Навука і тэхналогіі2727

Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Варшаве сабраў 600 удзельнікаў, доля англамоўных прац рэкордная

У пятніцу, 15 верасня, у Варшаве пачаўся сёмы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Упершыню традыцыя парушаная — дагэтуль найбуйнейшы акадэмічны злёт штогод адбываўся ў Коўне.

У Палацы культуры і навукі, Варшава.

Удзельнікі кажуць, у Літве было зручней: ідзеш увечары пасля навуковых дыскусій, абмеркаванняў, размоў расслабіцца ў бар параўнальна невялікага Коўна — і дакладна ведаеш, што знойдзеш там сваіх. Абмен думкамі не спыняўся ні ўдзень, ні ўначы. У польскай сталіцы іначай — горад вялікі, лакацый некалькі, ад адной да другой — паўгадзіны пешшу, асабліва не находзішся. Даводзіцца абіраць, у якой інтэлектуальнай тусоўцы бавіць час.

Але ёсць і свае плюсы. Ва ўсякім разе, змяніўся склад удзельнікаў, з’явілася шмат новых твараў. Прыехалі тыя, хто да Коўна па нейкіх прычынах не даязджаў, з большым імпэтам уключыліся палякі.

Што актыўна абмяркоўваецца па-за навуковымі пытаннямі — сёлетнія праблемы з фінансаваннем Кангрэсу. Дагэтуль на найбуйнейшы і найважнейшы навуковы форум, прысвечаны беларускім пытанням, заўсёды знаходзіліся сродкі, сёлета — з вялікімі цяжкасцямі. Праз гэта прапанаваныя ўдзельнікам умовы даволі сціплыя, на тыя ж кава-паўзы сродкаў папросту не хапае. Тое, што Беларусь не асабліва хочуць падтрымліваць суседзі, звязваюць найперш з апошнімі пераменамі ў геапалітычнай абстаноўцы.

Арганізоўвае Кангрэс зусім невялікая каманда: беларускае ядро — чатыры чалавекі, плюс некалькі чалавек з Літвы і некалькі чалавек з Польшчы. Агулам — каля 10 чалавек. Для форума, на які з’язджаюцца сотні людзей, гэта сапраўды мала. Аляксей Ластоўскі, адзін з арганізатараў, кажа, што сёлета можна арыентавацца на лічбу ў 550—600 удзельнікаў — гэта яшчэ больш, чым летась.

«Вельмі добра, што мы маем сапраўды прыязных акадэмічных партнёраў: гэта і «Калегіум Цывітас», што месціцца ў будынку Палаца культуры і навукі [Палац — асноўная пляцоўка сёлетняга Кангрэсу — НН], гэта і кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытут славістыкі. Пазіцыя навуковых акадэмічных колаў, якія цікавяцца Беларуссю і займаюцца нашай праблематыкай, вельмі адкрытая, яны актыўна нам дапамагалі, — кажа Ластоўскі. — Канечне, кан’юнктура з боку ўрадавых структур Польшчы выглядае крыху дзіўна, бо ад іх падтрымкі не было. Але мы не зважаем на цяжкасці, Кангрэс — тая справа, якую не варта спыняць, яна вельмі істотна ўплывае на развіццё беларускай навукі».

Тым больш, ён дае навукоўцам сваю хвіліну славы. Штогод аўтары найлепшых работ атрымліваюць прэміі і адначасова магчымасць данесці свае ідэі да больш шырокага кола. А ці не гэта найбольш важная ўзнагарода за карпатлівую працу?

«Прыходзіць маладая змена, і часам яны ствараюць больш вартыя ўвагі тэксты. Яны больш адкрытыя да новых падыходаў, да вывучэння новых метадалогій. Бывае, прэміі атрымліваюць менавіта работы маладых аўтараў. Думаю, гэта пазітыўны феномен, — лічыць Аляксей Ластоўскі. —

Адзначу і яшчэ адну тэндэнцыю, якая ў гэтым годзе асабліва відавочная. Калі гаварыць пра сацыяльна-палітычныя навукі, то сёлета конкурс на 90 адсоткаў складаўся з англамоўных публікацый пераважна маладых аўтараў. Мы бачым, што прыйшоў той этап, калі акадэмічная моладзь, якая перабіралася на Захад, вучылася ва ўніверсітэтах, пісала дысертацыі, яна ўсё больш нарошчвае вагу і ўжо заўважны корпус англамоўных тэкстаў пра Беларусь, які паступова расце. Яшчэ тры-чатыры гады таму назад такога абсалютна не было.

На маю думку, гэта сведчыць у першую чаргу пра большую ступень інтэграванасці прынамсі беларускіх сацыяльна-палітычных навук у міжнародны эканамічны кантэкст».

Кейс пра атрыманне беларускага грамадзянства

Андрэй Вазьянаў з тых, хто прыехаў на Кангрэс упершыню. Ён — аспірант Інстытута даследаванняў Усходняй і Паўднёва-ўсходняй Еўропы Універсітэта Рэгенсбург у Нямеччыне. Кажа, што з Мінскам яго таксама шмат што звязвае, ён часцяком тут бывае і не выключае будучыню менавіта ў Беларусі.

Малады чалавек прывёз цікавы кейс — расказвае, як спрабуе, але ўсё ніяк не можа атрымаць беларускае грамадзянства. Хутка яго пытанне будзе разглядаць суд у Растове-на-Доне, дакладней — пытанне яго бабулі. Калі яна зможа даказаць, што беларуска, тады ў Андрэя з’явяцца ўсе шанцы стаць беларусам па пашпарце.

«Так сталася, што я звязаны з чатырма краінамі. Мае маці і дзед — этнічныя румыны. Бабуля — з Віцебшчыны, яна этнічная беларуска. Сустрэліся яны на Данеччыне, таму мы таксама і ўкраінская сям’я. А потым маці размеркавалі на працу ў Растоў-на-Доне, дзе я і нарадзіўся. Я шмат гадоў пражыў ва Украіне, хадзіў там у сад, але з’ехаў атрымліваць адукацыю ў Расію, — тлумачыць Андрэй. — Цяпер мая сям’я падзеленая паміж рознымі краінамі, мы не можам бачыцца так часта, як нам бы хацелася».

Малады чалавек кажа, што не бачыў сям’ю, якая жыве ў Марыупалі, ужо чатыры гады. Украінскі пашпарт ён не атрымлівае з той прычыны, што ў Растове застаецца хворая 87-гадовая бабуля, якую ўжо немагчыма перавезці і якую яму неабходна рэгулярна наведваць. Беларускі пашпарт для яго стаў бы выратаваннем. Складанасць у тым, што віцебскія архівы згарэлі і даказваць беларускасць бабулі трэба ў судзе. Беларускія суды адмаўляюцца брацца за справу, паколькі ў жанчыны няма беларускай прапіскі. Выходзіць — беларускасць бабулі Андрэя павінен вызначыць растоўскі суд.

«Гэты бюракратычны вопыт з грамадзянствам і з немагчымасцю сустрэцца са сваякамі я вырашыў асэнсаваць вось у такім акадэмічным рэчышчы. Бо калі гэта не змяшчаць у акадэмічныя рамкі, можна проста з глузду з’ехаць. Усё гэта цягнецца ўжо трэці год. За гэты час памёр у Растове мой дзядуля, ён не змог вярнуцца ва Украіну, бо ўсе ў сям’і меркавалі, што тады я не змагу іх наведваць — бабулю і дзядулю, — тлумачыць малады чалавек. —

Мая сённяшняя тэза будзе пра тое, што пашпартнае заканадаўства ў Малдове, Украіне і Беларусі папросту ўзнаўляе агульную нявызначанасць у рэгіёне на індывідуальным узроўні. Ты як асоба адчуваеш, наколькі ўсё нявызначана. Пакуль цягнуцца бюракратычныя працэдуры, адбываюцца змены на макраўзроўні, змяняюцца ўмовы».

Пра беларускі горад у Літве

Ліна Ляпарскене — таксама на Кангрэсе ўпершыню. Яна фалькларыст, жыве ў Літве, у Троках. У Беларусі была не раз і не два — ездзіла на экспедыцыі.

«Мне падабаецца беларуская вёска, яна вельмі прыгожая, — кажа Ліна. — Падаецца, што людзі жывуць так, як жылі і сто гадоў таму. І свіней трымаюць, і колюць іх. І домікі гэтыя, і заўсёды перад імі нехта сядзіць на лаўцы. Вельмі лёгка рабіць экспедыцыі: сядзеш побач — і пайшло. Цікава размаўляць з людзьмі, якія не вучыліся ва ўніверсітэтах — у іх адукацыя іншая, звязаная з памяццю краю. Гэтая адукацыя заўсёды больш глыбокая.

Мая першая экспедыцыя была дзесяць гадоў таму, памятаю, за тры тыдні я і сама пачала размаўляць па-беларуску».

На сёлетні навуковы форум Ліна прывезла гісторыю пра горад у Літве, дзе можна абысціся без літоўскай мовы, — Грыгішкі.

«Гэты горад пачаўся з папяровай фабрыкі, якую стварыў беларус з усходняй Беларусі, — распавядае Ліна. — Ён стаў запрашаць і іншых беларусаў да яго на фабрыку, і яны паступова эмігравалі. Пасля Другой сусветнай вайны былая фабрыка вырасла ў горад, у савецкі час яго імкнуліся зрабіць выключна пралетарскім. Беларусы сюды ехалі ўжо проста па звычцы: за бацькамі, сябрамі, знаёмымі. Але былі і іншыя прычыны. Па-першае, не хацелі працаваць у калгасе, дзе быў малы заробак. Па-другое, пераезд быў магчымасцю атрымаць дакументы, бо людзі папросту іх не мелі. Горад паступова рос, сюды прыязджалі не толькі беларусы, але і літоўцы, і рускія.

Калі цяпер ходзіш па горадзе, можаш спакойна абысціся без літоўскай мовы, бо большасць жыхароў Грыгішак так ці інакш былі звязаныя з гэтай фабрыкай. У савецкія часы мова камунікацыі на фабрыцы была руская, а за сценамі фабрыкі людзі гаварылі па-свойму. І вось гэтае беларускае «г» вельмі часта чутно, калі цяпер ходзіш па горадзе».

Ліна кажа, што ў мясцовых жыхароў ёсць цікавая звычка капаць грады на агульных землях. Ёсць пустое месца — людзі прыходзяць і капаюць, не пытаюцца, чыё гэта. У выніку ўтварылася велізарнае поле з маленькіх град.

«Калі я вырашыла прайсці праз гэтае поле і пагутарыць з людзьмі, высветлілася, што большасць з іх якраз беларусы. Яны і размаўляць на сваёй мове», — дадае Ліна.

Анхела Эспіноса прывезла тэзісы будучай кандыдацкай

А вось беларускамоўная іспанка Анхела Эспіноса на Кангрэсе другі раз. Летась так спадабалася, што вырашыла абавязкова прыехаць зноў.

«Вельмі чакаю свайго выступу, бо буду прэзентаваць галоўныя тэзісы сваёй будучай кандыдацкай дысертацыі — параўнанне прозы Яна Баршчэўскага і нашага рамантыка Густава Адольфа Бэкера, — кажа Анхела. — Гэта праект дысертацыі, яна яшчэ не напісаная, буду займацца ёй у лістападзе ва Універсітэце Камплутэнсэ ў Мадрыдзе. Таксама хачу падаць на двайную аспірантуру, каб і ў Варшаву вяртацца перыядычна, мець двух кіраўнікоў, дзве абароны і працу на дзвюх мовах».

Анхела вучылася два гады ў магістратуры Варшаўскага ўніверсітэта на беларускай філалогіі.

«Якраз учора забрала дыплом і на сваім бэйджы ўжо паправіла, што не бакалаўр, а магістр», — усміхаецца дзяўчына.

Увечары 16 верасня стануць вядомыя імёны даследчыкаў, работы якіх сёлета прызналі найлепшымі. Кангрэс працягнецца да 17 верасня.

Аўтар НН Антон Лявіцкі атрымаў прэмію Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Варшаве — поўны спіс узнагароджаных

Каментары27

Цяпер чытаюць

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ6

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі19

У расійскім Барнауле 8 з 10 новых беларускіх трамваяў адразу ж сталі на рамонт

У Беларусі ніяк не могуць знайсці, каго паслаць амбасадарам у Нігерыю8

Улады расказалі, што будзе рабіцца на месцы згарэлай царквы ў Сцяпанках4

ЗША зноў правялі перамовы з Расіяй, але ўсё без толку10

Берасцеец расказаў і паказаў, як займаўся адмываннем даляраў

Звярнулася 11 ліпеня, запісалі на 22 верасня. У Жодзіне абмяркоўваюць чэргі ў бальніцу1

Брэнд Mark Formelle трапіў у скандал, нахаміўшы кліентцы на роўным месцы8

За пяць гадоў Германія выдала беларусам 267 гуманітарных віз. Больш не будуць13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ6

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць