Грамадства8484

Наста Базар паступіла на праграму Каліноўскага і хоча стаць сацыялагіняй: «Вучоба пасля 40 гадоў — своеасаблівы эліксір маладосці»

Наста Базар распавяла «Нашай Ніве», якім быў яе шлях ад музыканткі да актывісткі і праваабаронцы. А таксама падзялілася, чаму вырашыла пайсці вучыцца на праграму Каліноўскага.

Наста Базар. Тут і далей фота з архіва гераіні

«Я па адукацыі музыкантка. Скончыла Гродзенскі музычны каледж, а потым Акадэмію музыкі. На цымбалах грала 18 гадоў свайго жыцця. Калісьці, можа, і хацелася б вярнуцца да гэтага. А ў аркестры я грала на ўдарных. Гэта мая асабістая асалода — вельмі люблю ўдарныя.

На пятым курсе Акадэміі музыкі пайшла працаваць у школу ў Мінску. Гэта была звычайная школа з музычным ухілам — не спецыялізаваная, куды прыходзяць усё ж больш-менш матываваныя дзеці.

Калі я размаўляла з загадчыцай і спытала, якія мэты ў іх, якія задачы, яна адказала: «Нам галоўнае, каб дзеці менш пілі гарэлку». Я была ў шоку.

Я вучылася ў гімназіі ў Гродне, і там быў вельмі высокі ўзровень. І таму, калі я пачула такую фразу, мне стала вельмі дзіўна. Мы ж гаворым пра дзяцей 12—14 гадоў!

Я прапрацавала месяц — школа была вельмі далёка ад месца, дзе я жыла. На пятым курсе ў акадэміі ўжо было мала заняткаў — толькі спецыяльнасць і педагогіка. Працавала я ахвотна, але зразумела, што няма сэнсу: больш часу траціла на дарогу, чым на працу. Дый вынікаў гэта не прыносіла. Таму ў хуткім часе я звольнілася — зразумела, што не маё.

Калі я скончыла Акадэмію музыкі, то ўжо была ў шлюбе. Мы з мужам асэнсавана адкладалі нараджэнне дзіця да таго моманту, як я атрымаю дыплом.

Так яно і атрымалася: я зацяжарыла, нарадзіла першую дачку, потым другую. І шчыра кажучы, зразумела, што наўрад ці буду працаваць у музычнай сферы.

Дзеці падрасталі, і я пачала думаць пра тое, чым хачу займацца. Мне здаецца, вельмі важна, каб жыццёвыя патрэбы спалучаліся з магчымасцямі. Я заўсёды цікавілася развіццём дзяцей, творчасцю, псіхалогіяй і асабліва альтэрнатыўнай адукацыяй.

Пачала рабіць базарчыкі (назва ад майго прозвішча). Там былі майстар-класы, я запрашала музыкаў, артыстаў. Часам сама ставіла невялікія спектаклі. Напрыклад, па кніжцы «Жабка і чужынец».

Гэта вельмі кранальная гісторыя пра пацучка, які прыехаў у лес, і спачатку яго не прынялі, бо ён чужынец, а потым, калі ён усіх выратаваў, яго палюбілі. І што самае цікавае — мне потым пісалі, быццам бы гісторыя гэта пра ЛГБТ, а для мяне гэтая кніга была пра замежнікаў і расізм.

Пасля я пачала займацца сямейнай і альтэрнатыўнай адукацыяй. Я працавала ў сямейнай прасторы «Сямейны падворак» — гэта быў такі каворкінг для бацькоў з дзецьмі: можна было працаваць, пакуль дзеці побач заняты. Потым мяне запрасілі стаць сузаснавальніцай, а пасля я некаторы час была нават адзінай уладальніцай.

Калі мае дзеці падраслі, я стварыла невялікую школку пры гэтай прасторы. У той час яшчэ было магчыма, каб дзіця было прыпісана да школы і хадзіла туды здаваць нейкія іспыты, а навучаннем займаліся бацькі.

У нас было дзесяць сем’яў і настаўніца, якая займалася дзецьмі па альтэрнатыўнай методыцы — з большым кантактам, з індывідуальным падыходам. Гэта было вельмі цікава і натхняльна.

Існавала ўсё гэта недзе два гады. Тое, што «Сямейны падворак» закрыўся, пэўна было лагічна: тады я не вельмі разумела, што такое маркетынг, рэклама, як трэба арганізоўваць працу.

Гэта адбылося ў 2018 годзе — быў вельмі няпросты для мяне час. Развод, дзеці ўсё яшчэ даволі малыя, адсутнасць стабільнай працы, пошукі сябе… Ну яшчэ праз два гады прыйшлося эміграваць.

Калі казаць пра тэму правоў чалавека, дык ёй я цікавіцца пачала яшчэ ў 2016 годзе, калі трапіла на трэнінг па павышэнні прадстаўленасці жанчын у НДА і палітычных партыях.

У прынцыпе, я тады яшчэ не разумела, што тое, што я ўжо рабіла, — гэта таксама праваабарончая дзейнасць. Напрыклад, на базе «Падворка» я збірала рэчы для жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Гэта была вельмі патрэбная справа, таму што ў нас з’явіўся пункт, куды людзі маглі прыносіць дапамогу. Мы шукалі, што каму трэба, арганізоўвалі святы для дзяцей — з Дзедам Марозам, Снягуркай, падарункамі.

Акрамя таго, у «Падворку» мы праводзілі сустрэчы для дзяцей, якіх забіралі з сем’яў і якія чакалі рашэння суда ў прытулках. Мы дамовіліся, што раз на тыдзень яны будуць прыходзіць да нас: маляваць, гуляць, проста быць у іншай атмасферы.

І вось цяпер я разумею, што гэта ўжо была праваабарона. Проста я гэтага не ўсведамляла. Мой асноўны фокус заўсёды быў на жанчынах з малымі дзецьмі. Бо гэта вельмі ўразлівая група ў Беларусі — іх часта выключаюць з грамадства, але пры гэтым яны нібыта нікому не замінаюць, таму пра іх проста забываюцца.

Я праходзіла сумоўе ў адну беларускую НДА. Па ўсіх крытэрыях я падыходзіла, але мяне не ўзялі. І я думаю, што прычына была ў тым, што ў мяне былі малыя дзеці. Я была ўжо ў разводзе, і ў мяне спыталі, ці змагу я ездзіць у камандзіроўкі. Я сказала, што камандзіроўкі не будуць праблемай.

Але мяне ўсё роўна не ўзялі. І я тады падумала: вось яна, сістэма — нават у НДА, якія нібыта пра людзей, могуць адкінуць жанчыну з дзецьмі.

Пасля гэтага я проста працягнула дапамагаць людзям — без нейкіх афіцыйных тытулаў.

І ўсё ж доўгі час я паўтарала сабе: «Я не праваабаронца, бо ў мяне няма адпаведнай адукацыі». Хоць я праходзіла навучанне ў кіеўскай праваабарончай ініцыятыве, але тады здарыўся пераезд, і я не змагла наведаць усе заняткі. Мне далі сертыфікат, але я адчувала, што гэта недастаткова. Гэта, напэўна, наш савецкі перфекцыянізм — калі трэба зрабіць усё на 100%.

І, напэўна, таму для мяне было асабліва важна атрымаць узнагароду «Праваабаронца года — 2024». Гэта стала вялікім прызнаннем. Бо я дакладна ведаю, што гэта не пра сувязі, не пра знаёмствы — а пра тое, што людзі сапраўды ацанілі працу, якую я раблю. Гэта было прызнаннем таго, што мая праца мае сэнс.

Я нават праверыла — з 2008 года яшчэ ніколі не было, каб лаўрэаткай ці намінанткай стала адкрытая ЛГБТК-персона ці феміністка. Былі, вядома, праваабаронцы, якія займаліся гэтымі тэмамі, але не адкрыта. І вось гэта для мяне стала важным знакам — што нашае грамадства ўсё ж робіць крок наперад. Што феміністка, квір-персона таксама можа атрымаць такую ўзнагароду.

Праваабарона, валанцёрства, падтрымка людзей — гэта ўжо стала маёй прафесіяй. Але, мабыць, раней я пра гэта недастаткова казала. Бачу, што шмат хто піша: «А што ты, уласна, зрабіла?». А жанчыны часта не пішуць не таму, што няма што сказаць, а таму што не прывыклі сябе паказваць, баяцца, што гэта будзе выглядаць як хвальба.

Я цяпер спрабую інакш — пішу не дзеля таго, каб нешта камусьці даказаць, а каб пакінуць след, каб паказаць, што праваабарона і актывізм — гэта рэальная праца, не менш важная, чым любая іншая.

Канечне, бываюць думкі пра змену дзейнасці. Бо я бачу, як многія мае сябры і сяброўкі, якія займаліся актывізмам, цяпер ідуць у больш стабільныя прафесійныя сферы — ІТ, бізнэс, камунікацыі. І я за іх шчыра радуюся.

Але сама я разумею, што мне вельмі падабаецца працаваць з людзьмі. Мне важна бачыць, што камусьці становіцца лягчэй, што нешта змяняецца. Таму я прыйшла ў коучынг. І мне гэта сапраўды даспадобы. Я працую і прыватна, і з арганізацыямі. Гэта вельмі цікава — бачыць, як людзі і каманды растуць.

Цяпер я пачала праект «Бачная» — пра павышэнне бачнасці жанчын у беларускай публічнай прасторы. Планавалася група на 20 чалавек, але ахвотных аказалася значна больш. Тэма вельмі актуальная. Бо жанчыны часта не бачны не таму, што яны не прафесіяналкі, а таму, што ёсць шмат перашкод — страх, хэйт, сумненні.

Шчыра, я не думаю, што пайду ў сферу, дзе няма чалавечага складніку. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, арганізоўваць падзеі, рабіць піяр — але толькі таго, што сапраўды важна мне.

А вучоба — гэта асобная тэма. Я заўсёды вучуся. Мне здаецца, час, калі людзі атрымлівалі адну прафесію на ўсё жыццё, ужо мінуў. Гэта было пакаленне маіх бацькоў. А мы ўжо іншыя — свет змяняецца занадта хутка. І трэба ўмець адаптавацца.

Пасля Акадэміі музыкі я скончыла мноства курсаў: сертыфікацыю па коучынгу, HR-курсы, курс трансфармацыйнага трэнерства. Праходзіла і курсы па псіхатраўме, і іншыя. Зараз таксама рыхтуюся да новых — бо заўсёды ёсць чаму вучыцца.

Некалькі гадоў таму, калі я пабачыла праграму Каліноўскага, то нават не спрабавала падацца, бо лічыла, што яна разлічаная на людзей да 35 гадоў (Насце 41 год. — НН). Ну і была думка: «Ну куды ты пойдзеш вучыцца? Ну навошта табе гэта? Саступі дарогу маладым».

Другая думка была пра тое, што гэта ж шмат часу — як усё гэта сумясціць з працай, з жыццём, з эміграцыяй? Таму некалькі гадоў таму я не падавалася. І толькі цяпер разумею, што, напэўна, менавіта гэта ўнутранае самаабмежаванне мяне тады і спыніла.

А ў гэтым годзе ўсё змянілася. Мая знаёмая — былая палітзняволеная, якая старэйшая за мяне, — сказала: «А мне ўсё роўна, што там да 35, я ўсё адно падамся!». Я пасля гэтага таксама вырашыла паспрабаваць.

Я пайшла на сумоўе ўлетку і спачатку думала пра магістратуру, бо ў мяне ўжо ёсць вышэйшая адукацыя. Я нават напісала ў Варшаўскі ўніверсітэт — на факультэт сацыялогіі і паліталогіі — ці магу паступіць са сваёй адукацыяй, дзе была сацыялогія, псіхалогія, філасофія.

Мне адказалі, што магу.

Мне на сумоўі сказалі, што майго ўзроўню польскай дастаткова, каб адразу ісці вучыцца ў магістратуру. Але іспыты там недзе ў лютым, а я не хацела губляць паўгода.

Плюс я ўсё ж хачу ўдасканаліць мову. У беларусаў часта праблема праз тое, што польская падобная на беларускую, і шмат хто пачынае гаварыць хутка, але ніколі не вывучае яе па-сапраўднаму.

Я ж нарадзілася ў Гродне, і ўсё дзяцінства слухала польскае радыё, глядзела польскае тэлебачанне. Таму для мяне гэта ўсё ж не зусім незнаёмая мова была. Але ж з пісьмовай мовай было складана, бо я ўсё ж больш размаўляю па-польску, чым пішу. Я сабе паставіла мэту: за год вывесці мову хаця б да ўзроўню B2, а можа, і C1.

Цяпер я вучу польскую больш сістэмна. У мяне 16 акадэмічных гадзін на тыдзень, 10 з іх — афлайн. І вось тут я сутыкнулася з тым, што для мяне, чалавека-фрылансера, гэта цэлы выклік: кожны дзень трэба выходзіць з дому.

Звычайна я або працую анлайн, або хаджу на нейкія мерапрыемствы ў сваім раёне — і гэтага мне хапае, каб зрабіць свае дзесяць тысяч крокаў у дзень. А цяпер — пяць дзён на тыдзень заняткі, штодня выходжу, штодня еду — гэта зусім новы рытм.

Першы занятак доўжыўся пяць акадэмічных гадзін — пад канец я ўжо адчувала, што мозг «кіпіць». Але ўсё адно гэта цікава.

Над тым, куды паступаць далей, я ўсё яшчэ думаю. Спачатку схілялася да сацыялогіі ці паліталогіі. У Варшаўскім універсітэце мне сказалі, што магу выбіраць любую з гэтых спецыяльнасцяў. Але ўсё ж такі я зразумела, што сацыялогія — гэта мая любоў. Я люблю людзей, люблю разумець працэсы, узаемадзеянні, як усё ўладкавана — гэта мне нашмат цікавей, чым паліталогія.

Ва ўніверсітэце

Але калі я пачала глыбей думаць пра гэты выбар, то ўзнікла думка: а чаму б не пайсці, напрыклад, у музычную сферу — на вакал ці на ўдарныя інструменты? У мяне ж ужо ёсць адукацыя, база, і гэта можна развіць.

Так што цяпер у мяне два вектары: сацыялогія — для прафесійнага развіцця і павышэння кваліфікацыі, і музыка — для душы, для ўнутранага задавальнення.

Увогуле, вучоба пасля 40 гадоў — своеасаблівы эліксір маладосці. Я адчула сябе неверагодна маладой, калі сядзела ў аўдыторыі, поўнай беларусаў. Большасць з іх значна маладзейшая — 20—25 гадоў. Але я сядзела побач з імі і адчувала сябе роўнай.

Мы хутка пазнаёміліся, і ўжо пасля адкрыцця пайшлі разам у кавярню. Я пажартавала, што, калі з 2003‑га па 2008 год вучылася ў Акадэміі музыкі, наш другі корпус быў недалёка ад Опернага тэатра. На перапынках мы хадзілі ў дворык паліць і піць каву — самую звычайную, з савецкай крамы, але там была добрая кавамашына.

А цяпер — іншае жыццё. Мы ідзём піць капучына на какосавым малацэ, гаворым пра мастацтва і Польшчу. І гэта, канешне, іншае адчуванне — яно напаўняе.

Я вельмі люблю гэтую атмасферу. Адчуваю, што яна вяртае мяне да жыцця. Адна мая аднагрупніца сказала вельмі трапна: «Пасля 40 другая адукацыя — гэта лепшае выйсце з шэрасці. Ты ўжо дакладна разумееш, навошта вучышся, і робіш гэта для сябе, а не таму, што «трэба».

І сапраўды, цяпер я вучуся не таму, што павінна, не таму, што «без дыплома не знойдзеш працу». Гэта проста патрэба — развівацца, адчуваць сябе жывой. Так, у Беларусі без адукацыі складаней знайсці працу, але, мне здаецца, цяпер ва ўсім свеце межы размываюцца. Важней не паперкі, а кампетэнцыі.

Так, мы афіцыйна яшчэ не студэнты: «зерувка» — гэта падрыхтоўчы курс, але ўсё роўна ёсць поўнае адчуванне таго, што ты ў студэнцкім жыцці.

Канешне, калі чалавек працуе поўны дзень афлайн, то сумясціць вучобу з працай цяжка. У праграме Каліноўскага нельга вучыцца завочна, але ёсць магчымасць часткова займацца анлайн. Тым не менш, патрабуюць прысутнасці на большасці заняткаў.

Ва ўніверсітэце

У праграме Каліноўскага яшчэ і тое добра, што яна не толькі аплачвае навучанне, але і дае стыпендыю. Зараз гэта каля 1800 злотых штомесяц (гэта прыкладна 420 еўра). Не надта шмат, але дастаткова для базавай падтрымкі.

Пры гэтым няма забароны на працу — арганізатары разумеюць, што многія ўдзельнікі ўжо маюць працу. Але яны просяць ставіць вучобу ў прыярытэт і наведваць не менш за 80% лекцый.

Навучанне працягваецца тры гады, шэсць семестраў. Напрыклад, па сацыялогіі ў першым семестры каля дваццаці гадзін вучобы на тыдзень, у другім — ужо 16—18. І з кожным наступным семестрам гадзін усё менш, бо павялічваецца доля самастойнай працы. Па факце, трэба вытрымаць толькі першы год — а потым будзе лягчэй.

Вось таму я і кажу: калі ёсць магчымасць пайсці вучыцца — варта спрабаваць. Гэта не проста вучоба, гэта новы этап жыцця».

Каментары84

  • Спецыяліст
    12.10.2025
    Гэта ўсё што трэба ведаць пра праграму Каліноўскага.
  • Махнаты сабака
    12.10.2025
    Мяркую прыйшоў час цалкам адмяніць гэту праграму якая пераўтварылася ў раздачу грошай у вечных студэнтаў.
  • Самае цікавае
    12.10.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода18

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода

Усе навіны →
Усе навіны

У МЗС расказалі, з якімі краінамі вядуць перамовы пра бязвізавы рэжым4

Забіты палкай воўк не быў шалёным: працяг гісторыі з Івацэвіцкага раёна22

Пенсіянерку з Гомеля пасадзілі ў калонію за «абразу Лукашэнкі», «дыскрэдытацыю Беларусі» і «экстрэмісцкае фарміраванне»5

У Круглянскім раёне вецер разбурыў будынак цялятніка, дзе знаходзіліся жывёлы1

У Крупках моцны вецер зрываў дахі са шматпавярховікаў1

З еўрапейскіх бібліятэк скралі каля 170 рэдкіх кніг Пушкіна і іншых расійскіх класікаў. Навошта — ніхто не ведае10

У Мінску стварылі метровы торт у выглядзе карты Беларусі з усімі славутасцямі2

Беларуская мэблевая фабрыка не плаціла супрацоўнікам заробкі, бо не дачакалася грошай ад «Шанэль»

У Пінскім раёне больш няма музея Яўгеніі Янішчыц2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода18

Мінімум 314 беларусаў загінулі ва Украіне, ваюючы за Расію. Сталі вядомыя імёны. Ад вярбоўкі да смерці праходзіць у сярэднім паўгода

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць