Дойліду з Брэстчыны, які будаваў цэрквы ў некалькіх краінах, далі калонію па чатырох палітычных артыкулах
Дойлід Алег Кінеў спецыялізуецца на будаўніцтве з дрэва — найперш культавых пабудоў.

Алегу Кіневу 56 гадоў. Ён жыве ў аграрадку Першамайская (Блудзень) у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Праходзіў тэрміновую службу ў марской пяхоце.
Ён прадпрымальнік, займаецца дахавымі працамі. Ягоная спецыялізацыя — выраб купалаў для праваслаўных цэркваў. Алег займаецца гэтым з 2000-х. Спачатку ён працаваў з брыгадай як наёмны працаўнік, а праз некалькі гадоў адкрыў сваю справу.

Кінеў рэканструяваў купал Патрыяршага прадстаўніцтва РПЦ, ствараў купал для царквы вайсковай часці ў Слоніме, рабіў дубовы мост, прыстань і альтанку на выспачцы побач з сядзібай графа Гутэн-Чапскага ў Станькаве і часоўню ў заапарку. Агулам жа ягоныя працы раскіданыя па розных гарадах і вёсках Беларусі.
Купалы вытворчасці Алега ёсць і ў Літве, Швецыі і ЗША.

Алега Кінева арыштавалі напрыканцы 2024 года. Нядаўна яго асудзілі па чатырох артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абраза службовай асобы» (арт. 369 КК) і «ўступленне ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК).
Дойліду пагражала да шасці гадоў калоніі, але дакладны прысуд, як і сутнасць абвінавачанняў, невядомыя. Цяпер ён застаецца за кратамі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
агулам == вместе, сообща, совместно; всего, итого