Паглядзіце, што твораць польскія нацыяналісты

Зараз за 3 хвіліны патлумачу, чаму ў Польшчы перамагла партыя «Права і справядлівасць», піша Дзмітрый Гурневіч.
Гэта эканоміка, дзетка, і больш нічога. Не патрыятызм (лібэралы там не меншыя патрыёты), не кансерватызм (палова выбарнікаў аддала галасы левым, лібералам і цэнтрыстам) і не рэлігійнасць (яе ўплыў на палякаў меншае) партыі Яраслава Качынскага. Ім проста ўдаецца рэалізоўваць тое, што яны абяцалі. І гэта не толькі ўдалая эканамічная кан'юнктура ў сьвеце.
Яны змаглі палепшыць эфектыўнасць збору падаткаў і гэтыя грошы аддавалі на сацыяльную падтрымку. Гэта сапраўды ўнікальныя рэчы: 130 даляраў штомесячнай дапамогі для кожнага дзіцяці да 18 гадоў жыцця, такая ж сума для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, 13-я пенсія ў памеры 280 даляраў, $75 кожнаму школьніку штогод напярэдадні 1 верасня, 0% падаходнага падатку для маладых да 26 гадоў, беспрацоўе рэкордна нізкае за 30 год.
У Польшчы апанэнты ПіС называюць гэта «раздаваннем грошай» і пяць гадоў эканамісты, у тым ліку такія геніі як Лешак Бальцэровіч, прадказвалі крах бюджэту, калі ўсё гэта рэалізоўваць, і што такіх грошай у дзяржавы проста няма. Але выбарца бачыць факт — пры папярэдняй уладзе гэта было немагчыма, а пры гэтай магчыма. І ўсё ок, усе жывыя, бюджэт мае часам нават прафіцыт, усё будуецца, працы — мора.

Апанэнты кажуць — наш аўтарытэт і ўплыў у ЭЗ упаў, бо ПіС там крытыкуюць. А выбарцы думаюць — а што мне з гэтага аўтарытэту, ён пракорміць маю сям’ю? Што з таго, што нехта паляпае па плячы польскага прэм’ера? Людзі жывуць тут і цяпер і хочуць гэты час пражыць годна. Тое, што ПіС купляе галасы палякаў — гэта праўда. Але ці не гэтым займаюцца палітыкі ў прынцыпе? Поспех палітыкаў на выбарах заўжды наўпрост залежыць ад эфектыўнасці кіравання.
Але, вядома ж, ёсьць і іншы бок медаля. Гэта цэнтралізацыя ўлады ў адных руках і жаданне ПіС яе ўзмацняць коштам кантролю над судамі і СМІ. БТ адпачывае ў параўнанні з грамадскай тэлевізіяй у Польшчы. Гэта чыстая прапаганда, якая робіцца так прымітыўна, што ажно вочы слязяцца. Ну і гульня на прыдуманых фобіях — нелегальныя мігранты, напрыклад, што перакладаецца на рост ксенафобіі.
Аснова дэмакратыі ў Польшчы — гэта самакіраванне. Войт і мэр важнейшыя для жыхара канкрэтнай вёскі, чым прэм’ер. Менавіта таму мясцовыя выбары палякі і лічаць самымі важнымі. Калі ПіС захоча пакласці на іх руку — для мяне гэта будзе сігнал, што гэта ўсё.
Ну і на канец нешта аптымістычнае: нам бы, беларусам, польскія праблемы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары