У расійскім Пермскім краі бязногі ўдзельнік вайны з Украінай звёў у магілу яшчэ трох чалавек
У пасёлку Звёздны Пермскага краю Расіі адбылася аварыя, у выніку якой загінулі тры чалавекі. Паводле папярэдніх звестак, яе мог учыніць нецвярозы ўдзельнік вайны супраць Украіны, паведамляе выданне «Осторожно, новости».

Здарэнне адбылося 17 кастрычніка на выездзе з населенага пункта. Аўтамабіль BMW выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з Mazda, якая пасля ўдару зляцела ў яр. Загінулі кіроўца Mazda — муніцыпальны чыноўнік, які развозіў гасцей пасля свята, — а таксама сямейная пара. Яшчэ дзве жанчыны атрымалі сур'ёзныя траўмы. Адна з іх зламала 12 рэбраў, ёй выдалілі селязёнку, цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі. У другой зламаныя рука і нага.
Паводле слоў жыхароў Звёзднага, BMW належыць 20‑гадоваму Сяргею Н., які ваяваў ва Украіне, страціў там нагу і цяпер ходзіць з пратэзам. Сваякам загінулых у паліцыі пацвердзілі, што за рулём аўтамабіля знаходзіўся менавіта ён. Пасля аварыі мужчыну шпіталізавалі, меркавана, з пераломам нагі.

Сваякі пацярпелых сцвярджаюць, што ўвечары перад аварыяй Сяргей ездзіў п'яным, ледзь не збіў двух чалавек у пасёлку, а за ім нібыта нават гналіся супрацоўнікі ДПС. Паводле іх слоў, нягледзячы на гэта, ён працягваў ездзіць, пакуль не сталася трагедыя. Адзін з тых, хто выжыў, расказаў, што BMW імчалася па сустрэчнай паласе. «У нас на гэта заплюшчваюць вочы», — заявілі сваякі загінулых.
У МУС завялі крымінальную справу паводле часткі 5 артыкула 264 Крымінальнага кодэкса Расіі — аб парушэнні правіл дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, якое пацягнула смерць людзей. Сваякі загінулых настойваюць на кваліфікацыі паводле часткі 6 гэтага артыкула. Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў, калі будзе даказана, што кіроўца быў п'яны. Аднак, як паведамляецца, своечасова правесці экспертызу на наяўнасць алкаголю не паспелі. Таксама пакуль невядома, ці меў меркаваны вінаваты ў аварыі права кіраваць аўтамабілем.

У сацыяльных сетках Сяргея Н. ёсць фотаздымкі ў вайсковай форме і выявы BMW, падобнай да аўтамабіля, які трапіў у аварыю. Паводле адкрытых звестак, машыну ён набыў у сакавіку 2026 года.

Сваякі загінулых сцвярджаюць, што амаль тры тыдні ім не паведамлялі, ці распачатая крымінальная справа, і не давалі азнаёміцца з матэрыяламі паліцэйскай праверкі. Праз два дні пасля аварыі сваячка Сяргея апублікавала ў сацыяльных сетках допіс ад імя яго сястры, у якім паведаміла пра сямейную бяду і будучае судовае разбіральніцтва, а таксама папрасіла грошай на адваката. Пазней гэты допіс выдалілі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары