Як базыльяне зрабілі ўніяцтва галоўнай канфесіяй на беларускіх землях
Полацкая Сафія, культ Божай Маці Жыровіцкай, шыкоўныя барочныя храмы — усё гэта спадчына манаскага ордэна, які на працягу некалькіх стагоддзяў вызначаў развіццё ўніяцкай царквы. Пра тое, як узніклі базыльяне, чаго яны дасягнулі і якія праблемы спарадзіў іх поспех, расказвае гісторык Цімох Акудовіч у новым выпуску свайго падкаста «Магістра Світа налева пашыта».

Уніяцкая царква з’явілася ў 1596 годзе, калі на саборы ў Берасці частка праваслаўных іерархаў Рэчы Паспалітай прызнала ўладу Папы Рымскага, але захавала візантыйскі абрад богаслужэння. Аднак абвесціць унію аказалася прасцей, чым зрабіць яе моцнай: новай царкве бракавала адукаваных святароў, дысцыпліны і ўплыву. Вырашыць гэтую задачу ўзяўся Язэп Вельямін Руцкі, і галоўным яго інструментам, як паказвае Акудовіч, стаў менавіта манаскі ордэн.
Чалавек, які прайшоў праз чатыры канфесіі
Руцкі нарадзіўся ў 1574 годзе ў маёнтку Рута паблізу Навагрудка.
Другая палова XVI стагоддзя была часам росквіту пратэстантызму на нашых землях. Сям’я Руцкіх, як і многія іншыя шляхецкія сем’і, перайшла з праваслаўя ў кальвінізм. Самога ж будучага мітрапаліта, верагодна, хрысцілі яшчэ паводле праваслаўнага абраду, але выхоўвалі ўжо пратэстантам.
Язэп вучыўся ў Нясвіжы, Вільні, а ў 1590 годзе выправіўся працягваць адукацыю ў Прагу. Там пад уплывам мясцовых езуітаў ён перайшоў у каталіцтва. Бацькі, перакананыя кальвіністы, не прынялі такога рашэння і пазбавілі сына спадчыны.

Застаўшыся без сродкаў на працяг навучання, Руцкі ў 1596 годзе паступіў у Грэчаскую калегію ў Рыме, дзе можна было бясплатна атрымаць багаслоўскую адукацыю. Гэтая ўстанова рыхтавала каталіцкіх святароў усходняга абраду, у тым ліку для царквы, якая ўзнікла ў выніку Берасцейскай уніі.
Ці быў пераход ва ўніяцтва свядомым выбарам Руцкага, ці першапачаткова яго прывабіла магчымасць бясплатна вучыцца, невядома. Аднак у выніку ён на ўсё жыццё стаў адданым прыхільнікам царкоўнай еднасці.
Як адзначае Акудовіч, ужо сама біяграфія Руцкага, які за адносна невялікі перыяд жыцця прайшоў праз чатыры канфесіі — праваслаўе, кальвінізм, каталіцтва лацінскага абраду і ўнію, — яскрава паказвае, наколькі складаным і дынамічным было рэлігійнае жыццё тагачаснай Еўропы.
Навошта ўніятам спатрэбіўся ўласны манаскі ордэн
Пасля вяртання на радзіму ў 1603 годзе Руцкі заняўся рэфармаваннем сістэмы ўніяцкай адукацыі. У Вільні пры Свята-Троіцкім манастыры ён заснаваў школу для будучых святароў. Там жа зблізіўся з Язафатам Кунцэвічам, будучым полацкім архіепіскапам, які натхніў яго прыняць манаства.

У 1613 годзе, пасля смерці Іпація Пацея, аднаго з ініцыятараў Берасцейскай уніі, Руцкі стаў мітрапалітам кіеўскім, галіцкім і ўсёй Русі, гэта значыць галоўным іерархам уніяцкай царквы.
Аднак, як даводзіць Акудовіч, даволі хутка Руцкі і Кунцэвіч зразумелі, што адных адукацыйных рэформаў для развіцця новай канфесіі недастаткова. Парафіяльныя святары, абцяжараныя сямейнымі і гаспадарчымі клопатамі, не заўсёды мелі магчымасць працягваць самаадукацыю. Да таго ж яны нярэдка больш залежалі ад мясцовых землеўласнікаў, чым ад царкоўных іерархаў.
Патрэбная была арганізаваная сіла, здольная стаць рухавіком развіцця ўсёй царквы. Прыкладам такой арганізацыі для Руцкага былі езуіты.
Аднак існавала істотная розніца паміж заходняй і ўсходняй традыцыямі манаства. Калі ў праваслаўі манаскае жыццё было арыентаванае пераважна на адасабленне ад свету і духоўнае самаўдасканаленне, то ў каталіцтве сфармавалася сістэма ордэнаў, якія актыўна дзейнічалі па-за манастырскімі сценамі, займаліся адукацыяй, місіянерствам і іншымі грамадскімі справамі.
Руцкі вырашыў спалучыць гэтыя дзве традыцыі, перабудаваўшы ўніяцкае манаства паводле заходняга ўзору.
У 1617 годзе ў Нагародавічах (цяпер Дзятлаўскі раён) адбылася капітула — сход прадстаўнікоў манастыроў, на якім быў заснаваны новы ордэн. За аснову манаскага жыцця ўзялі правілы святога Васіля Вялікага, багаслова IV стагоддзя, чые правілы сталі асновай усходняга манаства. Ад яго імя і пайшла назва базыльянаў.
Падабенства да езуітаў выяўлялася нават у знешнім выглядзе манахаў. Базыльяне таксама насілі доўгія чорныя сутаны, але, у адрозненне ад езуітаў, з капюшонамі.
Што базыльяне далі Беларусі
Дзякуючы палітычным сувязям і арганізатарскім здольнасцям Руцкага новы ордэн хутка атрымаў значную матэрыяльную базу. У Вільні, Віцебску, Полацку, Жыровічах, Мінску і іншых гарадах развівалася сетка манастыроў, школ і друкарняў.

Адным з галоўных кірункаў дзейнасці базыльянаў стала адукацыя. Манахі нярэдка вучыліся ў еўрапейскіх навучальных установах, а пасля вяртання на радзіму самі займаліся выкладаннем.
Да канца XVIII стагоддзя сярэднія школы дзейнічалі пры 21 базыльянскім манастыры, яшчэ ў 14 месцах выкладалі курсы філасофіі і тэалогіі. Адукацыю там атрымлівалі не толькі будучыя святары і манахі, але і дзеці шляхты і мяшчан.
Як адзначае Акудовіч, базыльяне імкнуліся выкарыстоўваць перадавыя для свайго часу педагагічныя методыкі. Навучанне было бясплатным, вялікая ўвага надавалася вывучэнню моў, а ў дачыненні да дзяцей не ўжывалі фізічных пакаранняў, што для таго часу было даволі незвычайна.
Важную ролю адыгрывалі і базыльянскія друкарні, найбуйнейшыя з якіх знаходзіліся ў Вільні, Супраслі і Пачаеве. Прычым манахі выдавалі не толькі рэлігійную, але і свецкую літаратуру.
Асабліва цікава ў гэтым плане вызначыліся базыльяне ў Супраслі на Падляшшы, якія перадрукоўвалі папулярныя еўрапейскія кнігі, часам пазначаючы на тытульных аркушах іншыя гарады выдання. Так, напрыклад, у Супраслі выйшлі «Падарожжы Гулівера» Джанатана Свіфта.
Не менш актыўна базыльяне займаліся стварэннем цэнтраў паломніцтва і пашырэннем культу Божай Маці. Адной з найбольш маштабных падзей стала каранацыя Жыровіцкага абраза Божай Маці папскай каронай у 1730 годзе.

Але, бадай, найбольш заўважнай сёння спадчынай базыльянаў з’яўляецца архітэктура. Менавіта з іх дзейнасцю звязаныя такія выбітныя помнікі віленскага барока, як Полацкая Сафія, храмы ў Барунах і Беразвеччы.
Нават будынак дзіцячай філармоніі ў Верхнім горадзе Мінска, як нагадвае гісторык, узнаўляе аблічча колішняй базыльянскай царквы Святога Духа, пабудаванай у першай палове XVII стагоддзя.
Як сіла ордэна стала слабасцю царквы
Аднак базыльяне не проста займаліся адукацыяй, кнігадрукаваннем і будаўніцтвам храмаў. Яны фактычна сканцэнтравалі ў сваіх руках кіраванне ўсёй уніяцкай царквой. Руцкі дабіўся ад караля таго, каб біскупамі і мітрапалітамі маглі станавіцца толькі манахі Базыльянскага ордэна.
Як даводзіць Акудовіч, такая цэнтралізацыя спачатку надала ўніяцкай царкве вялікую моц, але з часам стала крыніцай сур’ёзных унутраных супярэчнасцяў.
Да XVIII стагоддзя ўтварыўся значны разрыў паміж чорным духавенствам — манахамі — і белым, да якога належалі звычайныя парафіяльныя святары, што маглі мець сем’і.
Калі базыльяне мелі добрую адукацыю, жылі ў дастатку і будавалі шыкоўныя каменныя храмы, то парафіяльныя святары нярэдка ледзь зводзілі канцы з канцамі, служачы ў невялікіх драўляных цэрквах.
Аднак яшчэ больш істотнымі былі адрозненні ў рэлігійных і культурных арыенцірах.

Парафіяльныя святары працягвалі трымацца ўсходняй візантыйскай абраднасці, захаванне якой першапачаткова і было адной з галоўных умоў Берасцейскай уніі.
Базыльяне ж, якія вучыліся ў Еўропе і актыўна кантактавалі з каталіцкай элітай Рэчы Паспалітай, усё больш пераймалі заходнія традыцыі. Гэта выяўлялася не толькі ў архітэктуры храмаў, але і ў іх унутраным убранні, выкарыстанні арганаў і нават знешнім выглядзе святароў.
У XVIII стагоддзі ўніяцкім святарам афіцыйна дазволілі не насіць барады. І калі сёння гэта можа здавацца дробяззю, то для тагачаснага грамадства, як падкрэслівае Акудовіч, такія змены мелі вялікае сімвалічнае значэнне.
У выніку, лічыць гісторык, мяжа паміж Усходам і Захадам у Вялікім Княстве праходзіла не столькі паміж праваслаўнымі і католікамі, як можа падацца збоку, колькі ўнутры самой ўніяцкай царквы. Чорнае духавенства хутка вестэрнізавалася, а белае заставалася верным традыцыям продкаў.
Ці быў эксперымент базыльянаў паспяховым?
Нягледзячы на ўнутраныя супярэчнасці, сярэдзіна і другая палова XVIII стагоддзя сталі часам росквіту ўніяцкай царквы і Базыльянскага ордэна.
Распаўсюджаную ў гістарычнай літаратуры лічбу, паводле якой уніяты складалі 80% насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, Акудовіч прапануе ўспрымаць асцярожна, пакуль яна не пацверджаная актуальнымі даследаваннямі. Аднак маштаб распаўсюджання ўніяцтва не выклікае сумневу.
Дадатковыя магчымасці для базыльянаў адкрыла ліквідацыя ордэна езуітаў у 1773 годзе, пасля якой яны змаглі яшчэ больш пашырыць сваю адукацыйную дзейнасць.
Аднак неўзабаве адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, і беларускія землі апынуліся пад уладай Расійскай імперыі, якая варожа ставілася да ўніяцтва.
Падсумоўваючы дзейнасць базыльянаў, Акудовіч называе яе ўнікальным эксперыментам па перанясенні найноўшых заходніх арганізацыйных і культурных практык на мясцовы праваслаўны грунт. Ордэн здолеў зрабіць уніяцтва найбольш распаўсюджанай канфесіяй на беларускіх землях і шмат у чым сфармаваў іх культурнае аблічча.
Але ў гэтага поспеху быў і свой кошт. На думку Акудовіча, перайманне базыльянамі заходніх традыцый пазбавіла рэсурсаў больш аўтэнтычную для нашых земляў усходнюю хрысціянскую традыцыю. У выніку яна так і не набыла дастатковай моцы, каб развівацца самастойна, незалежна ад Масквы.
Пра далейшы лёс базыльянаў і ўніяцкай царквы ў XIX і XX стагоддзях Акудовіч абяцае расказаць у наступным выпуску падкаста.
-
У Лондане адкрыўся найбуйнейшы ў свеце музей гісторыі горада. Сярод экспанатаў — фрагмент 130‑тоннай глыбы тлушчу і вільготных сурвэтак
-
«Ён песціў гэту мапу, як выбранніцу свайго сэрца». Як мапа, набытая ініцыятывай Maldzis, пазнаёміла з Беларуссю сакратара Чэрчыля
-
Зорка польскага тэатра нарадзілася пад Глыбокім і выязджала з БССР у таварным вагоне. Вось яе гісторыя
Каментары