Фермера, які хацеў стаць прэзідэнтам і здымаў фэйкі для СМІ, паказалі ў сюжэце дзяржТБ пра распаўсюд наркотыкаў
Гомельскага фермера, які ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, Юрыя Ганцэвіча тэлерадыёкампанія «Гомель» паказала ў сюжэце пра суд за распаўсюд псіхатропаў.

З відэа вынікала, што мужчыну абвінавацілі ў працы на інтэрнэт-краму наркотыкаў з красавіка 2020-га па жнівень 2021-га года. Нібыта ён атрымоўваў тавар у Расіі, фасаваў і рабіў закладкі ў Гомельскай вобласці. Паводле следства, абвінавачаны паспеў прадаць псіхатропы як мінімум сямі пакупнікам і зарабіў каля 160 тысяч рублёў.
Пазней аказалася, што гэта «тэхнічная памылка». Асуджаны быў зусім іншы чалавек, а дзяржТБ проста выкарыстала архіўныя кадры з Ганцэвічам.
«Было паказана месца для абвінавачанага, дзе знаходзіўся грамадзянін, які не мае дачынення да вышэйзгаданага злачынства», — патлумачыла ТБ.
Чым вядомы Ганцэвіч?
Ганцэвіч — фермер і ўласнік аграсядзібы пад Гомелем. Ён балатаваўся ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2019 года і пазіцыянаваў сябе як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага. Ганцэвіч вёў блог «Народны дэпутат». Увесну 2020 года заявіў, што балатуецца ў прэзідэнты, але не сабраў подпісы. У жніўні 2020 года перад выбарамі Ганцэвіча затрымлівалі як падазраванага па артыкуле аб абразе міліцыянераў. У красавіку Ганцэвіч зняўся ў пастановачным відэа, дзе мужчыну нібыта збівалі за бел-чырвона-белы сцяжок на дзіцячым ровары.

Відэа здымаў праўладны блогер Яўген Катляроў, які скідаў фэйкі незалежным СМІ. Пасля выкрыцця Ганцэвіч заявіў, што людзі «вераць у розную брыдоту», а Святлану Ціханоўскую «запраграмавалі і завербавалі».
9 мая 2021 года Ганцэвіча затрымалі ў цэнтры Гомеля, калі ён стрыміў святкаванне Дня Перамогі. Пра арышт не паведамлялася. Ганцэвіч вёў тэлеграм-канал для прасоўвання сваёй фермерскай прадукцыі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары