У Мінску на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага зноў нанеслі так званую вафельную дарожную разметку. Пра гэта паведамілі ў сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.

Вафельная разметка ўяўляе сабой жоўтую сетку з квадратнымі ячэйкамі і прадугледжаная Правіламі дарожнага руху. Яна абазначае ўчастак скрыжавання, на які забаронена выязджаць, калі наперадзе ўтварыўся затор і кіроўца будзе вымушаны спыніцца непасрэдна на скрыжаванні.
У ДАІ лічаць, што выкарыстанне такой разметкі дапаможа зменшыць колькасць затораў, палепшыць праезд праз скрыжаванне і знізіць рызыку дарожна-транспартных здарэнняў.
Кантроль за выкананнем патрабаванняў будзе весціся кругласутачна, у тым ліку з выкарыстаннем камер Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Калі ігнараванне патрабаванняў вафельнай разметкі прывядзе да стварэння аварыйнай сітуацыі або дарожна-транспартнага здарэння, парушальніку можа пагражаць штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, а таксама пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін да двух гадоў.
Упершыню такую разметку на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага нанеслі яшчэ ў 2023 годзе. Тады яна таксама з'явілася яшчэ на двух скрыжаваннях беларускай сталіцы.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары