Цыкл канцэртаў «Мінская вясна-2013» пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 9 красавіка па 6 мая.
Сёлета музычны праект прысвечаны паўвекавому юбілею буйнейшага ў краіне інструмента — аргана Вялікай залы філармоніі.
Святочная праграма разлічана на пяць вечароў.
Адкрыецца форум
гала-канцэртам беларускіх і расійскіх арганістаў. Саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанцін Шароў, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, салістка канцэртнай залы «Полацкі Сафійскі сабор» Ксенія Пагарэлая, расійская арганістка, кампазітар і музыказнавец Марыя Воінава выканаюць творы Іагана Себасцьяна Баха, Георга Фрыдрыха Гендэля, Макса Рэгера, Алега Янчанкі, Ігара Алоўнікава і Марыі Воінавай. Ансамбль «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам дырыжора Дзмітрыя Зубава пры ўдзеле нямецкага арганіста Марціна Цімана і ўладальніка ўнікальнага голасу, контртэнара і скрыпача Дзмітрыя Сінькоўскага 13 красавіка прадставяць публіцы канцэрты І.С.Баха і А.Вівальдзі.
Нямецкі арганіст, прафесар Іаганес Геферт выступіць у Мінску сольна 17 красавіка.
У яго праграме — музыка І.С.Баха, Н.Брунса,
Шарля-КаміляСен-Санса, Фелікса
Мендэльсона-Бартольдзі і Луі В’ерна.
Упершыню філармонія аддасць 23 красавіка цэлы канцэрт выпускнікам і студэнтам акадэміі музыкі.
Выступяць арганісты Валянціна Бандарэнка, Вольга Таборка, Калініка Мядзведзева, Вольга Падгайская, Кацярына Нікалаева і іх педагог Уладзімір Неўдах (арганіст Архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі). Яны выканаюць творы Іагана Себасцьяна Баха,
кампазітараў-рамантыкаў і беларускую музыку ХХІ станогоддзя.
Завершыцца фестываль 6 мая канцэртам у Сусветны дзень аргана.
Фінальнае выступленне будзе прысвечана
850-годдзю славутага Сабора Парыжскай Божай Маці Notre Dame de Paris. Буйнейшы прадстаўнік сучаснай арганнай школы заслужаны артыст Расіі Аляксандр Фісейскі выступіць з новай праграмай «Французскі сімфанічны арган».
Арганізоўваючы форум, Белдзяржфілармонія ставіць эксперымент. Звычайна ў месяц даюць адзін такі канцэрт. Святкаванне ж юбілею разлічана на пяць вечароў. Цыкл канцэртаў «Мінская вясна-2013» пройдзе пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.
Каментары