Больш не трэба выводзіць татуіроўкі? Іх навучыліся рабіць нябачнымі
Амерыканскія навукоўцы распрацавалі адмысловую фарбу для татуіровак, дзякуючы якой малюнкі на скуры можна рабіць нябачнымі, а потым зноў праяўляць. Як працуе незвычайная тэхналогія, расказвае The Conversation.

Уявіце, што перад сумоўем на працу вы можаце зрабіць свае татуіроўкі нябачнымі, а збіраючыся на вечарыну, зноў іх паказаць. Гучыць як фантастыка, але неўзабаве гэта можа стаць рэальнасцю, бо навукоўцы з Каларадскага ўніверсітэта ў Боўлдары стварылі фарбу PhotoTat, якая становіцца каляровай пад уздзеяннем ультрафіялету, а пры яркім белым святле зноў робіцца амаль нябачнай.
Сакрэт у фотахромных пігментах — рэчывах, якія змяняюць колер пад уздзеяннем святла. Падобны прынцып даўно выкарыстоўваецца ў акулярах з лінзамі, якія цямнеюць на сонцы.
У новай фарбе гэтыя пігменты змешчаныя ў мікраскапічныя палімерныя часцінкі. Ультрафіялетавае выпраменьванне змяняе структуру малекул, і пігмент набывае колер. Дастаткова пасвяціць на скуру ўльтрафіялетавай лямпай дзве-тры секунды, каб татуіроўка праявілася. А яркае белае святло запускае адваротную рэакцыю, і малюнак знікае з вачэй.
Пры гэтым сама фарба нікуды не дзяецца — яна застаецца пад скурай, як і пры звычайнай татуіроўцы.
Першая такая фарба чырвонага колеру з'явілася ў продажы яшчэ ў 2024 годзе пад назвай Magic Ink. Яе выпусціла амерыканская біятэхналагічная кампанія Hyprskn. Праўда, яна прыкладна ў 100 разоў даражэйшая за звычайную фарбу для татуіровак.
Цяпер даследчыкі распрацавалі яшчэ тры колеры: сіні, пурпуровы і жоўты. Камбінуючы іх, можна атрымаць яшчэ 16 адценняў. Гэта дазваляе ствараць шматколерныя татуіроўкі, якія можна рабіць бачнымі і нябачнымі з дапамогай святла.
Аднак новая фарба пакуль мае шэраг недахопаў. Напрыклад, сонечнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне можа нечакана праявіць схаваную татуіроўку. А пры звычайным асвятленні ў памяшканні малюнак паступова блякне і праз некалькі дзён можа стаць нябачным.
Ёсць праблемы і з устойлівасцю фарбаў. У прыватнасці, сіні пігмент пакуль вытрымлівае толькі ад 10 да 100 цыклаў праяўлення і знікнення, пасля чаго можа пакінуць пастаянны фіялетавы след. Да таго ж новыя пігменты яшчэ павінны прайсці ўсебаковую праверку бяспекі. На гэта, імаверна, спатрэбіцца некалькі гадоў.
Але тэхналогія можа знайсці прымяненне і ў медыцыне. Напрыклад, пры прамянёвай тэрапіі пацыентам наносяць на скуру пастаянныя пазнакі, каб дакладна накіроўваць апраменьванне. Таксама імі адзначаюць месцы біяпсіі.
Пасля лячэння такія татуіроўкі застаюцца на ўсё жыццё і могуць нагадваць пра цяжкі перыяд. З новай фарбай медыкі маглі б рабіць пазнакі бачнымі толькі падчас працэдур, а ў астатні час яны былі б практычна незаўважныя.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары