Храбусцець пальцамі шкодна для суставаў і можа прывесці да артрыту — гэта меркаванне існуе шмат дзесяцігоддзяў. Вось што кажа навука, піша BBC.

Незвычайны эксперымент правёў амерыканскі медык Дональд Ангер. У дзяцінстве ён часта чуў ад маці і іншых сваякоў, што звычка храбусцець пальцамі скончыцца артрытам. Таму ён вырашыў праверыць гэта на сабе.
На працягу 50 гадоў Ангер храбусцеў пальцамі толькі левай рукі — не менш за два разы на дзень. Правую руку ён не чапаў, каб потым параўнаць стан суставаў. У 72 гады ён зрабіў рэнтген абедзвюх рук. Аказалася, што прыкмет артрыту не было ні на адной руцэ, а прыкметнай розніцы паміж імі таксама не выявілі.
Праўда, паўнавартасным навуковым даследаваннем гэты эксперымент назваць нельга, бо яго ўдзельнікам быў толькі сам Ангер.
Адкуль бярэцца гэты гук
Калі чалавек згінае або расцягвае палец, унутры сустава змяняецца ціск. У сінавіальнай вадкасці ўтвараюцца газавыя бурбалкі, і іх рэзкае лопанне стварае характэрнае храбусценне.
Артрыт ад гэтага не развіваецца
Даследаванні не выявілі сувязі паміж звычкай храбусцець пальцамі і астэаартрытам.
У адным з даследаванняў навукоўцы параўналі пажылых людзей, якія рэгулярна храбусцелі пальцамі, з тымі, хто гэтага не рабіў. Частата дэгенератыўнага артрыту ў абедзвюх групах была прыкладна аднолькавай.
Іншае даследаванне, у якім удзельнічалі 215 пацыентаў з астэаартрытам, таксама не выявіла сувязі: ні частата, ні працягласць гэтай звычкі на працягу жыцця не ўплывалі на рызыку захварэць.
Не пацвердзіўся і міф пра тое, што ад храбусцення слабее хват. Адно старое даследаванне сапраўды паказала такую сувязь, але пазнейшыя даследаванні яе не пацвердзілі.
Але траўмаваць сустаў усё ж можна
Звычайнае храбусценне пальцамі лічыцца адносна бясшкодным. Аднак калі чалавек спрабуе атрымаць гучны хруст, ужываючы вялікую сілу або надта рэзка, то можна пашкодзіць сустаў, звязкі ці сухажыллі.
Асабліва асцярожнымі спецыялісты раяць быць з шыяй. Рэзкае і моцнае храбусценне шыяй можа прывесці да сур'ёзных траўмаў.
Калі разам з храбусценнем з'яўляюцца боль або ацёк — варта звярнуцца да ўрача.
А адмаўляцца ад звычкі толькі з-за страху перад артрытам няма неабходнасці.
З’ява гэта даволі распаўсюджаная: паводле даследаванняў, ад 20 да 50% людзей маюць такую звычку. Шмат каму падабаецца тое пачуццё, якім храбусценне суправаджаецца.
Каментары