Меркаванні1414

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Піша Павал Севярынец.

…І ўзвёў іх на гару высокую адных, і пераўтварыўся перад імі, і заззяла аблічча Ягонае, а ўбранне Ягонае стала белае, як святло.

Мацвея 17:2

За колькі тыдняў да адпраўкі на «хімію» да мяне ў кантакце пагрукаўся нейкі барадаты малады чалавек са светлымі вачыма, і даслаў допіс, адна толькі назва якога прымусіла мяне паморшчыцца: «Бог, у якога я не веру». Ну вось, думаю, зноў праваслаўны атэізм.

Але пост аказаўся цытатай з Хуана Арыяса, іспанскага каталіка, і з першых словаў мне стала зразумела — я таксама не веру:

— У Бога, які любіць боль

— У Бога, які прымушае сябе баяцца

— У Бога-дзядулю, якім можна злоўжываць

— У Бога, які аддае сябе ў манаполію адной царквы, нацыі, культуры ці касты

— У Бога, які «гуляе» ў людзей, каб асудзіць іх

— У Бога, які маўчыць у гісторыі і абыякавы да пытанняў, што трывожаць спакутаванае чалавецтва

— У Бога тых, хто думае, што любіць Бога, бо не любіць нікога

Ужо ў пружанскай Спаса-Прэабражэнскай царкве, паглядзеўшы на маладога бацюшку, я

ахнуў: барадач са светлым позіркам аказаўся айцом Сергіем, у якога мне спавядацца.

Вось і не вер пасля гэтага.

Айцец Сергій чытае Меня і Бярдзяева, цікавіцца гісторыяй і філасофіяй, мае вялізную бібліятэку, неяк служыў у блізкіх Засімавічах набажэнства па-беларуску, выхоўвае дачку Арыну, беларускамоўную верніцу і слухачку N.R.M.

Гляджу на яго і думаю:

у Якога Бога вераць тут, у беларускай глыбіні?
Няўжо Бог пратэстанцкага місіянера Тайса з Купліна, Бог каталіцкага ксяндза Казіміра Свёнтка, што пачынаў свой крыжовы шлях у Пружанскім касцёле, Бог праваслаўнага перакладчыка Бібліі Васіля Сёмухі з Ясенца і Бог айца Сергія — Адзін і Той жа?

У гэтай беларускай глыбіні тэолаг, славіст, выкладчык экзэгетыкі і герменэўтыкі Віленскага універсітэта Міхал Баброўскі, высланы з колішняй сталіцы па справе філаматаў, шукаў Бога ў адзінстве хрысціянаў — спярша як уніяцкі, потым як праваслаўны святар. І няхай Баброўскага называлі то сваім, то чужым і ў заходняй, і ва ўсходняй царкве — ён усім сваім жыццём сцвярджаў

веру ў Бога, вышэйшага за міжканфесійныя звягі.

У гэтых самых Пружанах у сярэдзіне ХІХ ст. каталікі,

не маючы грошай завершыць вялікі касцёл на 1000 чалавек, перадалі камяніцу праваслаўным, а тыя дабудавалі царкву Раства Храстова (па-каталіцку, алтаром на захад), і заадно непадалёк — касцёл
, што стаіць дагэтуль: пэўна ж, людзі верылі ў Бога, у Якога не каменнае сэрца, а жывое.

Казімір Свёнтак, першы беларускі кардынал з XVIII ст., сваё служэнне пачынаў у тым самым пружанскім касцёле, быў арыштаваны і засуджаны на смерць, прайшоў сталінскі ГУЛАГ і ўсё-такі ўбачыў бел-чырвона-белы сцяг Хрыста па-над урадавымі будынкамі —

верыў у Бога, Які не дае выпрабавання звыш сілаў.

Айцец Канстанцін Пілінкевіч, настаяцель Пружанскай Прачысценскай царквы, што за польскім часам абараняў правы беларусаў і, выступаючы перад тагачаснымі дзяржаўнымі дзеячамі, казаў: «Наша думка аб тым, каб не глядзелі бы на нас, праваслаўных, коса, каб не лічылі бы нас за грамадзянаў ніжэйшага гатунку» (за што і быў адхілены ад пасады) — верыў у Бога, Які даў беларусам зямлю, мову і права людзьмі звацца.

Тутэйшыя пратэстанты, чые бацькі

друкавалі ў Белавежскай пушчы Бібліі для ўсяго былога Савецкага Саюза
, пратэстанты, што прапаведуюць Евангелле на гарадскім дне і толькі цярпліва ўсміхаюцца, калі чуюць грэблівае «сектанты», сярод якіх і патомныя баптысты-антысаветчыкі, і місіянер-пастар Тайс — вераць у Бога, Які не пакіне чалавека ані ў Афрыцы, ані ў Беларусі, Які моцны выцягнуць з жыццёвага гною і апошняга ізгоя, і скончанага п’яніцу.

А пружанец Васіль Сёмуха, адзін з найлепшых беларускіх перакладчыкаў, уклаў у свой пераклад Бібліі столькі глыбокае беларускае прыгажосці і ласкі, столькі моўнага хараства, што нават нягледзячы на багаслоўскія недахопы, і вернікі, і святары згаджаюцца: Дзядзька Васіль верыць у Бога, Які ёсць Любоў.

* * *

Ісус пераўтварыўся перад вучнямі на гары.

Пружанская царква Пераўтварэння, куды мне дазволена выязджаць у нядзелі, таксама стаіць на горцы, на праваслаўных могілках. Насупраць, праз дарогу — капліца каталіцкая, і могілкі адпаведныя. Вуліца так і называецца — Горка. Дужа беларуская Горка: так і чуецца ў гэтым магільным раздзяленні штосьці горкае. Але менавіта

тут, калі народ хорам спявае на царкоўнаславянскай з яўным беларускім маўленнем — акунаешся ў тую глыбіню, дзе калісьці жыў Скарына.

Тады, у залатым ХVI ст. каралева Ганна з дазволу Жыгімонта Аўгуста пабудавала на Горцы, на землях, адведзеных Змітром Сапегам, царкву. Храм разбураўся, гарэў і ўваскрасаў. Ужо ў нашыя дні айцец Ігар адбудаваў Спаса-Прэабражэнскую царкву, у 1943-м адноўленую пад нямецкай акупацыяй, а ў 1985 спаленую за камуністамі. Бацюшка з глыбокім зычным голасам апякуецца «хімікамі» і часцяком заседжваецца ў дзяжурцы з міліцыянтамі. Уся царква любуецца, як ён прычашчае дзяцей:

— Прычашчаецца раба Божая Анастасія… Адкрываем роцік. Та-ак. Прычашчаецца раба Божая Ксенія… Ксенія, не грызі пазногці. Прычашчаецца раб Божы Раман… ну, і дзе мы прападалі?

Тут, у царкве Пераўтварэння вобразы і падабенствы Хрыстовыя выяўляюцца ва ўсёй прыгажосці і разнастайнасці. У абліччах, малітвах, жыццях святароў і вернікаў, у літургіі і прычасці, перагукаюцца званамі з касцёльнай імшой і хорам з праслаўленнем у евангелістаў — і вось у беларускай глыбіні, пакутлівай і трапяткой, скрозь стагоддзі

нараджаецца Той, у Каго верылі Сапега і Жыгімонт Аўгуст, Баброўскі і Свёнтак, вераць Тайс і Сёмуха, у каго верыш ты — Справядлівы і Міласэрны, Адзіны і Нязменны Бог.

Глядзі яшчэ: Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Каментары14

Цяпер чытаюць

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве4

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса ў аэрапорце Мюнхена знялі з рэйса ў Турцыю

Лукашэнка зноў заклікаў Зяленскага тэрмінова здавацца 36

Наста Базар паступіла на праграму Каліноўскага і хоча стаць сацыялагіняй: «Вучоба пасля 40 гадоў — своеасаблівы эліксір маладосці»84

Мінздароўя пракаментавала масавае атручванне ў мінскім бістро «Піт Stop»1

У Крамлі заявілі пра «сур'ёзную занепакоенасць» з-за магчымых паставак «Тамагаўкаў» Кіеву9

«Тое, што трэба пенсіянерам». Беларускі экзашкілет нібыта ад МТЗ захапіў тыкток3

«Лёс тых, хто вярнуўся, быў трагічны». 100 гадоў таму беларускія палітэмігранты прызналі Менск «адзіным цэнтрам»3

Ці можна піць шампанскае маладым у ЗАГСе?3

У Кітаі адказалі на ўвядзенне Трампам дадатковых пошлін на кітайскія тавары2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве4

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць