60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар
Увечары 8 кастрычніка рэйс авіякампаніі Ryanair з Парыжа ў Вільню надоўга застанецца ў памяці яго пасажыраў. П’яная грамадзянка Беларусі, якая буяніла на борце, ператварыла палёт у сапраўдны кашмар. Аднак ніякага пакарання за інцыдэнт яна не панясе — паліцыя, якая сустрэла яе ў аэрапорце, проста правяла жанчыну з будынка і адпусціла, піша lrytas.lt.

Пра здарэнне на борце самалёта Ryanair, які ляцеў з Парыжа ў Вільню, рэдакцыі Lrytas.lt паведамілі відавочцы. Адзін з пасажыраў расказаў, што інцыдэнт справакавала прыкладна 60‑гадовая рускамоўная жанчына.
«Яна крычала, лаялася, паводзіла сябе абсалютна неадэкватна, экіпаж спрабаваў яе супакоіць. Была відавочна п’яная, напалохала дзяцей. Побач сядзела жанчына з двума малымі, і экіпаж вымушаны быў перасадзіць іх далей ад гэтай буянай пасажыркі. Потым, ужо ў аўтобусе, я чуў, як дзеці ўсё яшчэ гаварылі маці, што ім страшна, а маці іх супакойвала», — расказаў відавочца.
Пасля пасадкі самалёта ўсіх пасажыраў папрасілі заставацца на сваіх месцах. Неўзабаве ў салон увайшлі паліцэйскія і вывелі жанчыну.
Як высветлілася падчас расследавання Lrytas.lt, буяніла грамадзянка Беларусі, якая, паводле папярэдніх даных, мае дазвол на жыхарства ў Італіі.
Экіпаж яшчэ падчас палёту паведаміў наземным службам пра неадэкватныя паводзіны п’янай жанчыны. Таму пасля прызямлення самалёта яго ўжо чакалі памежнікі, супрацоўнікі службы грамадскай бяспекі, ахова аэрапорта і паліцыя Вільні.
Як паведамілі Lrytas.lt у Галоўным упраўленні паліцыі Віленскага рэгіёна, выклік у аэрапорт паступіў 8 кастрычніка каля 23:49. Супрацоўнік аэрапорта паведаміў, што экіпаж просіць дапамогі з-за неадэкватных паводзін жанчыны на борце самалёта, які ляціць з Парыжа.
Паліцыя была праінфармаваная, што самалёт ужо прызямляецца ў Вільні. Пасля прыбыцця да борта яны вывелі відавочна п’яную грамадзянку Беларусі.
«Жанчына была праведзена з аэрапорта. Ніхто не падаў заяву адносна яе паводзін», — паведаміла паліцыя Вільні.
Першапачаткова меркавалася, што заява будзе пададзеная, але калі паліцэйскія ўвайшлі ў самалёт, жанчына ўжо супакоілася і паводзіла сябе нармальна.
У сувязі з гэтым, а таксама з адсутнасцю заявы, у паліцыі не было падстаў затрымліваць яе даўжэй. Таму яе адпусцілі, паведамілі ў паліцыі.
Каментары