Грамадства

«Сямігадовы сын заявіў, што будзе ратаваць з РУУС». Гутарка з сябрам Каардынацыйнай рады, культуролагам Аксанай Зарэцкай

Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, культуролаг і эксперт па этыкеце Аксана Зарэцкая за апошні месяц перажыла ператрус і затрыманне на прэм’еры спектакля з яе ўдзелам «Белы трусік, чырвоны трусік». Цяпер Аксана і яшчэ трое сябровак знаходзяцца ў чаканні суда нібыта за супраціў міліцыянерам. Яшчэ пяць гледачоў паказу, які так і не прайшоў, адбываюць 15-сутачны арышт.

Пагутарылі з Аксанай пра прычыны такой нездаровай цікаўнасці сілавікоў да тэатральнага мастацтва і паспрабавалі напісаць рэцэнзію на спектакль, у якім сёння задзейнічаныя ўсе беларусы.

Аксана Зарэцкая

— Ці вядома ўжо, калі пройдзе суд па вашай справе?

— Наконт майго суда інфармацыі ніякай няма, я правяраю паштовую скрыню кожны дзень. Суда чакаю я і яшчэ тры маці — нас адпусцілі, таму што ў нас непаўналетнія дзеці.

А пяцёра маіх сяброў адбываюць 15 сутак, сярод якiх Алія Саед, Мікіта Раманкін, Святлана Мешчанінава i Цімур Газізаў. На ўсіх іх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, хаця гэта адукаваныя і выключна выхаваныя людзі. Безумоўна, я адчуваю віну за тое, што яны цяпер за кратамі толькі таму, што як мае сябры прыйшлі на прыватны анлайн-паказ спектакля з маім удзелам.

Мне кажуць, што маёй віны тут няма. Але гэта былі мае госці, і я лiчу, што па ўсiх законах прыстойнасцi i чалавечнасцi я адказная за тое, што з iмi адбылося.

Цяпер мая задача — максімальна падтрымаць іх, дапамагчы, наколькі гэта магчыма ўвогуле. І 1 ліпеня сустрэць на волі, абняць, прапанаваць рэабілітацыю, якая будзе магчыма. Даць зразумець, што мы ўвесь час тут думалі пра іх i перажывалi.

— Арганiзатарам тэатральнай пастаноўкі «Белы трусік, Чырвоны трусік» не ўдалося паказаць яе ў Мiнску каля дзесяці разоў. Вы самі сабе як тлумачыце такую цікаўнасць менавіта да гэтага спектакля?

— Беларусь стала 50-й краінай свету, дзе павiнны былi паказаць публiцы гэты твор іранскага драматурга Насіма Салейманпура. Ëн якасны, правераны часам, аматарамі тэатра і вядомымі акцёрамі. Я магу толькі здагадвацца, у чым прычына. Магчыма, у назве, у гэтым спалучэнні белага і чырвонага побач, якое трыгернула, хаця гэта і не мае ніякага дачынення да Беларусі. Гэта проста колеры і трусы.

Я, вядома, не магла сабе ўявіць, што нават не на пастаноўку, а проста на анлайн-паказ для сяброў у закрытай зале могуць уварвацца людзi ў масках. Гэта была прыватная вечарына, маё асабістае свята з самымі блізкімі. Як сабрацца і паглядзець разам фільм.

У Цэнтральным РУУС я прасіла патлумачыць, чаму нас затрымалі. Мне адказвалі пытаннем на пытанне: «Дык а што вы нарабілі?» Пасля казалі, што ўсе прэтэнзіі — да тых, хто нас затрымліваў. Але справа ў тым, што ўсе, у каго я запытвалася аб прычынах нашага затрымання, кiвалi галавой на іншых i адказвалi мне, што яны «проста робяць сваю працу i нiчога iншага не ведаюць i ведаць не хочуць».

— Пасля ператрусу ў вас дома супрацоўнікі ГУБАЗіКа, па вашых словах, папрасілі вас быць «больш асцярожнай», вы сталі?

— Я, вядома, не жалезная. У мяне ёсць дзеці, бацькі, блізкія. На сёння я перш за ўсё думаю, як дзейнічаць, каб не нашкодзіць ім. Але тыя ж супрацоўнікі ГУБАЗіКа казалі, што нібыта эксперты глядзелі мае выказванні ў інтэрнэце і нічога экстрэмісцкага не знайшлі. У рамках маіх культурных каштоўнасцяў, выхавання я ніколі не дазваляла сабе нейкія агрэсіўныя выказванні, заклікі да класавай варажнечы (гэтаму ўвогуле не месца ў цывілізаваным грамадстве). Я за спакойны дыялог з тымі, з кім ён магчымы. Так што і не скажу, што мая лінія паводзінаў змянілася: я не забараняю сабе нешта пісаць ці казаць, таму што мне вынеслі такое вось папярэджанне.

Што дакладна прыйдзецца скарэктаваць, дык гэта маю адукацыйную дзейнасць у Беларусі, курсы у маёй Школе этыкету i культуры.

Хутчэй за ўсё, мае прыватныя ўрокі ў Мінску ды агулам на тэрыторыі краіны прыпыняцца, я не буду нейкі час запрашаць людзей на афлайн-мерапрыемствы, бо, на жаль, не магу гарантаваць сваім вучням, што ў пэўны момант да нас не завітаюць па невядомай прычыне і людзі не апынуцца ў турме.

Але застаецца опцыя з анлайн-фарматам i карпаратыўнай адукацыяй, тым больш я ведаю ангельскую і французскую мовы — магу працаваць на міжнародным узроўні. Трэба працягваць зарабляць на жыццё прафесіяй, тым, што атрымліваецца лепш за ўсё. 

— Нягледзячы на вашу актыўную пазiцыю сёння, вам дагэтуль згадваюць ухвалу Лукашэнкі на перадачы ў Марата Маркава літаральна ў 2019 годзе. Вас гэта чапляе?

— Тое відэа вісіць нават на маім ютуб-канале, я яго не выдаляю і не раблю выгляд, што таго нiколi не было. Гэтыя словы былi сказаныя ў абставінах, у якіх я знаходзілася на той момант. Варта разумець: калі вы трапляеце на перадачу да Марата Маркава, папярэдне з вамі гутараць і кажуць, што ёсць словы, якiя трэба агучыць. Гэта не выглядае як каманда ці пратакол, пад якім вы падпісваецеся. Проста калі вы там, ёсць пэўныя дзеянні, якія варта зрабіць. Мне здаецца, што я знайшла фармулёўку — «Лукашэнка — добры палітык», — якая мае максiмальна агульнае значэнне. Кожны разумее яе так, як яму выгадна. I як вы сёння назiраеце, гэта самае простае з таго, што могуць патрабаваць сказаць у эфіры беларускага тэлебачання.

Я не адмаўляю і таго, што з 2007 года была замужам за беларускім дыпламатам і прадстаўляла і яго, і нашу краіну ў міжнароднай супольнасці. У сувязі з гэтым мне прыходзілася шмат гадоў карэктаваць свае выказванні ў публiчнай прасторы. Але ў 2018 годзе я атрымала магчымасць выказвацца свабодна: якраз калі я перастала быць часткай афіцыйнай дыпламатычнай супольнасці.

Усе гэтыя гады мая пазіцыя была i засталася нязменнай: беларусы вартыя быць часткай еўрапейскай супольнасцi i жыць не горш за швейцарцаў. А ў 2020 годзе на гарызонце з’явіўся «кандыдат надзеі» — Віктар Бабарыка. Яго пасыл адпавядаў маім каштоўнасцям, і я актыўна ўключылася ў вялікі рух, які лічыла і лічу важнай падзеяй у гісторыі краіны.

Дарэчы, я дагэтуль падтрымліваю адносіны са многімі беларускімі дыпламатамі, і, паверце мне, сярод іх, можа, толькі адзін чалавек падтрымлівае Лукашэнку. Але яны таксама пакуль не могуць казаць пра гэта адкрыта.

— Што вы сёння робіце ў межах Каардынацыйнай рады?

— Усе мы разумеем, што любыя актыўныя палiтычныя дзеянні i словы чальцоў КР, што знаходзяцца ў Беларусі, небяспечныя наступствамі для іх здароўя і здароўя іх блізкіх. Рада стваралася як орган для дыялогу, перамоўная пляцоўка, а не рэвалюцыйнае фармаванне. Туды ўваходзяць у вышэйшай ступені інтэлігентныя людзі.

Ідэя перамен жывая, пакуль у яе вераць. Але чакаць ад мяне, што я дам рэцэпт канкрэтных дзеянняў, не варта. Нiхто не мае чароўных лекаў i нiхто не ведае магутнай замовы, пасля якiх усё б стала добра i ўсе зажылi шчаслiва. Нiхто не ведае дакладна, як цяпер дзейнічаць у імя хуткага i гарантаванага вынiку. Я лiчу, што рэцэпта не iснуе нi па гэты, нi па iншы бок. Думаеце, чыноўнікі цi сiлавiкi ведаюць, як запужаць і «супакоіць» мільёны людзей?

Я заўсёды згадваю выказванне Стывена Хокінга, чалавека, які быў паралізаваны большую частку жыцця: «Пакуль ёсць жыццё, ёсць надзея». Апускаць рукі ў сітуацыі, калі ты на свабодзе, здаровы, жывы, — гэта здрада чалавецтву, тым, хто пацярпеў і знаходзіцца сапраўды ў складанай сітуацыі. Максім Знак нядаўна напісаў 4-тысячны ліст. Я адкрываю скрыню і бачу там прывiтаннi ад яго. Як я магу аддавацца роспачы, кідацца ў паніцы за мяжу, калі бачу перад сабой прыклад незламанага абставінамі чалавека?

У сённяшняй сітуацыі важна захаваць халодную галаву, здольнасць думаць, разважаць. Другая важная рэч, якую мы павінны захоўваць, — чалавечнасць. Важна быць добрымі адно да аднаго, салідарнымі. Важна працягваць займацца творчасцю і сваімі справамі. Гэта складана, але архіважна. Гэта працягвае рабіць нас людзьмі: як толькі мы заб’ёмся пад ложак, пачнём крычаць «усё прапала», усё сапраўды знікне.

— Як культуролаг, шукаеце нейкія паралелі таму, што адбываецца? Ці беларускія падзеі ўнікальныя?

— Нішто не новае пад месяцам, як кажуць. Але я не схільная праводзіць татальнае калькаванне, бо гэта вядзе да ўбоства думкі: нібыта вось тады гэта падзейнічала, падзейнічае і цяпер.

Мы з сямігадовым сынам — ён вельмі цікавіцца гісторыяй ХХ стагоддзя — нядаўна паглядзелі «Намедні» Леаніда Парфёнава пра 1921 год. І вось распавядаюць там пра ціск на людзей, арышты, і сын адразу пачаў праводзіць паралелі з сённяшнімі падзеямі, задаваць шмат пытанняў. Як ён да гэтага прыйшоў, я не ведаю.

Дома я палітыку і навіны стараюся з дзецьмі не абмяркоўваць, нічым іх не пужаць. Але пасля апошняга затрымання ён са старэйшай дачкой прыехаў па мяне ў Цэнтральнае РУУС. Сын заявіў, што будзе ратаваць маці. У яго ў галаве не ўкладвалася, чаму мяне і маіх сяброў увогуле затрымалі. Яны ж, кажа, не бандыты.

Калi параўноўваць падзеi мінулага i сённяшнiя днi, то варта трымаць у галаве, што нi 1937, нi 1905, нi іншыя гады не падобныя на наш час нi абставiнамі, нi людзьмі. У любым разе сёння мы жывём у інфармацыйным грамадстве, і гэта вялікае адрозненне. Нельга цалкам схаваць скандалы і беззаконне: пра тое, што адбылося, хутка даведваюцца не толькі ўнутры краіны, але і далёка за межамі.

І тое, што цяпер адбываецца ў сусветным міжнародным полі ў адносінах да Беларусі, — не вынік нейкай замежнай прапаганды, гэта вынiк таго, што здарылася ў краіне. Сама ўлада ўчыняе дзеянні, якія вядуць да такой рэакцыі.

— У культурным плане ў нас цяпер дэградацыя ці ўсё ж назапашванне новага досведу і адпаведнае сталенне?

— Я ўвогуле не люблю паняткі дэградацыі і гніення. У глабальным культурным маштабе гэта натуральны гістарычны працэс, на мой погляд, падчас якога нам «пашанцавала» жыць. Умець вынесці з гэтых складаных урокаў правільныя веды і ўменні — вялікая здольнасць.

Тое, што беларусы мяняюцца пад уплывам абставінаў, відавочна ўсім. Тое, што гэта не пройдзе бясследна для беларускай нацыі і культуры, — таксама. Тое, што гэта зробіць нас мацнейшымі — я таксама ў гэтым упэўненая. Калі гэта скончыцца і ўсё будзе добра? Скажу непапулярную рэч: само сабой яно ніколі не скончыцца і само сабой добра не будзе. Усё, што ідзе ў лепшы ці горшы бок, — гэта вынік дзейнасці чалавека. Што мы можам рабіць, калі няма магчымасці прадпрымаць актыўныя дзеянні? Ëсць вялікае поле творчасці, суперажывання, падтрымкі — гэта ў нас забраць немагчыма. І самы пакорлівы раб — той, які страціў надзею i розум.

У 1922 годзе у Савецкiм Саюзе адбылася высылка iнтэлiгенцыі з краiны. У гiсторыю гэтыя падзеi ўвайшлi пад назвай «філасофскія параходы». На параходы і цягнiкi саджалі філосафаў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў — творчую iншадумную інтэлігенцыю, пра якую Троцкі сказаў: «Расстраляць іх не было за што, але цярпець было немагчыма».

Жаданне прыбраць людзей, нязгодных з табой, рознымі спосабамі для чалавека, які хоча безадгаворачна валадарыць у межах пэўнай прасторы, цалкам упісваецца ў чалавечую псіхіку. Але калі мы самі збіраем чамадан і сыходзім, калі сядаем на філасофскі параход і адплываем, упадаем у роспач і забіваемся ў кут, мы робім менавіта тое, чаго ад нас хочуць тыя, хто прэтэндуе на адзiна магчымае меркаванне. 

— Для вас беларусы сталі больш неверагоднымі?

— У беларусаў была і ёсць праблема: чакаць свайго ўхвалення ў чужых вачах. Таму мы любім, каб нас заўважылі недзе ў Еўропе ці шукаем беларускія карані ў нейкіх замежных зорак. Але паглядзіце, колькі ў нас жыве таленавітых музыкаў, пісьменнікаў, спевакоў, рэжысёраў, людзей іншых прафесій. Яны ёсць і былі, проста ў нейкі момант мы заўважылі іх побач.

У велічы, прыгажосці і глыбіні гэтай культуры я не сумнявалася ніколі. І падзеі 2020 года не змянілі майго меркавання пра маю краіну кардынальна. Я ведала заўсёды, што беларусы выдатныя. 2020 год проста дазволіў праявіцца дадатковым рэчам, дзякуючы такім абставінам.

Мы не сталі выпадкова неймавернымі, мы заўсёды былі беларусамі. Выснова ў тым, што трэба працягваць ствараць абставіны, у якіх асоба і культура, нашы найлепшыя рысы будуць сябе актыўна праяўляць. Гэта павінна стаць звышзадачай для людзей, якія маюць уплыў і вагу.

— Вы згадвалі, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа задавалі вам пытанне: «Чаго вам не хапае?» Вы адказалі, што класічнай музыкі. Што вы агулам мелі на ўвазе пад гэтым адказам?

— Гэты адказ досыць вычарпальны, калі мы паглядзім на шэраг канатацый, што ён выклікае. Класічная музыка — гэта прыхільнасць класічным узорам, высокі ўзровень культуры, добры густ.

Калі я кажу, што мне не хапае класічнай музыкі ў краіне, я кажу пра моцны базіс, які чалавек убірае ў сябе з нараджэння. Калі не канкрэтная ВНУ ці школа і нават сям’я выхоўвае густ, а калі паветра ў краіне настолькі насычанае культурна, што гэта нельга не ўспрымаць.

— Ваша затрыманне на прыватным паказе вы назвалі дрэннай тэатральнай пастаноўкай з бедным рэквізітам і непрапісанымі дыялогамі міліцыянераў. А што наконт агульнага беларускага спектакля? Ці чакае нас трагічная развязка ці магчымыя пазітыўныя сцэны — умоўна кажучы, хаця б пачынаюць адпускаць палітзняволеных?

— Незвычайны фармат спектакля «Белы трусік, Чырвоны трусік» заўсёды прадугледжваў нешта непрагназаванае з боку гледача, акцёра ці саміх абставінаў. Гэтая п’еса так і пісалася драматургам. Тое, што адбылося ў Беларусі, стала часткай гісторыі гэтага спектакля, культурным феноменам. І гэта не мая асабістая інтэрпрэтацыя ці спроба змякчыць сітуацыю. Людзі, якія сядзяць цяпер на Акрэсціна, — частка гэтага культурнага феномена, гэта факт.

Шэкспір не проста так пісаў, што ўвесь свет — тэатр, а мы ў ім акцёры. Гэта не метафара. Мы ўсе сапраўды граем свае ролі. І ёсць рэжысёры, якія займаюцца пастаноўкай тых ці іншых сцэн. Тое, што адбывалася ў Цэнтральным РУУСе 16 чэрвеня, — таксама была сцэна з рэжысёрам, хаця мы не ведаем яго імя. Быў момант, калі я выпадкова пачула, як адзін з міліцыянераў кансультаваўся па тэлефоне з кімсьці наконт таго, што з намі рабіць.

Якім бы ні быў фінал у беларускай драмы (а гэта, безумоўна, драма), фінал будзе. Я вельмі люблю класічную музыку, і калі мне цяжка, пераслухваю некалькі рэчаў, якія ўсяляюць у мяне веру, хоць я і атэістка. У прыватнасці, арыю Casta Diva з оперы «Норма» — яна для мяне замест малітвы. Калі я хачу ўзмацнiць сваю веру i надзею, слухаю «Хор габрэяў» з оперы «Набука». А калі думаю пра фінал i што некалi ўсе гэта скончыцца, то ўключаю канцоўку другой сімфоніі Малера. І вам рэкамендую.

Каментары

Цяпер чытаюць

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Праз два тыдні ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду. Глядзіце адрасы

У Польшчы затрымалі беларуса з пісталетам — ён сказаў, што едзе ваяваць у Беларусь2

Стала вядома асоба беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску2

Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты

Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?1

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»1

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў19

У Расіі за падрыхтоўку дыверсіі супраць расійскага вайскоўца затрыманы беларус

Беларускі трэнер расказаў, якую смешную задачу яму паставілі ў чэмпіянаце Кітая па хакеі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць