Гісторыя3838

Пяць прычын, чаму беларусы павінны ганарыцца мецэнаткай Магдаленай Радзівіл

Тое, што прах славутай беларускай мецэнаткі перавезлі з Швейцарыі ў Беларусь — падзея гістарычная. Тлумачым, чаму, і распавядаем падрабязнасці доўгай дарогі Магдалены ў мясціны, якія яна сапраўды любіла.

1. Заўсёды падкрэслівала, што яна — беларуска

Магдалена была беларускай і лічыла сябе беларускай. Заўсёды падкрэслівала, што яна не полька, не ўкраінка, а менавіта беларуска. Для размоў з блізкімі ўсё жыццё абірала альбо беларускую, альбо французскую мову. За гэта (і не толькі) яе нават празвалі «Беларусіха».

Марыя Магдалена хацела, каб беларускае насельніцтва гаварыла на роднай мове, таму размаўляць па-беларуску — было абавязковай умовай ва ўсіх яе маёнтках.

2. Развівала беларускамоўную адукацыю

Адкрыла сем пачатковых беларускамоўных школ — гэта былі першыя агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы на Беларусі. Заснавала ў мястэчку Узда рамесную вучэльню для сялянскіх дзяцей, дзе навучанне таксама вялося па-беларуску.

Дапамагала студэнтам Віленскага ўніверсітэта, для якіх вызначыла некалькі стыпендый.

3. Падтрымлівала беларускую перыёдыку і кнігі

Ахвяравала грошы выдавецтву «Загляне сонца ў наша ваконца» ў Пецярбургу, Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні, каталіцкаму клерыкальнаму часопісу «Bielarus», які выходзіў на лацінцы, а таксама «Нашай Ніве».

За яе сродкі былі надрукаваныя кнігі «Вянок» Максіма Багдановіча (1913), «Рунь» Максіма Гарэцкага (1914), «Родныя з’явы» Тараса Гушчы (Якуба Коласа, 1914), «Курганная кветка» Канстанцыі Буйло (1914), «Васількі» Ядвігіна Ш. (1914).

4. Матэрыяльна дапамагала беларускім каталікам

Фінансавала будаўніцтва інтэрната семінарыстаў у Вільні.

У 1917 годзе перадала сваё дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. Праз сем гадоў святар Фабіян Абрантовіч прадаў яго за $15 тысяч і перадаў грошы беларускім айцам-марыянам у Друі.

Княгіня была шчырай каталічкай, але дапамагала розным канфесіям.

5. Выступала за стварэнне БНР

Магдалена была супраць бальшавікоў і ў 1918 годзе выказала актыўную падтрымку Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Імша ў Фрыбургу. Развітанне Магдалены з кляштарам, дзе яна правяла свае апошнія гады, і развітанне са Швейцарыяй. 

«Усе беларусы павінны ведаць, што Магдалена вярнулася ў Беларусь»

Прах знакамітай мецэнаткі са Швейцарыі прывёз намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега напярэдадні сёмага З’езду беларусаў свету. Аляксандр вельмі хацеў, каб гэта адбылося крыху раней, да 8 ліпеня — дня нараджэння Магдалены Радзівіл. Але бюракратычныя працэдуры занялі зашмат часу.

«Калі Марыя Магдалена знаходзілася за мяжой, яна казала, што, імаверна, Бог не зусім ведае, колькі ў яе засталося сродкаў. Вельмі шмат беларусаў звярталіся да яе па дапамогу, і яна нікому не магла адмовіць. Вялікую частку сродкаў, якія змагла захаваць пасля ўцёкаў за мяжу, яна аддала беларусам, — заўважае спадар Сапега. — Я думаю, усе беларусы павінны ведаць, што Магдалена вярнулася ў Беларусь».

Тое, што нашчадкі хочуць перанесці прах княгіні ў Беларусь, агучыў князь Мацей Радзівіл яшчэ год таму, калі гасцяваў у Мінску. Над ажыццяўленнем гэтага працавала цэлая каманда: Аляксандр Сапега, Глеб Лабадзенка, Міністэрства замежных спраў, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч і многія іншыя.

«Спадар Мацукевіч на сваім дыпламатычным аўтамабілі забіраў урну з прахам Магдалены з крэматорыя. Разам мы вазілі урну да праўнука Марыі ў Лазану — спадара Антоніа дэ Бурбона, ужо сталага чалавека. Сам ён па стане здароўя не мог прыехаць на развітанне з княгіняй, на Імшу ў Фрыбургу, — распавядае спадар Сапега.

— Я вырашыў не трымаць урну ў Швейцарыі ў сябе дома і папрасіў спадара Мацукевіча, каб да перавозу ў Беларусь прах захоўваўся ў амбасадзе. Шмат людзей дапамагалі, нават мая жонка, швейцарка. Яна званіла ў крэматорый, які знаходзіцца ў французскай частцы Швейцарыі, дамаўлялася, каб нас прынялі, бо я не размаўляю па-французску».

Справа на фота — праўнук Магдалены Антоніа дэ Бурбон Сіцылійскі. Калі прыгледзецца, можна заўважыць, што Марыя Магдалена ў руцэ трымае муштук.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч і праўнук Магдалены Радзівіл — Прынц Антоніа дэ Бурбон Сіцылійскі.

Аляксандр прыгадвае, як выпадкова пазнаёміўся з праўнукам Магдалены. Штогод беларусы Швейцарыі на Дзяды ездзілі на могілкі да Марыі, каб прыбрацца і ўскласці кветкі. Аднойчы якраз у гэты час туды ж прыехаў Антоніа дэ Бурбон. Так завязаўся наўпроставы кантакт з любімым праўнукам беларускай мецэнаткі. Магдалена нават падарыла яму замак у Польшчы, аднак падчас вайны яго забралі немцы.

Афармленне дакументаў для пераносу праху Марыі Магдалены ў Беларусь заняло некалькі месяцаў.

«Хочацца падзякаваць мытнікам, якія вельмі добра працавалі на мяжы. Па-чалавечы паставіліся да справы, дапамагалі. Літаральна за 20 хвілін мы аформілі ўсе патрэбныя дакументы, — дадае спадар Сапега.

— Цяпер мы працуем над дазволам захоўваць урну ў Чырвоным касцёле, пакуль будзе рыхтавацца перапахаванне. Мусім прайсці ўсе ўзгадненні, аформіць патрэбныя дакументы. Думаю, у бліжэйшы час гэта вырашыцца. Мы чакалі Магдалену з 1945 года, таму, думаю, можам пачакаць яшчэ крыху».

Аляксандр Сапега.

Цяпер Аляксандр плануе звазіць прах Магдалены Радзівіл у Кухцічы, у маёнтак, з якога яна вымушаная была бегчы ад бальшавікоў.

«Некаторыя кажуць, што Марыю Магдалену трэба пахаваць у Нясвіжы. Але трэба сказаць, што яе з Радзівіламі звязвае толькі муж, які пахаваны не ў Нясвіжы, а ў Кухцічах. Няма ніякіх дакументальных пацвярджэнняў, што Магдалена хоць калісьці была ў Нясвіжы, — дадае Аляксандр Сапега. — Спадзяюся, Чырвоны касцёл падтрымае мяне, далучыцца, і мы разам з’ездзім у Кухцічы да мужа Магдалены, каб запаліць там свечку і памаліцца».

* * *

Магдалена Радзівіл (1861—1945, у дзявоцтве — Завіша) нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. У 1906 годзе выйшла замуж за маладзейшага за сябе на 19 год Мікалая Радзівіла (1880—1914), які быў актыўным збіральнікам беларускага фальклору.

Пасля заняцця Мінска бальшавіцкімі войскамі выехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Мінск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі. Памерла 6 студзеня 1945 года там жа, у кляштары сясцёр-дамініканак. 

Унікальныя старыя здымкі перадаў Аляксандру Сапегу праўнук славутай мецэнаткі Антоніа дэ Бурбон. 

Каментары38

Цяпер чытаюць

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве20

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве

Усе навіны →
Усе навіны

На беларуска-літоўскай мяжы выявілі новы тунэль. З яго выйшлі 38 мігрантаў1

Аляксандру Мілінкевічу патрабуецца экстранная дапамога6

Альфа-Банк выпусціў марожанае. Смак незвычайны2

«Я з паліклінікі, скажыце свой рост і вагу». 18‑гадовы мінчук паверыў медсястры з тэлеграма і вынес з дому 12 тысяч даляраў5

Цэны на нерухомасць б’юць рэкорды. Нават у самым танным абласным цэнтры квадрат ужо за тысячу даляраў8

Ціханоўская і беларуская дэлегацыя ўсклалі кветкі на Майдане, да помнікаў Караткевічу, Жызнеўскаму, Шарамету10

Чаму скандальны маскоўскі дрэсіроўшчык Запашны прыязджаў у Баранавічы3

Рэкордная для мая спёка ў Еўропе. У Лондане +33°C і гэта не мяжа7

Іран заклікаў рыхтавацца да нафты па $200 за бараль пасля ўдараў ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве20

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць