Фалафель: вы думаеце, што гэта складана — ані!

Гэтая страва гуртуе: яна даспадобы як вегетарыянцам, так і невегетарыянцам.
Нарадзілася яна на Блізкім Усходзе. Фалафель — гэта традыцыйная страва як у Ізраілі, так і ў арабскіх краінах.
Варыяцый яго — свет. Фалафель можа быць як шарыкамі, так і палачкамі, і бургерамі. Прыправамі кожны можа надаць яму свой смак.
Так, як дранікі могуць быць з варыяцыямі, але мусова з дранай бульбы, так фалафель гатуецца з молатага нуту — яго яшчэ называюць турэцкім гарохам, і ў крамах яго можна знайсці па цане звычайнага нашага гароху. Можаце называць яго «драным», бо яго мелюць у камбайне тым жа нажом, што і бульбу на дранікі.
Нут замочваем на ноч (мінімум на 12 гадзін). Гэта важна — ненамочаны нут, як і фасолю ці гарох, даводзіцца гатаваць нашмат даўжэй.
Перад тым, як нут змалоць, высушыце яго ручніком.
Высыпце нут у камбайн, дадайце цыбульку, часнок, кмен і кінзу. Перамяліце. Менавіта кінза ў спалучэнні з часнаком дае фалафелю характэрны смак, яе не шкадуйце.
Яйка ўзбіце трохі, высыпце ў яго перамолаты нут, дадайце солі, перцу, імберцу. Добра вымешайце.
Ляпіце з нуту малыя шарыкі.
Тушыце яго ў добрым слоі алею — вось як пончыкі смажаць — прыкладна тры хвіліны з кожнага боку. Як вам падабаецца — або менш, або мацней, да карычневай скурачкі.

Фалафель. Інгрэдыенты
На 200—250 г нуту
пучок свежай кінзы (грамаў 30) ці добрую лыжку сушанай кінзы
адну малую цыбульку
два малыя ці адзін вялікі зубок часнаку
крыху кмену
адно яйка
крышачку молатага імберцу
чырвонага перцу і солі да смаку
цёртыя сухары (калі хочаце абкачаць)
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары