяльных груп.

Разам з тым Бёрстоу звяртае ўвагу, што ніжэйшыя афіцыйныя паказчыкі ў асобных катэгорый жанчын не абавязкова азначаюць меншую распаўсюджанасць залежнасці.

На яе думку, у адных выпадках жанчыны замест алкаголю выкарыстоўваюць іншыя сродкі, каб справіцца з эмацыянальным напружаннем, у тым ліку лекі для зніжэння трывожнасці, напрыклад Valium (дыязэпам). У іншых — маюць больш магчымасцяў хаваць сваю залежнасць ад асяроддзя і таму радзей трапляюць у статыстыку.

Алкаголь як спосаб справіцца з траўмай

На думку Бёрстоу, дапамога жанчынам з алкагольнай залежнасцю павінна выходзіць за межы барацьбы з самім ужываннем алкаголю. Найперш неабходна зразумець, як залежнасць звязаная з жыццёвымі абставінамі, няроўнасцю, перажытым гвалтам, адсутнасцю падтрымкі і іншымі фактарамі, якія ўплываюць на жыццё жанчыны.

Аўтарка разглядае алкаголь не толькі як праблему, але і як спосаб пераадолець цяжкія перажыванні. Паводле яе, ужыванне алкаголю можа дапамагаць часова заглушыць эмацыянальны боль, справіцца з траўматычнымі ўспамінамі, пазбегнуць складаных рашэнняў, атрымаць адчуванне палёгкі ці нават выказаць пратэст супраць жыццёвых абставін.

Паводле даследчыцы, падчас тэрапіі важна не толькі працаваць з самой залежнасцю, але і разам з жанчынай высвятляць, якую ролю алкаголь адыгрывае ў яе жыцці і якія праблемы ён дапамагае пераносіць. Асаблівую ўвагу яна прапануе надаваць працы з першапрычынамі залежнасці, у тым ліку перажытым у дзяцінстве сэксуалізаваным гвалтам, а не толькі яе сімптомамі.

Без сораму і асуджэння

Бёрстоу лічыць, што пераадоленне алкагольнай залежнасці немагчымае без змены стаўлення жанчыны да самой сябе. Паводле яе, важна не толькі скарачаць ужыванне алкаголю, але і паступова вучыцца прымаць сябе, адчуваць уласную годнасць і атрымліваць павагу замест асуджэння.

Разам з тым падтрымка не азначае ігнаравання праблемы. Тэрапія, паводле аўтаркі, не павінна адбывацца, калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, але і ў такіх сітуацыях жанчыну нельга прыніжаць ці абвінавачваць.

Асобную ўвагу Бёрстоу надае пачуццю сораму. На яе думку, жанчыны часта нясуць на сабе некалькі пластоў стыгмы — як жанчыны, як людзі з залежнасцю, а нярэдка і як ахвяры гвалту. Яна лічыць, што грамадства значна больш жорстка ацэньвае жанчын, якія злоўжываюць алкаголем, тады як да мужчын ставіцца больш паблажліва. Галоўная праблема многіх жанчын, сцвярджае даследчыца, — не безадказнасць, а, наадварот, празмерная адказнасць і завышаныя патрабаванні, якія выстаўляе да іх грамадства.

Няма адзіна правільнай дарогі

Што да адмовы ад алкаголю, Бёрстоу адзначае, што адзінага правільнага спосабу не існуе: камусьці падыходзіць паступовае скарачэнне ўжывання, камусьці — поўная адмова. Аднак гэта павінна быць свядомым выбарам самой жанчыны.

Даследчыца крытычна ацэньвае распаўсюджаны падыход, паводле якога адзіны спосаб пераадолець залежнасць — пажыццёвае поўнае ўстрыманне. Яна спасылаецца на даследаванні і ўласны прафесійны досвед, якія, на яе думку, сведчаць, што для часткі людзей эфектыўным можа быць і паступовае змяншэнне колькасці алкаголю.

На думку аўтаркі, галоўнае, каб жанчына сама ўдзельнічала ў выбары мэты і шляху яе дасягнення. Калі абраная стратэгія не працуе, яе можна перагледзець. Задача спецыяліста — дапамагчы знайсці найбольш рэалістычны і эфектыўны спосаб пераадолення залежнасці, а не навязваць універсальнае рашэнне.

Выздараўленне патрабуе падтрымкі

Бёрстоу мяркуе, што адным з эфектыўных варыянтаў дапамогі могуць быць стацыянарныя рэабілітацыйныя цэнтры, аднак яны павінны ўлічваць жаночы жыццёвы досвед, культурныя і сацыяльныя асаблівасці пацыентак, а не абапірацца выключна на стандартныя праграмы.

Пры гэтым, падкрэслівае аўтарка, жанчынам атрымаць дапамогу значна складаней, чым мужчынам. Калі мужчына едзе на лячэнне, клопат пра дзяцей і побыт часта бярэ на сябе яго партнёрка. Калі ж дапамога патрэбная жанчыне, яе рашэнне могуць успрымаць як праяву эгаізму або безадказнасці. У выпадках хатняга гвалту сама просьба аб дапамозе можа справакаваць новы эпізод агрэсіі.

Таму, на думку Бёрстоу, падтрымка павінна ўключаць не толькі лячэнне залежнасці, але і дапамогу ў пераразмеркаванні хатніх абавязкаў, доглядзе дзяцей, атрыманні сацыяльных рэсурсаў і пошуку бяспечнага асяроддзя. Аўтарка таксама лічыць, што для некаторых жанчын больш эфектыўнымі могуць быць праграмы, якія ўлічваюць іх культурную ідэнтычнасць.

Зрыў — не параза

Бёрстоў падкрэслівае, што пасля адмовы ад алкаголю жыццё жанчыны часта становіцца складаней, бо ёй даводзіцца сутыкацца з праблемамі, ад якіх раней дазваляў уцякаць алкаголь.

Таму магчымыя зрывы, на яе думку, не варта ўспрымаць як канчатковую паразу. Замест асуджэння даследчыца прапануе аналізаваць іх прычыны, шукаць дадатковыя рэсурсы падтрымкі і дапамагаць жанчыне рыхтавацца да цяжкіх сітуацый.

Важнай часткай выздараўлення яна таксама лічыць навучанне адстойваць уласныя патрэбы, вызначаць асабістыя межы, супрацьстаяць ціску з боку блізкіх і, калі гэта неабходна, змяняць кола зносін або разрываць адносіны з партнёрам, які перашкаджае выздараўленню ці чыніць гвалт.

Дапамога патрэбная ўсёй сям'і

Асобны раздзел Боні Бёрстоу прысвячае мацярынству. Яна адзначае, што хаця грамадства несправядліва і значна больш жорстка асуджае маці з алкагольнай залежнасцю, чым бацькоў, празмернае ўжыванне алкаголю сапраўды можа нанесці дзецям сур'ёзную псіхалагічную траўму. Таму падтрымка патрэбная не толькі самой жанчыне, але і яе дзецям.

На думку аўтаркі, важную ролю могуць адыгрываць сямейнае кансультаванне і групы падтрымкі для дзяцей, аднак толькі ў тым выпадку, калі яны не будуюцца на абвінавачванні маці. Галоўная задача такой працы — стварыць бяспечную прастору, у якой дзеці змогуць адкрыта расказаць, як залежнасць маці паўплывала на іх жыццё, а маці — выслухаць іх, прызнаць сваю адказнасць і пачаць аднаўляць давер.

Новыя сямейныя ролі

Бёрстоу адзначае, што многія дзеці гадамі жывуць у атмасферы трывогі, непрадказальнасці і вымушаныя браць на сябе клопат пра маці. Калі ж жанчына пачынае выздараўліваць і вяртацца да звыклых бацькоўскіх абавязкаў, гэта таксама можа стаць выпрабаваннем для сям'і.

Пасля доўгага перыяду жыцця ў такой сітуацыі дзеці, асабліва старэйшыя, могуць цяжка перажываць змену сямейных роляў і нават несвядома перашкаджаць маці вярнуць сабе бацькоўскія абавязкі. На яе думку, сям'і ўжо не могуць проста вярнуцца да таго, як было раней, таму ўсім яе членам неабходна паступова вучыцца новым спосабам узаемадзеяння.

Бёрстоу лічыць, што жанчыне патрэбна падтрымка, каб паступова вяртацца да мацярынскай ролі, вызначаць здаровыя межы, паслядоўна выконваць дамоўленасці і пры гэтым пазбывацца заўсёднага пачуцця віны. Без такой падтрымкі, адзначае яна, дадатковы ціск з боку сям'і можа павялічыць рызыку вяртання да алкаголю.

Пры гэтым Бёрстоу падкрэслівае, што праблемы ў сям'і нельга аўтаматычна ўскладаць толькі на жанчыну. У адносінах з партнёрам неабходна ўлічваць і яго адказнасць, а ў выпадках гвалту або іншых дэструктыўных паводзін важнейшай задачай можа стаць не наладжванне камунікацыі, а дапамога жанчыне бяспечна выйсці з гэтых адносін.

«Ананімныя алкаголікі»: пазітыўныя і неадназначныя бакі

Асобны раздзел Боні Бёрстоу прысвячае групам самадапамогі, найперш супольнасці «Ананімныя алкаголікі» (А.А.). Яна прызнае, што такія групы могуць быць важнай крыніцай падтрымкі і дапамагчы многім людзям у пераадоленні залежнасці. Аднак, на яе думку, карыстацца імі варта крытычна, бо іх падыход не заўсёды адпавядае патрэбам жанчын.

Аўтарка крытыкуе А.А. за тое, што арганізацыя абапіраецца на медыцынскую мадэль залежнасці, разглядаючы алкагалізм як пажыццёвую хваробу і сцвярджаючы, што чалавек не можа вярнуцца да ўмеранага ўжывання алкаголю. На думку Бёрстоу, такі падыход індывідуалізуе праблему, абмяжоўвае магчымыя шляхі выздараўлення і не ўлічвае сацыяльныя прычыны жаночай залежнасці.

Паводле даследчыцы, многія прынцыпы А.А. сфармаваліся вакол мужчынскага досведу. У прыватнасці, яна не пагаджаецца з заклікамі да большай пакоры, падпарадкавання «вышэйшай сіле» і прызнання ўласнай бездапаможнасці. Бёрстоу лічыць, што для жанчын, якіх грамадства і без таго прывучае адмаўляцца ад уласных патрэб і падпарадкоўвацца іншым, значна важней развіваць пачуццё ўласнай годнасці, суб'ектнасць і здольнасць уплываць на сваё жыццё.

Яшчэ адной праблемай аўтарка называе празмерны акцэнт на асабістай адказнасці. На яе думку, заклікі прызнаваць уласныя памылкі і прасіць прабачэння не заўсёды дарэчныя, бо многія жанчыны і без таго пакутуюць ад празмернага пачуцця віны і схільныя ставіць патрэбы іншых вышэй за ўласныя.

Бёрстоу таксама звяртае ўвагу на гендарную дынаміку ў змяшаных групах. Паводле яе, мужчыны часцей задаюць тон размове і вызначаюць, як трэба інтэрпрэтаваць вопыт залежнасці, а жаночы досвед застаецца менш заўважным.

Акрамя таго, праграма А.А., на яе думку, амаль не ўлічвае жыццёвага кантэксту жанчын, у тым ліку досведу сэксуалізаванага і хатняга гвалту ды іншых траўматычных падзей, якія могуць стаяць за развіццём залежнасці.

Крытыкуе Бёрстоу і тое, што ўдзельнікаў А.А. заахвочваюць пажыццёва захоўваць ідэнтычнасць «алкаголіка» і працягваць наведваць сустрэчы. На яе думку, для часткі людзей гэта можа стаць не крыніцай свабоды, а новым абмежаваннем, якое перашкаджае ўспрымаць сябе па-за межамі ўласнай залежнасці.

Што добрага?

Разам з тым Боні Бёрстоу падкрэслівае, што, нягледзячы на гэтыя недахопы, «Ананімныя алкаголікі» маюць і важныя перавагі. На яе думку, арганізацыя прапануе выразную структуру, практычныя інструменты для пераадолення залежнасці і пастаянную супольнасць падтрымкі.

Удзельнікі могуць знайсці там новае кола зносін, людзей, якія прайшлі праз падобны досвед і падтрымліваюць імкненне да цвярозасці. Для прадстаўнікоў некаторых груп, напрыклад, малалікіх карэнных народаў, існуюць і спецыялізаваныя супольнасці А.А., якія могуць даваць дадатковае адчуванне прыналежнасці, хоць і яны, на думку аўтаркі, не прапануюць дастатковага аналізу сацыяльных прычын залежнасці.

Таму Бёрстоу не заклікае цалкам адмаўляцца ад удзелу ў А.А. Наадварот, калі жанчыне такая супольнасць дапамагае, яна лічыць мэтазгодным падтрымліваць гэты выбар, адначасова крытычна асэнсоўваючы тыя элементы праграмы, якія не адпавядаюць яе патрэбам. Паводле аўтаркі, калі жанчыны становяцца больш упэўненымі ў сабе і пачынаюць ставіць пад сумнеў асобныя прынцыпы А.А., спецыяліст павінен падтрымліваць гэты працэс, не адмаўляючы той карысці, якую ўдзел у групе ўжо прынёс.

Прававая абарона мам

Асобна даследчыца звяртае ўвагу на прававыя рызыкі, з якімі могуць сутыкнуцца маці з алкагольнай залежнасцю, у тым ліку на пагрозу страты апекі над дзецьмі. На яе думку, гэтыя рызыкі яшчэ большыя для жанчын, якія належаць да сацыяльна ўразлівых груп.

У такіх выпадках жанчынам неабходныя не толькі псіхалагічная, але і прававая падтрымка, а таксама дапамога ў абароне сваіх інтарэсаў перад сацыяльнымі службамі і судом. Яна таксама адзначае, што ў практычных мэтах карысным можа быць удзел у прызнаных праграмах лячэння залежнасці, бо гэта можа мець значэнне пры ацэнцы сітуацыі дзяржаўнымі органамі.

Каментары13

  • Жвір
    07.08.2026
    У ЛПП іх усіх, у ЛПП !
  • Поплачем
    07.08.2026
    Феминистки, я щас заплачу. Курят. Пьют как лошади. Гуляют. А ты входи в их психологические и прочие особенности.
  • Феміністка
    07.08.2026
    Нават у алкагалізме гендэрная няроўнасць, эх...

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

Пяць ахоўнікаў прыкрывалі Лукашэнку, пакуль ён фатаграфаваўся з вясковай сям'ёй16

Бабарыка расказаў, з якім праектам вяртаецца ў палітыку28

Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома8

Беларускаму актывісту, які жыве ва Украіне, забаранілі ўезд у Польшчу на 10 гадоў27

Сузаснавальнік бюро Zrobim architects, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць