Свет

Ізраіль загрузіў мільёны фотаздымкаў у сістэму распазнавання твараў Amazon, каб сачыць за палесцінцамі

Для назірання за палесцінцамі ізраільская армія выкарыстоўвае не толькі ўласныя распрацоўкі, але і амерыканскія тэхналогіі. Новыя падрабязнасці супрацоўніцтва вайскоўцаў з Amazon паведамляе The Guardian.

Камеры назірання на ізраільскім кантрольна-прапускным пункце ў Хеўроне. 26 кастрычніка 2026 года. Фота: Anadolu / Getty Images

У распараджэнне журналістаў The Guardian трапілі дакументы, якія раскрываюць маштабы выкарыстання воблачных тэхналогій Amazon ізраільскай арміяй падчас вайны ў Газе. Высветлілася, што ў пачатку 2024 года вайскоўцы загрузілі на серверы амерыканскай кампаніі 3,5 мільёна фотаздымкаў для выкарыстання ў праекце распазнавання твараў.

Здымкі перадала падраздзяленне ізраільскай арміі, вядомае як Rolling Stone. Яно ўваходзіць у вайсковую структуру, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, і працуе з вялікай базай інфармацыі пра палесцінцаў у сектары Газа і на акупаваным Заходнім беразе ракі Іардан.

Як ізраільская армія выкарыстоўвае распазнаванне твараў

У пачатку 2024 года падраздзяленне Rolling Stone паведаміла Amazon пра намер выкарыстоўваць Rekognition — сэрвіс кампаніі, які з дапамогай штучнага інтэлекту аналізуе выявы і дазваляе распазнаваць твары людзей. Вайскоўцы разглядалі гэтую тэхналогію як інструмент для працы з вялізнымі архівамі фотаздымкаў палесцінцаў.

Само распазнаванне твараў ізраільская армія ўжывала і раней, асабліва на Заходнім беразе Іардана. Там сканаванне твараў стала звычайнай практыкай на кантрольна-прапускных пунктах, а вайскоўцы карыстаюцца спецыяльнымі мабільнымі праграмамі для збору фотаздымкаў мясцовых жыхароў.

Пасля пачатку наземнай аперацыі ў Газе ў кастрычніку 2023 года падобныя тэхналогіі пачалі шырока выкарыстоўваць і там. На часовых кантрольна-прапускных пунктах, праз якія праходзілі ў тым ліку людзі, вымушаныя пакінуць свае дамы з-за баявых дзеянняў, камеры фатаграфавалі палесцінцаў. Праграмы распазнавання твараў параўноўвалі атрыманыя здымкі з выявамі ў вайсковых базах даных.

Людзей, якія выклікалі падазрэнні, вылучалі з агульнага патоку і затрымлівалі. Паводле структур ААН і праваабарончых арганізацый, многіх затрыманых утрымлівалі без сувязі са знешнім светам.

Пры гэтым журналісты The Guardian не змаглі высветліць, ці ўваходзілі ў перададзеныя Amazon 3,5 мільёна фотаздымкаў выявы, зробленыя менавіта на КПП у Газе. Аднак крыніца ў ізраільскай арміі паведаміла, што воблачную інфраструктуру Amazon выкарыстоўвалі з-за велізарнай колькасці здымкаў, сабраных на гэтых пунктах.

Распазнаванне твараў служыла і іншым мэтам. На пачатку вайны ізраільская армія выкарыстоўвала Rekognition для ідэнтыфікацыі закладнікаў, захопленых падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Падобныя тэхналогіі прымяняліся таксама для пошуку людзей, якіх вайскоўцы падазравалі ў прыналежнасці да ўзброеных груповак.

Аднак дакладнасць такіх сістэм выклікае пытанні. Раней The New York Times паведамляла, што падчас выкарыстання распазнавання твараў у Газе ізраільскія вайскоўцы часам памылкова вызначалі мірных жыхароў як падазраваных баевікоў.

У пачатку 2024 года невялікая група ізраільскіх вайскоўцаў працавала непасрэдна ў офісе Amazon Web Services (AWS) у Тэль-Авіве. Паводле крыніц The Guardian, яны вывучалі, як выкарыстаць воблачныя магчымасці кампаніі для больш эфектыўнай працы сістэмы распазнавання твараў у Газе. Пры гэтым журналістам не ўдалося высветліць, ці былі вынікі гэтай працы ўкаранёныя і ці мела яна непасрэднае дачыненне да загружаных фотаздымкаў.

Асаблівы кантракт Amazon з Ізраілем

Выкарыстанне тэхналогій распазнавання твараў — толькі частка значна шырэйшага супрацоўніцтва ізраільскай арміі з Amazon. Паводле дакументаў і вайсковых крыніц The Guardian, у апошнія гады Ізраіль перанёс у дата-цэнтры кампаніі вялізныя аб'ёмы інфармацыі, у тым ліку сакрэтныя разведвальныя матэрыялы і асабістыя звесткі пра палесцінцаў, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях.

Асновай гэтага супрацоўніцтва стаў шматмільярдны кантракт Project Nimbus, заключаны ў 2021 годзе. У яго межах амерыканскія Amazon і Google забяспечваюць воблачнымі тэхналогіямі ізраільскія дзяржаўныя структуры, у тым ліку вайсковыя.

У пачатку 2023 года AWS адкрыла ў Ізраілі новыя цэнтры апрацоўкі даных. Гэта дазволіла дзяржаўным і вайсковым кліентам пераносіць туды інфармацыю з уласных сервераў, а таксама з іншых сховішчаў Amazon, у тым ліку ў Ірландыі. Для ізраільскай арміі ў дата-цэнтрах каля Тэль-Авіва стварылі асобнае асяроддзе з узмоцненай фізічнай і лічбавай абаронай.

Але ў кантракта Nimbus ёсць яшчэ адна важная асаблівасць. Як высветліла The Guardian, яго ўмовы забараняюць Amazon і Google самастойна спыняць або абмяжоўваць доступ ізраільскіх дзяржаўных і вайсковых структур да воблачных паслуг, нават калі тыя парушаюць правілы іх выкарыстання.

Гэта адрознівае сітуацыю ад гісторыі з Microsoft. У 2025 годзе амерыканская кампанія адключыла ізраільскай арміі доступ да сваіх тэхналогій, якія выкарыстоўваліся для масавага сачэння за палесцінцамі. Рашэнне было прынята пасля расследавання The Guardian і ізраільскага выдання +972 Magazine.

У адказ на запыт журналістаў прадстаўнік AWS заявіў, што кампанія не мае магчымасці бачыць, якія менавіта задачы выконваюць кліенты ў яе воблачнай інфраструктуры, і не абмяркоўвае адносіны з імі без іх згоды.

У Amazon таксама назвалі звычайнай практыкай наведванне офісаў кампаніі кліентамі для сустрэч і кансультацый. Меркаванні пра асаблівы характар сустрэч з ізраільскімі вайскоўцамі ў AWS адхілілі як неабгрунтаваныя.

Каментары

Цяпер чытаюць

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Усе навіны →
Усе навіны

У Светлагорску рэканструююць ЦКК, дадаўшы новыя аб'екты

У Крамлі заявілі, што будуць далей ваяваць дзеля «міру на стагоддзі»5

У Бабруйску мужчына перарабляў сігнальныя пісталеты ў баявыя1

Як Джэнсэн Хуанг адкрыў Кітаю абводную дарогу да ўдзелу ў ШІ-гонцы5

У Гродне раварыст насмерць збіў пенсіянера2

З’явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў Крымскага моста пасля ўкраінскай атакі5

Аляксандр Ярашук: Мяне бессэнсоўна ламаць — я не здраджу сваім прынцыпам і каштоўнасцям2

Беларус на юнацкай Алімпіядзе заваяваў бронзу ў брэйкінгу. Вось як яго сустрэлі дома2

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»28

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам ракет «Фламінга»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць