«Павісла на гэтых жалязяках». Мінчанцы турнікетам зламала нагу ў метро
У канцы красавіка мінчанка Алена зламала нагу ў метро і надоўга выпала са звыклага рытму жыцця. Метрапалітэн адмаўляе ў кампенсацыі.

«Мама спусцілася на станцыю «Малінаўка», прыклала праязны да валідатара, і калі загарэлася зялёная стрэлка, пачала праходзіць. У гэты момант створкі турнікета рэзка ўдарылі яе па назе», — напісаў у Onliner.by Андрэй, сын пацярпелай. — «У выніку — пералом вялікай косткі нагі ў двух месцах».
Пасля інцыдэнту жанчына звярнулася да кіраўніцтва метрапалітэна з просьбай правесці праверку і выплаціць страхоўку.
«Праз некаторы час прыйшоў афіцыйны адказ: маўляў, мама сама вінаватая, а выпадак не з’яўляецца страхавым», — кажа Андрэй.
«Адчула рэзкі боль — і не магла стаяць на нагах»
Алена Іванаўна лічыць тыдні да таго моманту, калі ёй здымуць гіпс з нагі. Паводле прагнозу дактароў, насіць яго прыйдзецца восем тыдняў, зараз ідзе толькі пяты.
— Той раніцай я збіралася ехаць да свекрыві. Ёй 93 гады, і мы з іншай нявесткай дзяжурым па чарзе: тыдзень яна, тыдзень я. У аўторак, 28 красавіка, прыкладна а 08:10 я спусцілася ў падземны пераход станцыі «Малінаўка» з боку скрыжавання вуліцы Ясеніна і праспекта Дзяржынскага, — апісвае мінчанка. — У мяне быў праязны на ўсе віды транспарту, уключаючы метро. Я падышла да першага турнікета, прыклала картку і пасля кароткага гукавога сігналу і зялёнай «птушачкі» зрабіла крок наперад (падкрэслім, што ў прадпрыемства іншая версія: аплата нібыта не была зафіксавана). У гэты момант, па словах гераіні, ахоўныя рамкі нечакана сціснуліся і ўдарылі яе па нагах.
— Усё адбылося імгненна: я адчула рэзкі боль, не магла стаяць і проста павісла на гэтых «жалязяках». Да мяне адразу падбеглі супрацоўнікі метро — двое маладых хлопцаў, — паднялі і пасадзілі на крэсла. Яны спыталі праязны, бо думалі, што дакумент пратэрмінаваны.
Але ён быў дзейны да 2 мая ўключна, у мяне нават быў чэк, — успамінае Алена Іванаўна. — Потым я чула, як адзін з супрацоўнікаў кудысьці тэлефанаваў, казаў: «Праверце лінію» і назваў, відаць, нумар апарата.
Далей падышла дзяўчына, таксама супрацоўніца метро, і папрасіла напісаць заяву, што я «не маю прэтэнзій». Але я адмовілася. Паколькі боль у назе ўзмацніўся, выклікалі хуткую. Да машыны яе неслі ўжо на насілках. У бальніцы зрабілі КТ: дыягнаставалі пералом абодвух мышчалкаў галёнкавай косткі ногі.
— Мне наклалі лангету ад сцягна да стапы. Вось сяджу і чакаю. У канцы чэрвеня зробяць кантрольнае КТ, і будзе бачна, ці можна хаця б ступаць на нагу. Увогуле, уліпла так ўліпла! Цяпер магу перасоўвацца толькі з дапамогай мыліцаў або крэсла. Дактары папярэдзілі, што ў маім узросце (66 гадоў) аднаўленне зойме шмат часу.

Па словах Алены Іванаўны, яна шмат гадоў карыстаецца падземкай і ніколі не сутыкалася з такімі праблемамі.
— Шчыра кажучы, цяпер буду баяцца хадзіць праз гэтыя турнікеты. Буду праходзіць толькі там, дзе дзяжурыць супрацоўнік. Да гэтага выпадку і падумаць не магла, што гэтыя жалезныя створкі могуць так сур’ёзна траўмаваць. Свекрыві 93 гады, яе трэба даглядаць, а я сама ляжу…
Метрапалітэн: «Аплата праезду не зафіксавана»
Пасля інцыдэнту пацярпелая напісала зварот да кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна з просьбай правесці праверку па факце здарэння. Таксама яна прасіла выплаціць страхоўку і прадаставіць відэазапіс з камер назірання за 28 красавіка — з моманту ўваходу ў вестыбюль і да транспартавання ў машыну хуткай дапамогі.
Нагадаем, што ў Беларусі дзейнічае абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі. Пацярпелы ў падземцы чалавек можа разлічваць на кампенсацыю, але пры шэрагу ўмоў. Па-першае, траўма павінна быць атрыманая непасрэдна ў працэсе перавозкі (у вагоне, на эскалатары пры захаванні правіл ці на платформе). Па-другое, інцыдэнт не павінен быць вынікам грубай неасцярожнасці або парушэння правіл карыстання метро самім пасажырам (напрыклад, спроба праскочыць «зайцам»). І, канешне, пашкоджанні павінны быць зафіксаваны медыкамі.
Аднак у выплаце страхоўкі мінчанцы адмовілі. Гэта вынікала з адказу прадпрыемства, атрыманага ёй у канцы мая.
У дакуменце гаварылася, што па факце надзвычайнага здарэння правялі службовае расследаванне: праверылі турнікет, вывучылі архіў сістэмы відэаназірання і базу даных кантролю аплаты праезду за 28 красавіка. У метрапалітэне сцвярджаюць, што турнікет (аўтаматычны кантрольны пункт — АКП) быў цалкам спраўны, а траўма атрымана не па віне перавозчыка.
«Па выніках аналізу матэрыялаў архіва сістэмы відэаназірання ўстаноўлена, што ў 08:12 вы зайшлі ў вестыбюль №1 станцыі «Малінаўка», прайшлі да АКП, прыклалі да валідатара праязны дакумент і, не пераканаўшыся ў наяўнасці на пярэдняй панэлі дазваляльнага сігналу ў выглядзе зялёнай стрэлкі, зайшлі ў АКП №0642, дзе адбылося закрыццё створак», — гаворыцца ў адказе.

Таксама ў дакуменце пазначана, што, згодна з базай даных кантролю аплаты праезду, у той прамежак часу «аплата праезду з выкарыстаннем бескантактавай смарт-карты не была зафіксавана».

У дадзеным выпадку, тлумачыць перавозчык, турнікет адпрацаваў у адпаведнасці са сваім функцыянальным алгарытмам: пры спробе пасажыра прайсці пры ўключаным чырвоным сігнале створкі зачыняюцца.
Далей прадпрыемства растлумачыла, чаму Алена Іванаўна не можа разлічваць на кампенсацыю. Калі перакласці з юрыдычнай мовы на простую: у момант атрымання траўмы, паколькі аплата праезду не была зафіксавана, жанчына афіцыйна не лічылася пасажырам.
«Пасажыр — фізічная асоба, якая ў адпаведнасці з дамовай перавозкі ажыццяўляе пасадку ў транспартны сродак (у тым ліку вагон) або высадку з яго. <…> Заключэнне дамовы пацвярджаецца аплатай праезду з выкарыстаннем жэтона, электроннага білета, праязнога дакумента з адзнакай у валідатары або прад’яўленнем дакумента на льготы. Дагавор перавозкі лічыцца заключаным з моманту праходу пасажырам кантрольнага турнікета (лініі кантролю). Улічваючы названае, задаволіць вашы патрабаванні не ўяўляецца магчымым, паколькі факт прычынення шкоды вашаму здароўю не адносіцца да страхавога выпадку і віна дзяржпрадпрыемства «Мінскі метрапалітэн» адсутнічае», — гаворыцца ў афіцыйным адказе.

«Збіраемся ў суд»
Пазіцыя транспартнікаў Алену Іванаўну катэгарычна не задаволіла. Яна настойвае: правілаў не парушала.
— У мяне быў дзейны праязны, і я на сто працэнтаў упэўненая, што чула характэрны сігнал і бачыла зялёную стрэлку. Мая сястра расказвала, што бачыла падобную сітуацыю на станцыі «Плошча Якуба Коласа»: там таксама турнікет спрацаваў і траўмаваў жанчыну. Значыць, тэхніка таксама можа памыляцца. Акрамя таго, сын прасіў асабіста паказаць яму запісы з камер, каб уласнымі вачыма ўбачыць, якога колеру гарэла стрэлка ў момант майго праходу. Але яму адмовілі. Чаму? Бо гэта адразу зняло б усе пытанні.
Па словах Андрэя, сына гераіні, яны маюць намер звярнуцца ў суд і там адстойваць сваю правату. Сям’я лічыць, што аўтаматыка дала збой, за які цяпер пажылы чалавек расплачваецца ўласным здароўем.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары
Што за карацельная сістэма?! Як вы дасталі карацелі, каранікі, карпенковы і прочыя падонкі!
Нават у ну пагадзі мульчіку гэтая праблема абсмейвалася. А сістэма настолькі без зваротнай сувязі што дагэтуль нармальны кантроль не зрабілі. Некампетэнтныя мярзаўцы з зачосамі! Ідзіце двары мясці!!