Здароўе

Штодзённая кава стымулюе кішэчнік і зніжае рызыку Паркінсона. Каб даказаць гэта, правялі незвычайны эксперымент

Звычка пачынаць дзень з кубка кавы не проста ідзе на карысць страваванню, але і служыць прафілактыкай цяжкіх узроставых захворванняў. Дзякуючы новаму даследаванню высветлілася, як менавіта напой мадулюе мікрафлору і да чаго тут перыстальтыка ўнутраных органаў.

Фота з сацсетак

Як звярнуў увагу тэлеграм-канал «cybulinka» на даследаванне ў часопісе Gut Microbiology, у эксперыменце навукоўцаў з Капенгагенскага ўніверсітэта ўзяў удзел 61 здаровы чалавек.

Добраахвотнікаў падзялілі на дзве групы на аснове васьмідзённых дзённікаў харчавання: тых, хто спажывае каву часта (больш за тры дні з васьмі), і тых, хто п'е яе рэдка. Сярэдняе спажыванне ў першай групе склала 343 мілілітры на дзень, тады як у другой — каля 18 мілілітраў. Даследчыкі штодня аналізавалі ўзоры іх мікрабіёты, а таксама шукалі ў мачы кафеін і яго метабаліты.

Каб даведацца, што менавіта адбываецца са страўнікам пасля выпітай кавы, 50 удзельнікаў праглынулі бесправадную капсулу SmartPill. Гэтая прылада памерам 26,8 на 13 міліметраў уяўляе сабой нестрававальны датчык. Праходзячы праз страўнікава-кішачны тракт, капсула ў рэальным часе збірае даныя пра тэмпературу, узровень pH і ціск, які адлюстроўвае скарачэнні цягліц.

Інфармацыя перадаецца праз радыёхвалі на знешні прыёмнік, замацаваны на жываце пацыента. Тэхналогія дазволіла даследчыкам дакладна фіксаваць час знаходжання капсулы ў розных аддзелах кішэчніка і фізіялагічныя змены на розных этапах стрававання.

Вынікі паказалі, што частае спажыванне кавы наўпрост звязана з большай разнастайнасцю мікраарганізмаў.

У аматараў напою навукоўцы зафіксавалі павышаную колькасць бактэрый роду Lawsonibacter і Slackia, якія здольныя перапрацоўваць карысныя рэчывы — паліфенолы.

Адначасова даныя з капсул пацвердзілі сувязь паміж метабалітамі кафеіну і павышаным ціскам у тоўстым кішэчніку.

Актыўныя скарачэнні мускулатуры дапамагаюць змешваць змесціва і падтрымліваць страваванне, што тлумачыць вядомы эфект кавы, які прымушае людзей ісці ў прыбіральню неўзабаве пасля кубка напою. Навукоўцы адзначаюць, што такая стымуляцыя можа служыць прафілактыкай запораў і нават зніжаць рызыку развіцця хваробы Паркінсона, для якой праблемы з перыстальтыкай з'яўляюцца адным з ранніх сімптомаў.

Пры гэтым даследчыкі ўдакладняюць, што больш актыўнае змешванне не абавязкова прыводзіць да паскарэння агульнага часу праходжання ежы праз арганізм.

Побач з чаканымі вынікамі датчыкі зафіксавалі з'яву, якая патрабуе дадатковага вывучэння. У групе людзей, якія рэгулярна пілі каву, узровень pH у тонкім кішэчніку аказаўся значна ніжэйшым у параўнанні з тымі, хто ўжываў яе рэдка.

Навукоўцы пакуль не высветлілі дакладны механізм гэтай з'явы: невядома, ці кава наўпрост змяняе фізіялагічныя параметры і ўплывае на кіслотнасць, ці гэта вынік змяненняў у мікробным метабалізме ў адказ на рэгулярнае паступленне кафеіну.

Даследаванне даказвае, што штодзённая кава выконвае ролю не толькі стымулятара нервовай сістэмы, але і актыўнага мадулятара кішачнай мікрабіёты.

Фізіялагічныя даныя, сабраныя з дапамогай электронных капсул, пацвярджаюць здольнасць напою ўплываць на перыстальтыку, аднак поўны спектр наступстваў ад зніжэння ўзроўню pH у тонкім кішэчніку застаецца прадметам для будучых навуковых прац.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал8

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Усе навіны →
Усе навіны

Рыэлтар расказала, якія кватэры не варта купляць8

Доктарка з мінскай хуткай дапамогі здзекавалася з блогеркі з інваліднасцю. А тых, хто пачаў заступацца, абазвала біясмеццем39

«Я кончаны беларус». Уладзімір Някляеў прэзентаваў новую паэму і расказаў, што яго хвалюе15

«Чат пераносіцца ў новую групу». Карыстальнікаў Telegram папярэджваюць пра новы хітрык махляроў1

У Львове прэзентавалі фотавыставу пра Полк Каліноўскага1

«Будучыня зараз у тумане». Каця Пытлева — пра вяртанне раку, сям’ю, працу і будучыню1

Развод Джэнсэна Хуанга можа стаць адным з самых дарагіх у свеце — больш за 70 мільярдаў даляраў1

34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе16

Зяленскі: ЗША ўпершыню спыталі, ці гатовая Украіна вывесці войскі з Данбаса ў абмен на ўступленне ў НАТА12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал8

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць