Ад рэдакцыі

«Мой мілы Андрэйка, ужо месяц мы не разам». Свайму мужу за краты піша Паўліна Скурко

8 жніўня мінае месяц, як нашаніўцы Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч знаходзяцца ў няволі. Гэты месяц стаў вялікім выпрабаваннем не толькі для іх саміх, але і для іх блізкіх, а найперш — жонак. Мы публікуем ліст Паўліны Андрэю. У ім горыч змешваецца з цяплом, каханнем і надзеяй. 

Андрэй, Паўліна і Тамаш

«Прывітанне, мой мілы Андрэйка. Ужо месяц мы не разам, а здаецца, што дзень. Доўгі-доўгі дзень, які ўсё не канчаецца.

За гэты месяц у мяне было некалькі дзён тугі, суму (але не адчаю), калі хацелася проста ляжаць і думаць пра цябе, і грэцца аб гэтыя думкі. А было і колькі шчаслівых дзён, і я хачу занатаваць іх для цябе і для гісторыі — якое яно, шчасце нашага часу.

Ведаючы, што на Акрэсціна вам не выдалі матрацаў, ды гледзячы на градуснік, які паказваў +35, я баялася уяўляць, як ты там спраўляешся, як спіш. І першай маёй радасцю стала навіна: у цябе драўляныя нары — а не металічныя, і падлога ў камеры драўляная — а не цэментная. Ды яшчэ ёсць кран з вадой! Памятаю, пасля гэтых навін я ўжо нібы на крылах лётаю па ЦУМе, выбіраю табе мыла і зубную пасту. У перадачу, якую табе так і не перададуць:)

Другі момант шчасця за гэты месяц — даведацца, што цябе перавялі на Валадарку з гэтай акрэсцінскай душагубкі. Ура! Я магу сабраць перадачку-падарунак (і яе аддадуць!), пакласці розныя знакі любові: паштоўкі, качанную салату, майку з мядзведзем, каву…

Трэцяе шчасце — ліст ад цябе. Я дастала яго са скрынкі і пацалавала. Усе гэтыя тыдні я гаварыла з табой у думках, уяўляла нашы дыялогі, твае рэакцыі. Успамінала… І раптам ты зноў па-сапраўднаму да мяне гаворыш. Твой цёплы почырк, дарагія словы і вясёлыя карцінкі.

Цяпер я сплю, паклаўшы ля падушкі твой апошні ліст. Гэта амаль як трымаць цябе за руку.

Такое яно, цяперашняе беларускае шчасце. Калі вырастуць нашы дзеці, няхай шчасце ў іх будзе іншае.

Пра дзяцей:)

Наш з табой маленькі заяц навучыўся сёння гаварыць «дабранач» («дабаба»). І вывучыў твой верш! Бачыш, не ўсё толькі кепскае дала нам турма — якія добрыя ў цябе там пішуцца вершыкі!:)

«Да Тамашыка ў …» — «Гого!» (госці)

«Бегла — хто?»

«Мімі!» (мышка) — «Узняўшы…» — «Хвоці!» (хвосцік)

«А на хвосціку …» — «Цёцё!» (сцяжок)

«А ў лапках …» — «Пёпёпё!!!» (піражок)

Кожную раніцу, толькі прачнуўшыся, Тамаш пытаецца: «Тата?». Сэрца маё кроіцца. «Тата ў камандзіроўцы. У Мінску. У замку…» «Дзядзі?» «Так, з іншымі дзядзямі». «Тата ма! Ма! Тата ма!» — Тамаш разводзіць ручкамі, а яго драматычныя інтанацыі кранулі б і камень. «Так, таты з намі няма, але мы яго будзем вельмі чакаць, і ён скора прыедзе ды абдыме нас». Настрой мяняецца: «Буууу! Чычы!» Раз тата прыедзе на машыне ды яшчэ з ключамі, то Тамаш згодны пачакаць. Не краіся, сэрца, наперадзе марафон, і ты мне ў ім яшчэ прыдасіся.

Мой мілы, кожную хвіліну я думаю пра цябе і добра адчуваю, што і ты думаеш пра мяне. Ты пісаў, каб я добра ела, адпачывала і берагла нервы. Добра! Я буду рабіць усё, што ты просіш!:) Сёння ў мяне свята: рассольнік (думаю, і ты часам ім ласуешся), рагу з гародніны ды мятнае пячэнне, а над усім гэтым чацвёрты дэтэктыў з серыі пра Кормарана Страйка. Я, як заўжды, праз пару месяцаў забуду сюжэт, і будзем з табой разам глядзець па гэтай кніжцы серыял. Яго скора здымуць. А ты скора выйдзеш.

У лісце ты пісаў, што гэтыя выпрабаванні дадуць нам новыя імпульсы і досвед адно для аднаго. Многа думаю над гэтым. Досведу сапраўды будуць вагоны! Тэм хопіць на гады. Ох і нагаворымся мы, Андрэйка! Скарэй бы засесці разам на ганку, піць чай і гаварыць-гаварыць-гаварыць!..

Я вяду спісачак рэчаў, якія мы зробім пасля твайго вызвалення: куды пойдзем, што купім, што з’ямо… Што абгаворым!:)

Мілы мой заяц, а якія людзі вакол! Пра кожнага з іх трэба будзе табе расказаць. Як правільна мы з табой жылі, што столькі цудоўных людзей аказалася з намі побач у цяжкую хвіліну.

А якія ў нас сем’і! Ты, я, нашы з табой бацькі і блізкія сталі такой зладжанай сістэмай — з нас цяпер падручнікі можна пісаць, што такое сям’я!

І знаеш, што яшчэ напаўняе мяне да краёў? Падтрымка, якую я атрымліваю з-за кратаў. Да камяка ў горле, да дрыжыкаў — што пішуць мне з турмаў, з хіміі знаёмыя і незнаёмцы, якія даведаліся пра нашу сітуацыю.

Ха, а ты б бачыў іх блізкіх! Чарга на перадачы каля Валадаркі нагадвае чаргу ў тэатр або на выставу: стылёва адзетыя, спакойныя людзі, разумныя, цвёрдыя твары. Усе вельмі інтэлігентныя, гатовыя дапамагчы. І нейкім чынам гэтыя людзі мяняюць прастору вакол сябе, і яна ўжо стараецца ім адпавядаць… «Мы яшчэ не перамаглі, але яшчэ і не прайгралі», — сфармулявала твая цешча, пастаяўшы ў гэтай чарзе.

За апошні год наш народ стаў проста гігантам салідарнасці. І ўвогуле гігантам. Сярод такога народу ператрываць нашы выпрабаванні куды лягчэй. Аднойчы гэта мінецца, а мы застанемся. І будзем далей купацца ў нашым з табой шчасці, яшчэ больш моцныя і класныя».

Пішыце лісты нашым калегам

СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск
Скурко Андрэю Генадзевічу
Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Каментары

Цяпер чытаюць

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця2

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Усе навіны →
Усе навіны

Грошы ў Беларусь вязуць фурамі. Як дальнабоі і не толькі напаўняюць краіну валютай16

Крупко расказаў пра планы па будаўніцтве дняпроўскіх каналаў, колькі гэта будзе каштаваць і ў чым галоўная праблема9

Гродзенскаму бізнэсмену, медыку па адукацыі, прысудзілі рэальны тэрмін за палітыку

Начальнік штаба «Хезбалы» забіты ў выніку ізраільскага ўдару па Бейруце

Кірыл Дзмітрыеў: хто гэты банкір, які стаў нечаканым пасланнікам Пуціна ў Вашынгтоне і суаўтарам мірнага плана Трампа12

На паперы высаджана 400 кустоў, на месцы — ніводнага. Сілавікі ўзяліся за азеляненне ў гарадах8

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа: У амерыканскі мірны план унясуць змены23

«Дзевяць курэй за ноч». Вёску на Міншчыне аб'ядае ліса — і вывезці яе нельга7

Прадстаўнік Лукашэнкі ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы параіў, дзе шукаць жаніхоў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця2

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць