Гісторыя

Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы

Масква пайшла на саступкі дзеля гульні супраць Польшчы. Сучасныя межы Беларусі вызначыліся геапалітычнымі разлікамі бальшавікоў.

Карта Беларусі, афіцыйна выдадзеная ў 1924 годзе, то-бок пасля першага ўзбуйнення, з пазначэннем тагачасных граніц БССР і беларускіх этнічных тэрыторый у межах іншых дзяржаў. Межы беларускай большасці ў РСФСР дадзены паводле царскага перапісу 1897 года, у часе якога не праводзілася апытанне насельніцтва аб этнічнай прыналежнасці, а толькі аб роднай (ужыванай) мове і веравызнанні, таму яго вынікі ставіліся праціўнікамі ўзбуйнення Беларусі пад пытанне. Фота: Wikimedia Commons

«Мікра-Беларусь» і крамлёўская апазіцыя

Матэрыялы сакратарыята Прэзідыума ЦВК СССР і дакументы са зборніка «Дзяржаўныя межы Беларусі», якія ахопліваюць перыяд з вясны 1923 па сакавік 1924 года, фіксуюць механіку першага ўзбуйнення БССР без пазнейшай савецкай рэтушы.

Як мы пісалі раней, пасля таго як у студзені 1919 года Масква адабрала ў толькі што абвешчанай савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні, а ў 1921 годзе паводле Рыжскай дамовы аддала Заходнюю Беларусь Польшчы, рэспубліка ператварылася ў тэрытарыяльны недагрызак.

На плошчы крыху больш за 52 тысячы квадратных кіламетраў — у Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Мазырскім, Мінскім і Слуцкім паветах — жыло каля 1,5 мільёна чалавек. Гэта была міні-Беларусь памерам з Эстонію.

Аляксандр Чарвякоў — старшыня ЦВК і СНК БССР. Менавіта ён у 1923 годзе разам з паплечнікамі накіраваў у Маскву адкрытую дакладную запіску пра пагрозу ліквідацыі «Мікра-Беларусі» і асабіста адстойваў вяртанне ўсходнебеларускіх губерняў у Крамлі. 1920‑я гг. Фота: Wikimedia Commons

У 1923 годзе кіраўніцтва БССР на чале з Аляксандрам Чарвяковым, Усеваладам Ігнатоўскім, Вацлавам Багуцкім, Восіпам Нодзелем і Адольфам Гетнерам накіравала ў ЦК РКП(б) разгорнутую дакладную запіску. Менскія камуністы пісалі чыстую праўду пра тое, як выглядае іх дзяржава ў вачах насельніцтва і суседзяў:

«Пры цяперашнім стане рэчаў, калі Савецкая Беларусь існуе ў межах шасці няпоўных паветаў былой Мінскай губерні, ствараецца дваістасць непатрэбная, незразумелая і шкодная. Падрастаючая моладзь вывучае ў школах, што існуе тры Беларусі — адна акупаваная Польшчай, другая Савецкая, якая сваім існаваннем як бы ставіць пад падазрэнне палітыку партыі па нацыянальным пытанні, і трэцяя — далучаная па незразумелых прычынах да Расіі. Далейшая адтэрміноўка вырашэння гэтага пытання пра Беларусь палітычна шкодная, кампраметуе партыю, уладу беларускіх партыйных і савецкіх работнікаў, развівае шавінізм, стварае глебу, спрыяльную для палітычных авантур, спараджае Балаховічаў, Ластоўскіх і ім падобных правіцеляў Беларусі».

Аўтары іншага аналітычнага дакумента са справы — «Даклада аб пашырэнні БССР» — называлі тагачасную рэспубліку «ледзь не карыкатурай на Аўтаномную Рэспубліку па мізэрнасці сваіх памераў».

Этнаграфічная карта беларускага племені» акадэміка Яўхіма Карскага, на якую спасылалася кіраўніцтва БССР у спрэчках з Крамлём. Навуковыя даследаванні Карскага даказвалі, што этнічная і моўная мяжа рассялення беларусаў сягае мерыдыяна Бранск — Ржэў, ахопліваючы Віцебшчыну, Гомельшчыну і амаль усю Смаленскую губерню. 1903 год. Карта: Wikimedia Commons

Спасылаючыся на працы этнографа і лінгвіста Яўхіма Карскага, складальнікі даклада нагадвалі, што этнаграфічная мяжа рассялення беларускага племені і мовы сягае мерыдыяна Бранск — Ржэў, ахопліваючы, апроч Віцебскай і Гомельскай, амаль усю Смаленскую губерню.

Спачатку пазіцыя Менска знайшла падтрымку ў самым версе партыйнай вертыкалі. 21 лістапада 1923 года камісія Аргбюро ЦК РКП(б) пад кіраўніцтвам Аляксандра Асаткіна-Уладзімірскага, выконваючы дырэктыву Палітбюро, пастанавіла далучыць да БССР Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні, усе паветы Віцебскай губерні разам з паўночнымі Себежскім, Невельскім і Вяліжскім, а таксама восем паветаў Гомельскай губерні — уключна з Гомельскім і Рэчыцкім.

Праект Заходняй вобласці Дзяржплана СССР з цэнтрам у Смаленску, які прадугледжваў фактычнае паглынанне беларускіх тэрыторый. Фота: Справа ЦВК СССР / Дзяржаўны архіў РФ 

Пункт 3 гэтай пастановы змяшчаў радыкальную прапанову: ліквідаваць за тры месяцы губернскія цэнтры ў Гомелі і Віцебску і прапанаваць ЦК КП(б)Б прадставіць меркаванне аб мэтазгоднасці пераносу сталіцы пашыранай рэспублікі з памежнага Менска ў Магілёў.

У «Дакладзе аб пашырэнні БССР» гэтая ідэя тлумачылася як стратэгічнымі ваеннымі меркаваннямі (Менск стаяў за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад польскай мяжы), так і неабходнасцю ўлічыць эканамічны прымат усходу краю.

Першапачатковая пастанова Палітбюро ЦК РКП(б) ад 29 лістапада 1923 года, паводле якой БССР мусіла атрымаць Віцебскую губерню з Невелем, Себежам і Веліжам, а таксама Гомель і Рэчыцу з перспектывай пераносу сталіцы ў Магілёў. Дакумент з фонду ДА РФ

Аднак як толькі пра рашэнне даведаліся ў губернскіх цэнтрах РСФСР, пачаўся маштабны апаратны бунт. Для канчатковага правядзення межаў Прэзідыум УЦВК і ЦВК СССР стварылі камісію пад старшынствам сакратара ЦВК Авеля Енукідзэ, куды ўвайшлі сакратар УЦВК Цімафей Сапронаў, наркам земляробства РСФСР Аляксандр Смірноў, прадстаўнік УССР Фелікс Кон, прадстаўнікі БССР і кіраўнікі зацікаўленых расійскіх губерняў. На пасяджэннях гэтай камісіі 11 і 18 снежня 1923 года пастанова Палітбюро была фактычна рэвізавана.

Старшыня камісіі сакратар ЦВК Авель Енукідзэ. Канец 1920‑х гг. Фота: Федэральнае архіўнае агенцтва

Чаму савецкая камісія наважылася пайсці супраць рашэння Палітбюро, тлумачыцца ў сакрэтным лісце Аляксандра Чарвякова і Вацлава Багуцкага ад 16 снежня 1923 года да беларускіх эмісараў у Віцебску. Акрамя таго, што наркам Смірноў «як рускі камуніст, наогул супраць адрыву часткі РСФСР, незалежна ад таго, да каго гэтая частка далучаецца», у справу ўмяшалася вялікая крамлёўская палітыка.

Сакратар УЦВК Цімафей Сапронаў быў адным з правадыроў тагачаснай левай («трацкісцкай») апазіцыі да ЦК. Восенню і зімой 1923 года ўнутрыпартыйная дыскусія ў Маскве прыняла надзвычай вострыя формы. Паколькі Сапронава абвінавачвалі ў спробах вывесці савецкія органы з-пад кантролю партыі, ён выкарыстаў беларускае пытанне як галоўны козыр супраць Палітбюро на сходах у маскоўскіх ячэйках.

Сапронаў абураўся: маўляў, партыйная вярхушка падмяла пад сябе ўсю ўладу і вырашыла перакроіць межы Расіі, а ён, сакратар УЦВК і старшыня Камісіі па раянаванні РСФСР, нічога пра гэта не ведаў, «а калі і чуў выпадковыя размовы па гэтым пытанні, то лічыў, што гэта толькі жарцікі пра Вялікую Беларусь».

Пратэст губернскіх арганізацый даваў Сапронаву легальную нагоду запатрабаваць паўторнага разгляду справы, а кіруючая група ЦК ва ўмовах барацьбы за ўладу баялася лішні раз даваць апазіцыі падставы для нападак.

Цімафей Сапронаў — сакратар УЦВК, старшыня Камісіі па раянаванні РСФСР і адзін з лідараў тагачаснай левай апазіцыі. Выкарыстаў незадаволенасць расійскіх губерняў супраць Палітбюро, абвінаваціўшы кіраўніцтва партыі ў таемным перакройванні межаў Расіі і «жарціках пра Вялікую Беларусь». 1920‑я гады. Фота: Wikimedia Commons

Як фальсіфікавалі перапіс 1920 года: статыстычная эквілібрыстыка

Галоўнай зброяй губернскіх чыноўнікаў і расійскага Наркамзема сталі лічбы перапісу насельніцтва 1920 года. Абапіраючыся на іх, кіраўнікі Віцебска, Гомеля і Смаленска даводзілі, што ніякай беларускай большасці ў спрэчных паветах няма, а тыя, хто быў запісаны беларусам у царскім перапісе 1897 года, за чвэрць стагоддзя нібыта цалкам абруселі або «самавызначыліся» на карысць рускай нацыі.

Матэрыялы справы ўтрымліваюць унікальнае сведчанне таго, як менавіта стваралася гэтая статыстыка. Аўтары «Даклада аб пашырэнні БССР» і заключэння ЦБ КП(б)Б лавілі апанентаў на фізічнай немагчымасці такіх дэмаграфічных метамарфоз.

Паводле перапісу 1897 года, у Гомельскім павеце беларусы складалі 89% насельніцтва (ці 74% з улікам гарадоў), а ў 1920 годзе іх раптам стала 20% (ці 17% паводле губкамa); у Рэчыцкім павеце доля беларусаў упала з 98% да 45% (у табліцах Наркамзема РСФСР — да 39%); у Рагачоўскім — з 98% да 13% (ці 11%).

Яшчэ больш абсурдная карціна вынікала пры параўнанні з сельскагаспадарчым перапісам 1917 года, праведзеным пасля Лютаўскай рэвалюцыі: тады ў Гомельскім павеце зафіксавалі 94% беларусаў, а ў Рэчыцкім — 85% (на 6% больш, чым у 1897 годзе!).

Выходзіла, што сотні тысяч беларусаў зніклі не за 23 гады, а ўсяго за тры гады грамадзянскай вайны. Ідэнтычная карціна назіралася на поўначы Віцебскай губерні: у Себежскім павеце працэнт беларусаў знізіўся з 50% да 32%, у Невельскім — з 91% да 31%, у Вяліжскім — з 98% да 34%.

Старонка «Даклада аб пашырэнні БССР», дзе раскрываецца механізм наўмыснага прымяншэння колькасці беларусаў падчас перапісу 1920 года з-за страху перад польскім плебісцытам. Дакумент з фонду ДА РФ

Прычына гэтага статыстычнага фокусу была палітычнай, і пра яе адкрыта гаварылася ў дакладзе камісіі:

«Справа ў тым, што ў момант заканчэння польскай вайны, калі яшчэ недастаткова ясна была вызначана мяжа з Польшчай — стараліся наўмысна прыменшыць колькасць беларусаў у суседніх паветах з прычыны меркаванага плебісцыту. Акрамя таго, у прыфрантавой паласе перапіс мог мець і іншыя дэфекты, якія тлумачацца ўплывам ваенных дзеянняў (як то паспешлівасць, нервовасць працы, анармальнае стаўленне насельніцтва і да т. п.)».

На пасяджэнні камісіі 18 снежня 1923 года прадстаўнік БССР Восіп Нодзель і аўтары менскіх запісак патлумачылі механізм гэтай фальсіфікацыі: у жніўні 1920 года, калі праводзіўся перапіс, мір з Польшчай яшчэ не быў заключаны, існавала нейтральная зона і хадзілі ўпартыя чуткі пра стварэнне Беларусі пад пратэктаратам Польшчы шляхам плебісцыту. Менавіта такі ўльтыматум аб правядзенні плебісцыту ва ўсёй этнаграфічнай Беларусі ўключна з Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губернямі польскі дыпламат Ян Домбскі выставіў Адольфу Іофэ ў Рызе ў кастрычніку 1920 года. Таму і мясцовыя савецкія органы наўмысна запісвалі сялян велікарусамі, каб не даць Варшаве прэтэнзій на землі, і самі праваслаўныя сяляне, напалоханыя перспектывай трапіць пад уладу польскіх паноў, хавалі сваё беларускае паходжанне.

Беларусы займаюць усе паўночныя паветы Віцебскай губерні, а таксама заходнюю частку Смаленскай губерні на «Этнаграфічнай карце Еўрапейскай Расіі», складзенай у 1875 годзе расійскім картографам Аляксандрам Рыціхам на падставе матэрыялаў праведзенай агульнарасійскай рэвізіі 1858 года, спісаў населеных пунктаў 1860‑х гадоў і іншых статыстычных даных. 

Пра непрыдатнасць перапісу сведчыў нават прадстаўнік Смаленскага губвыканкама Брылінг, які прызнаў на пасяджэнні, што ў іх губерні паводле гэтых даных «адна воласць дае 97% беларусаў, а другая, суседняя з ёй — 90% рускіх, што паказвае, што тут прыўносіліся нацыянальныя рысы».

Сучасная гістарыяграфія цалкам пацвярджае гэтыя ацэнкі. Як адзначаюць расійскія даследчыкі Яўген Кодзін і Вольга Кобец, маніпуляцыі з перапісамі сталі сістэмнай практыкай заходніх губерняў РСФСР у 1920‑я гады. Калі ў 1897 годзе ў Смаленскай губерні фіксавалася 100,7 тысячы беларусаў, а ў 1920 годзе — 57 тысяч, то падчас Усесаюзнага перапісу 1926 года смаленскія ўлады давялі гэтую лічбу да 20 408 чалавек (0,89%).

Пазней самі чыноўнікі Смаленскага губернскага аддзела народнай асветы ў закрытых справаздачах прызнавалі, што перапісчыкі ў Манастыршчынскай і Любавіцкай валасцях механічна запісвалі беларусаў у велікаросы або дзялілі жыхароў дзвюх суседніх вёсак з аднолькавым побытам і мовай на дзве розныя нацыянальнасці.

Віцебскі бунт: «Калі ўвесці беларускую мову, прыйдзецца вучыцца нават з жонкай гаварыць»

Панарама Віцебска з Дзвінскім мостам. Мясцовы губкам РКП(б) аказаў найбольш агрэсіўны супраціў узбуйненню БССР: партыйцы сцвярджалі, што насельніцтва даўно страціла беларускія рысы, а ўвядзенне беларускай мовы быццам бы выкліча пратэст і разваліць працу апарату. 1911 год. Фота: Wikimedia Commons

Найбольш агрэсіўны супраціў узбуйненню БССР аказала кіраўніцтва Віцебскай губерні. 8 снежня 1923 года пленум Віцебскага губкама РКП(б) прыняў пратакол № 7 і адправіў у Маскву спецыяльную дакладную запіску, у якой катэгарычна адмовіўся падпарадкоўвацца рашэнню Палітбюро аб перадачы губерні ў склад Беларусі. На пасяджэнні камісіі ў Маскве 18 снежня пазіцыю Віцебска агучваў прадстаўнік губвыканкама Зеліксон.

Віцебскія функцыянеры спасылаліся на падворны перапіс і анкетаванне Наркамасветы, якія нібыта выявілі, што хоць дэмаграфічна беларусы і складаюць у губерні 56,95% (а ў вёсках — 63,96%), але роднай беларускую мову назвалі толькі 17,4% гаспадароў двароў.

У пратаколе губкама сцвярджалася, што «насельніцтва Віцебскай губерні страціла бытавыя беларускія рысы і беларускую мову, не знаёмую большасці насельніцтва губерні, за выключэннем адзіночак-старых».

Зеліксон заяўляў, што калі падчас перапісу нехта і называў сябе беларусам, то рабіў гэта «хутчэй па традыцыі, але ні ў якім разе гэта не з’яўляецца прадуктам нацыянальнай самасвядомасці». У дакладной запісцы прыводзіўся кур’ёзны выпадак у Вяліжскім павеце, дзе адзін селянін на пытанне пра нацыянальнасць адказаў: «старавер».

Пратакол Віцебскага губкама ад 8 снежня 1923 года, у якім мясцовыя партыйцы сцвярджалі, што беларуская мова знаёмая ў губерні толькі «адзіночкам-старым», а далучэнне да БССР паралізуе працу апарату. Дакумент з фонду ДА РФ

Каб даказаць Маскве, што народ супраць далучэння да Менска, Віцебскі губкам тэрмінова адправіў па паветах сваіх агітатараў, якія самі, паводле прызнання ў дакладной запісцы губкама, «з’яўляюцца заўзятымі праціўнікамі беларусіфікацыі нашай губерні».

Сабраныя імі на валасных сходах выказванні былі аформленыя ў спецыяльнае дасье для ЦК. Напрыклад, у Астровенскай воласці Віцебскага павета селянін Букштынаў заявіў: «Калі ўвесці беларускую мову, тады трэба мне будзе вучыцца нават з жонкай гаварыць».

На з’ездзе Саветаў Калінінскай воласці Полацкага павета дэлегат Шыркевіч спачатку сказаў: «Калі з нас хто-небудзь возьмецца чытаць беларускую літаратуру, то яна яму здаецца кітайскай азбукай». Праўда, у другім выступе на тым жа сходзе ён перадумаў і заявіў: «Усе нацыі самавызначаюцца, і мы таксама жадаем самавызначыцца і вывучаць беларускую мову, неабходна Беларусь уводзіць у гісторыю».

У Аршанскім павеце на сходах у Старасельскай і Талачынскай валасцях сяляне, паводле справаздачы губкама, смяяліся: «Можа, нам караля прапануеце выбраць?».

А ў Невельскім павеце ўсур’ёз думалі, што далучэнне да БССР — гэта чарговы этап пераходу да Польшчы.

Настаўнікаў жа, якія выступалі ў абарону мовы і казалі, што беларуская культура перажывае «ламаносаўскі перыяд» (як настаўнікі Сухарукаў, Васілеўскі ці Панкевіч у Віцебску і Гарадку), губкам адкрыта таўраваў у дакладзе як «нацыяналістаў».

Максімум, на што пагаджаліся віцебскія кіраўнікі, — гэта аддаць Менску частку Лепельскага і некалькі памежных валасцей Аршанскага і Віцебскага паветаў.

Усевалад Ігнатоўскі — наркам асветы БССР і галоўны гісторык рэспублікі. Аўтар аналітычнага «Даклада аб пашырэнні БССР» і контрзапісак, дзе разбіў аргументы віцебскіх і гомельскіх чыноўнікаў ды выкрыў механізм фальсіфікацыі перапісу 1920 года. 1924 год. Фота: Wikimedia Commons

У адказ ЦБ КП(б)Б і асабіста Усевалад Ігнатоўскі ў сваіх контрзапісках каменя на камені не пакінулі ад віцебскіх аргументаў.

Менскія камуністы ўказалі, што ва ўсіх заходніх губернях РСФСР на чале савецкага і партыйнага апарату стаяць выхадцы з цэнтральнай Расіі, а не мясцовыя ўраджэнцы. Знаходжанне гэтых губерняў у складзе РСФСР успрымалася прышлымі чыноўнікамі як мандат на захаванне «рускай чысціні» краю.

Ігнатоўскі прывёў шакуючы дакумент: яшчэ ў красавіку 1921 года праўленне Лепельскага павятовага саюза работнікаў асветы даслала ў Менск афіцыйны запыт з просьбай растлумачыць, ці з’яўляецца злачынствам пастаноўка п’ес на беларускай мове і збіранне беларускіх песень у Віцебскай губерні, бо мясцовыя ўлады лічаць усялякую працу па вывучэнні культуры краю контррэвалюцыяй і ладзяць за настаўнікамі палітычнае сачэнне.

А калі ў снежні 1923 года пачалося «апытанне» насельніцтва, віцебскія агітатары выкарыстоўвалі метад запалохвання: яны зусім не пыталіся ў сялян пра эканамічнае аб’яднанне з Менскам, а зрабілі з беларускай мовы «нейкі жупел», пужаючы непісьменных людзей тым, што ў БССР за два тыдні закрыюць усе рускія школы і прымусова перавядуць усё жыццё на незразумелую гаворку, хаця ў самой БССР па законе былі раўнапраўнымі чатыры дзяржаўныя мовы.

Супраць віцебскага сепаратызму на пасяджэнні камісіі выступіў прадстаўнік Украіны Фелікс Кон. У стэнаграме зафіксавана яго рэзкая рэпліка:

«Мы хочам зрабіць пэўнае ўзбуйненне і ўрэшце далучаем ледзь не дзве-тры воласці. Гэта зробіць уражанне нявыгаднае. Трэба зыходзіць з таго, да чаго мы імкнёмся… Трэба падыходзіць з палітычнага пункту гледжання. Я сам украінец, і мы ведаем, як адбрыкваюцца ад пастаноў ЦК».

Паводле пастановы Палітбюро ЦК РКП(б) ад 29 лістапада 1923 года, цэнтр БССР меркавалася перанесці з прыфрантавога Менска ў Магілёў як па меркаваннях ваеннай бяспекі, так і з-за эканамічнай перавагі ўсходняга рэгіёна. 1916 год. Фота: Wikimedia Commons

У выніку камісія Енукідзэ і Палітбюро (пастановай ад 29 снежня 1923 года, куды прадстаўнікі Віцебска двойчы нават не з’явіліся па выкліку) адхілілі пратэсты Віцебскага губкама адносна асноўнай часткі губерні, але пайшлі на саступку расійскаму Наркамзему на поўначы.

Нягледзячы на тое, што ў першапачатковым праекце Палітбюро Себежскі, Невельскі і Вяліжскі паветы адыходзілі да БССР, 18 снежня камісія трыма галасамі супраць двух пры адным адсутным прагаласавала за пакіданне гэтых трох паветаў у РСФСР.

У сакавіку 1924 года Прэзідыум УЦВК перадаў гэтыя землі Пскоўскай губерні. Як паказалі даследаванні А. Філімонава і В. Кобец, адарваныя ад беларускага цэнтра і арыентаваныя на адыходныя промыслы ў Ленінград (куды толькі з Невельскага павета штогод выязджала 16 тысяч сялян), мясцовыя беларусы за некалькі гадоў зазналі імклівую асіміляцыю: у 1927 годзе на сходзе ў Невельскім павеце сяляне ўжо крычалі прыезджаму беларускаму інспектару Хайкову, што «беларуская мова даўно згніла», а калі ён гаворыць па-беларуску, то падобны «да сапраўднага кракадзіла».

Гомельскі гамбіт: падкупленая школа, запалкавы сіндыкат і яўрэйскае пытанне

Яшчэ больш складаная інтрыга разгарнулася вакол Гомельскай губерні, створанай у 1919 годзе на базе ліквідаванай Магілёўскай губерні з далучэннем Рэчыцкага павета Мінскай і чатырох паўночных паветаў Чарнігаўскай губерні.

Як і ў Віцебску, гомельскі партапарат на чале з Брахманам і Гальдштэйнам восенню 1923 года даслаў у ЦК даклад, у якім сцвярджаў, што беларуская мова прыжываецца туга, а насельніцтва нібыта выступае супраць беларускіх школ.

Менск у сваім адказе (заключэнне ЦБ КП(б)Б за кастрычнік 1923 года) прадэманстраваў, як менавіта гомельскія чыноўнікі фарміравалі гэтую «народную волю».

У верасні 1922 года сяляне вялікага сяла Пералёўкі Гомельскага павета (які губкам лічыў «небеларускім») самі на сходзе пастанавілі адкрыць у сябе беларускую школу замест рускай. У кастрычніку, калі настаўнік адлучыўся, у сяло прыехаў загадчык валаснога аддзела народнай асветы Брытаў і абвясціў сялянам, што іх школа не будзе мець ніякіх правоў, бо ў ёй вучаць «на мове недзяржаўнай».

У снежні чыноўнікі Брытаў і Гаўрыленка прыехалі зноў і пачалі агітаваць за рускую школу, паабяцаўшы за гэта выдаць дзецям падручнікі і пісьмовыя прылады за казённы кошт. Сяляне спакусіліся і пагадзіліся, але чыноўнікі іх падманулі і падручнікаў не далі — тады абураныя жыхары Пералёвак зноў перавялі школу на беларускую мову і пастанавілі захаваць яе і на наступны год.

Больш за тое, менскія камуністы здабылі закрытую перапіску: у верасні 1923 года Рэчыцкі павятовы выканкам у адказ на анкету губерні афіцыйна паведаміў, што «па нацыянальных прыкметах насельніцтва Рэчыцкага павета спрэс беларускае», але Гомельскі губкам проста схаваў гэты дакумент ад Масквы.

Тым не менш на пасяджэнні камісіі Енукідзэ 18 снежня 1923 года старшыні Гомельскага губвыканкама Івану Нейбаху пры падтрымцы Смірнова ўдалося адстаяць паўднёвую палову губерні. Камісія пагадзілася аддаць БССР толькі шэсць паўночных паветаў (Магілёўскі, Быхаўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і Клімавіцкі), пакінуўшы ў РСФСР не толькі чатыры былыя чарнігаўскія паветы (Старадубскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі і Клінцоўскі), але і Гомельскі ды Рэчыцкі паветы.

Галасы па Рэчыцы ў камісіі падзяліліся пароўну — два супраць двух пры адным, хто ўстрымаўся, і толькі 29 снежня Палітбюро дазволіла адрэзаць ад Рэчыцкага павета на карысць БССР некалькі заходніх палескіх валасцей са станцыяй Калінкавічы, Нароўляй і Даманавічамі.

Тэлеграма старшыні Гомельскага губвыканкама Нейбаха ў Крэмль (студзень 1924 г.) з патрабаваннем захаваць Гомельскую губерню ў складзе пяці паветаў як самастойную адзінку РСФСР да стварэння Заходняй вобласці і не падпарадкоўваць яе БССР ці Бранску. Дакумент з фонду ДА РФ 

Адразу пасля гэтага гомельскае кіраўніцтва разгарнула заўзятую кампанію за захаванне сваёй урэзанай губерні як самастойнай адзінкі, каб яе рэшткі не далучылі да суседняй прамысловай Бранскай губерні. У студзені 1924 года Нейбах і сакратар прэзідыума Белкін засыпалі Маскву тэлеграмамі і даслалі ў ЦВК СССР шматстаронкавую дакладную запіску з дзясяткамі статыстычных табліц. Яны даказвалі, што пяць паўднёвых паветаў, якія застаюцца ў РСФСР, нават пасля страты 42% тэрыторыі маюць 1 451 073 жыхары і бездэфіцытны бюджэт, пераўзыходзячы па колькасці насельніцтва і эканамічнай магутнасці саму Бранскую губерню і яшчэ 57% губерняў усяго СССР. Аддаваць сваю наладжаную гаспадарку, дзе пасля ўзбуйнення валасцей доля камуністаў у выканкамах дасягнула 74%, ні «адсталай» БССР, ні Бранску, з якім у Гомеля не было нават прамой тэлефоннай сувязі, яны катэгарычна не жадалі, патрабуючы захаваць Гомельскую губерню да моманту стварэння праектаванай Дзяржпланам вялікай Заходняй вобласці.

Тэрміновая ўрадавая тэлеграма старшыні Гомельскага губвыканкама Нейбаха ў Крэмль з патрабаваннем не ліквідоўваць губерню і не дзяліць паміж БССР і РСФСР запалкавую і папяровую прамысловасць рэгіёна. Дакумент з фонду ДА РФ

Важным аргументам у гэтай спрэчцы сталі запалкі. 15 снежня 1923 года Усерасійскі сіндыкат запалкавай прамысловасці ВСНГ накіраваў у камісію ЦВК спецыяльную дакладную запіску.

Кіраўніцтва сіндыката біла трывогу: праект падзелу Гомельскай губерні разрываў напалам найбуйнейшы ў СССР запалкавы трэст «Палескі», у якім працавала каля трох тысяч рабочых. З чатырох дзеючых фабрык трэста дзве — «Везувій» у Гомелі і «Днепр» у Рэчыцы (прадукцыйнасцю 205 340 пушак запалак на год) — маглі апынуцца па адзін бок мяжы, а дзве іншыя — «Хваля Рэвалюцыі» (найбуйнейшая ў Расіі, 220 075 пушак на год) і «Рэвалюцыйны Шлях» у Навазыбкаўскім павеце — адыходзілі да Бранскай губерні. Пры гэтым цэнтральныя рамонтныя майстэрні ўсяго трэста знаходзіліся ў Навазыбкаўскім павеце, а дапаможныя фанерныя і крухмальны заводы, як і лясная сыравінная база, заставаліся на беларускім баку.

Запалкавая фабрыка «Везувій» у Навабеліцы (Гомель). Менавіта гэтую фабрыку разам з рэчыцкім «Дняпром» і навазыбкаўскімі прадпрыемствамі найбуйнейшага ў СССР трэста «Палескі» баяліся разарваць напалам савецкія чыноўнікі. Аргумент пра непадзельнасць запалкавай вытворчасці стаў галоўнай нагодай пакінуць Гомель і Рэчыцу ў складзе РСФСР да 1926 года. 1931 год. Сам запалкавы сіндыкат выступаў за далучэнне да БССР. Фота: Wikimedia Commons

Сам запалкавы сіндыкат прапаноўваў вырашыць праблему на карысць Менска: аб’яднаць усе чатыры фабрыкі Палескага трэста ў складзе БССР разам з бабруйскай фабрыкай «Бярэзіна».

Аднак гомельскі губвыканкам і большасць камісіі Енукідзэ выкарысталі аргумент пра «непадзельнасць прамысловасці» роўна ў адваротным кірунку — каб пакінуць у адной звязцы ў складзе РСФСР і Навазыбкаў, і Гомель, і Рэчыцу.

Яшчэ адзін паказальны эпізод барацьбы за Гомель звязаны з пазіцыяй нацыянальных меншасцей. У справе захавалася заключэнне кансультанта аргаддзела УЦВК Мураўёва ад 23 студзеня 1924 года.

З дакумента вынікае, што Яўрэйская і Польская секцыі ЦК РКП(б) падалі афіцыйнае хадайніцтва з патрабаваннем перадаць Гомельскі, Рэчыцкі і нават Навазыбкаўскі паветы ў склад БССР.

Яны аргументавалі гэта тым, што статыстыка 1920 года сфальсіфікаваная, а мясцовыя яўрэі і палякі жывуць кампактнымі масамі і цесна звязаныя з Беларуссю, дзе ўжо існуюць яўрэйскія і польскія школы ды газеты. Пакіданне ж гэтых паветаў у рускай губерні, на думку секцый, «ляжа цяжкім цяжарам на апарат і бюджэт губерні і што прывядзе да русіфікацыі».

Аднак крамлёўскі чыноўнік Мураўёў адхіліў гэтае хадайніцтва з фармулёўкай, якая дэманстравала сапраўднае стаўленне апарату УЦВК да беларускай культуры:

«Падводзячы груба ўлік рускага насельніцтва паветаў плюс да гэтага частка беларускага насельніцтва, якое ў сілу гістарычных умоў далучылася да рускай культуры, складае значную большасць насельніцтва Рэчыцкага і Гомельскага паветаў, якая цягнецца да РСФСР.

Далучэнне насельніцтва гэтых паветаў да параўнальна нізкай культуры Беларусі недапушчальна з культурнага пункту гледжання».

«Заключение» кансультанта Аргаддзела Мураўёва па хадайніцтве Яўрэйскай і Польскай секцый ЦК РКП. Сваю адмову перадаць БССР Гомель і Рэчыцу ён абгрунтоўвае тым, што далучэнне мясцовых жыхароў да «параўнальна нізкай культуры Беларусі недапушчальна». Дакумент з фонду ДА РФ.

Калі ў лютым 1924 года камісія СНК БССР на чале з Язэпам Адамовічам прыехала ў Гомель прымаць паўночныя паветы губерні, дайшло да адкрытага гаспадарчага канфлікту. Гомельскія чыноўнікі адмовіліся дзяліць маёмасць губернскіх устаноў, капіталы «Палесгандлю» і сельгасбанка, заявіўшы, што з-за тэндэнцыі беларускай камісіі да захопу маёмасці «губерня будзе аслаблена».

У адказ павятовыя выканкамы ў Магілёве і Рагачове, якія пераходзілі да БССР, самавольна наклалі арышт на тавары «Хлебапрадукта» і лесаматэрыялы трэста «Гомлес», каб не даць Гомелю вывезці іх у Расію.

Сам жа горад Гомель і асноўная частка Рэчыцкага павета вярнуліся ў склад БССР толькі падчас другога ўзбуйнення ў снежні 1926 года.

Смаленскі торг: як падзялілі Мсціслаўшчыну і ледзь не адабралі землі сяльгасінстытута ў Горках

У Смаленскай губерні БССР першапачаткова прэтэндавала толькі на два паветы з пераважнай большасцю беларусаў нават паводле ўрэзанага перапісу 1920 года — Горацкі (70% беларусаў, ці 101 326 чалавек са 144 621) і Мсціслаўскі (44% беларусаў, 46% велікарусаў і каля 10% яўрэяў са 117 262 жыхароў), якія да 1919 года ўваходзілі ў склад Магілёўскай губерні.

Галоўны корпус Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (інстытута) у Горках. Калі Горацкі павет адышоў да Беларусі, Смаленскі губвыканкам патрабаваў альбо адрэзаць у інстытута навучальныя землі, альбо вывесці акадэмію з падпарадкавання БССР і падпарадкаваць наўпрост Маскве. Пачатак XX ст. Фота: Wikimedia Commons

На пасяджэнні камісіі 18 снежня прадстаўнік Смаленскага губвыканкама Брылінг паспрабаваў адстаяць абодва паветы. Ён заявіў, што Мсціслаўскі павет гаспадарча цягнецца да Смаленска праз Манастыршчыну і з’яўляецца «бязбольна неадрыўным»,

а ў Горацкім павеце «шмат каталікоў, якія захавалі сваю назву шляхты, і яны сябе прылічваюць то да беларускай, то да якой-небудзь іншай нацыянальнасці — у залежнасці ад моманту», з чым смаленскія работнікі дадуць рады не горш за БССР.

Аднак камісія Енукідзэ пастанавіла перадаць Беларусі 18 валасцей з гэтых двух паветаў, даручыўшы вызначыць дакладныя межы двухбаковай камісіі на месцы.

Пратакол пасяджэння гэтай двухбаковай камісіі, якое адбылося ў Менску 8 студзеня 1924 года, паказвае, як смаленская дэлегацыя на чале з членам губвыканкама Паповым таргавалася за кожную вёску.

Беларускі бок (наркам працы Восіп Нодзель, старшыня Дзяржплана БССР Восіп Дыла і загадчык Цэнтральнага статыстычнага бюро Міхаіл Шкубер) патрабаваў перадачы ўсяго Горацкага павета і чатырох валасцей Мсціслаўскага павета з абсалютнай беларускай большасцю паводле перапісу: Шамаўскай (98% беларусаў), Старасельскай (97%), Казіміра-Слабодскай (96%) і Аслянскай (54%), з выраўноўваннем мяжы па частках Соенскай і Бохацкай валасцей.

Прадстаўнік Смаленска Папоў на сустрэчы ў Менску і следам за ім Прэзідыум Смаленскага губвыканкама ў пратаколе ад 12 студзеня і лісце да Енукідзэ ад 29 студзеня 1924 года выставілі сустрэчны ўльтыматум.

Па-першае, яны заявілі, што ў маскоўскім пратаколе адбылася «памылка» і гаворка мусіць ісці не пра 18, а толькі пра 8 валасцей.

Па-другое, Смаленск катэгарычна адмовіўся аддаваць любыя часткі Мсціслаўскага павета, аргументуючы гэта тым, што з адыходам чатырох валасцей і горада Мсціслава астатняя частка павета страціць свой эканамічны цэнтр, а нацыянальная статыстыка перапісу «вельмі хісткая».

Па-трэцяе, нават у Горацкім павеце смаленскія ўлады запатрабавалі пакінуць сабе паўночна-ўсходнія воласці — Ляднянскую, Ленінскую (былую Раманаўскую) і ўсходнюю частку Горскай воласці, спасылаючыся на тое, што раней яны ўваходзілі ў Краснінскі павет, а ў некаторых іншых валасцях павета (Маслакоўскай, Дубраўлянскай, Раснянскай) працэнт рускіх быццам бы вагаецца ад 62% да 98%.

Спроба Смаленска адрэзаць Ленінскую і Дрыбінскую воласці ад Горак біла па галоўным аграрным навуковым цэнтры рэгіёна — Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце (цяперашняя Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія). Прысутны на менскай нарадзе прадстаўнік інстытута прафесар Уладзіслаў Кіркоp вымушаны быў прасіць камісію не адразаць гэтыя воласці ад Горак, бо менавіта там знаходзіліся вучэбныя гаспадаркі і маёнткі інстытута.

На гэта Смаленскі губвыканкам у сваім пратаколе ад 12 студзеня адказаў чарговай ініцыятывай: калі ўжо Горкі адыходзяць да Беларусі, то Горацкі сельгасінстытут трэба вывесці з падпарадкавання Менска, абвясціць установай «міжрэспубліканскага значэння» і падпарадкаваць наўпрост Галоўпрафадукацыі РСФСР у Маскве.

У гэтай спрэчцы Масква падтрымала Менск: паводле пагаднення ў Мсціславе 24 лютага 1924 года і Горацкі павет цалкам разам з інстытутам, і горад Мсціслаў з прылеглымі валасцямі ўвайшлі ў склад БССР.

Праўда, мяжу па Мсціслаўскім павеце правялі проста па жывым целе навакольных вёсак. Ужо 24 сакавіка 1924 года сяляне хутароў Бізюкі Аслянскай воласці напісалі адчайнае прашэнне ў Мсціслаўскі выканкам: іх землі ляжалі ўсяго за чатыры вярсты ад Мсціслава, але новай мяжой іх адрэзалі ў Смаленскую губерню і прыпісалі да горада Рослава, да якога трэба было ехаць 95 вёрст.

На зло Польшчы. Чаму Крэмль вырашыў «прынесці ахвяру» і аддаць землі Менску

Самы каштоўны дакумент у архіўнай справе — гэта стэнаграма закрытай часткі пасяджэння камісіі 18 снежня 1923 года, дзе старшыня камісіі і сакратар ЦВК СССР Авель Енукідзэ вырашыў спыніць спрэчкі пра эканоміку і статыстыку. Ён прапанаваў прысутным гаварыць «цалкам шчыра па закранутым пытанні, з прычыны таго, што ў гэтым пасяджэнні прысутнічаюць адны камуністы».

Прамова Енукідзэ зрывае ўсе прапагандысцкія маскі з савецкай нацыянальнай палітыкі 1920‑х гадоў. Высокапастаўлены бальшавік адкрыта прызнаў, што маскоўскае кіраўніцтва лічыць беларускую мову і культуру ніжэйшай за рускую, не бачыць нічога благога ў русіфікацыі ўсходнебеларускіх губерняў і шчыра верыць, што мясцовае насельніцтва на рэферэндуме прагаласавала б за тое, каб застацца ў Расіі.

Аднак геапалітычная неабходнасць расхістаць Польшчу, дзе жылі мільёны заходніх беларусаў, пераважыла ўсе іншыя аргументы.

Варта прывесці гэты фрагмент стэнаграмы цалкам:

«Тав. ЕНУКІДЗЭ: Несумненна, памеры Беларускай рэспублікі гістарычна большыя, чым мы маем зараз і ў самой БССР і ў закардоннай частцы яе.

Пры вырашэнні гэтага пытання трэба зыходзіць з цяперашняга становішча. Велізарная большасць насельніцтва губерняў, якія адыходзяць, хоць яно свядома і прылічвае сябе да беларусаў, у сілу многіх гістарычных умоў далучылася да рускай культуры, бо руская культура вышэйшая і паступова яна выцесніла беларускую мову, побыт, і цяпер мы там маем перавагу велікаросаў. Пералічваючы іх да Беларусі, пры адсутнасці там дастатковай колькасці работнікаў на ніве культурна-асветніцкай, мы тым самым гэтае насельніцтва далучаем да больш нізкай культуры. Тут трэба гаварыць шчыра. Гэта з’яўляецца ломкай насельніцтва, і я разумею боязь беларусаў: дзеці разумеюць больш рускую мову, чым беларускую, і з пункту гледжання культурнага і інтарэсу народа мы прыносім ахвяру, якая абсалютна бязбольна прайсці не можа.

Але ў гэтым выпадку мы кіруемся палітычнымі меркаваннямі, па якіх мы павінны ўзбуйніць БССР — звярнуць увагу закардонных акраін. Вось, зыходзячы з гэтага, мы і аддаём гэтае насельніцтва БССР, узбуйняем яе і тым самым паказваем пэўную нацыянальную палітыку савецкай улады.

Там ідзе польскае засілле, і ўрад праводзіць яго яшчэ з большай рашучасцю, чым гэта было ў царскія часы. Мы зацікаўленыя, каб прыцягнуць увагу мільёнаў беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы. Мы гэта і робім. Пытанне вырашанае.

Вырашыць гэтае пытанне на падставе плебісцыту (а я ўпэўнены, што калі гэты плебісцыт правесці староннім асобам, то большасць, у сілу кансалідацыі, выкажацца за пакіданне ў межах РСФСР), з прычыны палітычных меркаванняў, мы не можам».

Старонка стэнаграмы закрытага пасяджэння камісіі 18 снежня 1923 года з прамовай Авеля Енукідзэ, дзе ён заклікае гаварыць шчыра, бо ў зале «адны камуністы». Дакумент з фонду ДА РФ.

Гэтыя словы Енукідзэ тлумачаць і палавіністы характар самога працэсу ўзбуйнення 1924 года, які эмігранцкі прэм’ер БНР Вацлаў Ластоўскі ў ковенскім часопісе «Крывіч» тады ж назваў «трэцім падзелам Беларусі папалам паміж Маскоўшчынай і Менскам», і далейшы правал беларусізацыі ў тых паветах, якія пакінулі ў складзе РСФСР — у Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай губернях.

Як толькі ў канцы 1920‑х — пачатку 1930‑х гадоў у Крамлі змяніліся замежнапалітычныя прыярытэты, а замест заляцанняў да нацыянальных рухаў за мяжой пачалася фарсіраваная індустрыялізацыя і барацьба з «нацыянал-дэмакратызмам», патрэба ў «прынясенні ахвяры» беларускай культуры адпала.

У 1929 годзе са Смаленскай, Бранскай і часткі Пскоўскай губерняў была ўтвораная тая самая Заходняя вобласць з цэнтрам у Смаленску, пра якую марылі праціўнікі ўзбуйнення БССР у 1923 годзе, а ўсе фармальна адкрытыя там беларускія школы і сельсаветы былі ліквідаваныя да 1933 года.

Тэрыторыі, набытыя БССР у выніку двух узбуйненняў у 1924 і 1926 гг. Фота: Wikimedia Commons

Тэрыторыі ж, якія беларускім камуністам удалося вырваць у расійскай губернскай бюракратыі ў сакавіку 1924 года (каля 58 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам звыш 2,6 мільёна чалавек) і дапоўніць Гомелем ды Рэчыцай у 1926 годзе, сфармавалі ўсходні край сучаснай Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Ці шкодзяць цесныя трусы? Найбуйнейшае даследаванне20

У Беларусі прадаецца рэдкая манета, якую можна выкарыстоўваць як аб'ектыў у фотаапараце. Што за яна?

У беларускай краме ізраільскія авакада каштуюць танней, чым айчынныя агуркі2

Беларусы расказалі, як 20 дзён хадзілі па арктычнай глухмені. Цяпер там ёсць перавалы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча

Абвешчаны пераможца прэміі Гедройця. Але сапраўдную назву кнігі ведаюць толькі сябры журы10

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек27

У беларускім ютубе вайна страйкаў — прыляцела Пятрухіну6

Маці кантрабандыста з беларускімі каранямі верне Літве 155 тысяч еўра, заробленыя на цыгарэтах1

Дзяўчына памяняла горад на вёску і разводзіць курэй, якія нясуць каляровыя яйкі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць