У Беларусі забароняць вонкавую рэкламу азартных гульняў. Але будуць выключэнні
У Беларусі плануюць цалкам забараніць размяшчэнне вонкавай рэкламы азартных гульняў. Адпаведны законапраект распрацавала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Як паведаміла кансультантка аддзела рэкламы ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Юлія Хвалюк, цяпер у Беларусі няма абмежаванняў на аб'ём размяшчэння і распаўсюджвання рэкламы гульнявых устаноў і азартных гульняў.
Паводле яе слоў, падрыхтаваны законапраект прадугледжвае змены як у патрабаваннях да зместу такой рэкламы, у тым ліку рэкламы віртуальных ігральных устаноў, так і ў месцах, дзе яе можна будзе размяшчаць і распаўсюджваць.
Адным з абавязковых патрабаванняў стане папярэджанне пра тое, што выйгрыш не гарантаваны і існуе рызыка фінансавых страт.
Асноўнае новаўвядзенне — поўная забарона рэкламы гульнявых устаноў, у тым ліку віртуальных, і азартных гульняў у вонкавай рэкламе.
Пры гэтым прадугледжаны шэраг выключэнняў. Рэкламныя шыльды можна будзе размяшчаць на транспартных сродках і ў іх салонах, на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту, аўтавакзалах і чыгуначных вакзалах, а таксама ў шматкватэрных жылых дамах, гандлёвых аб'ектах, аб'ектах грамадскага харчавання і гандлёвых цэнтрах.
Праект закона распрацаваны ў выкананне даручэння Аляксандра Лукашэнкі. У МАРГ заяўляюць, што яго мэта — удасканаліць прававое рэгуляванне гульнявога бізнэсу і не дапусціць развіцця гульнявой залежнасці, асабліва сярод моладзі.
Раней Лукашэнка звяртаў увагу на агрэсіўную рэкламу гульнявых устаноў і даручыў чыноўнікам больш уважліва вывучыць рэкламу азартнага бізнэсу.
Каментары