Эканоміка

Леў Львоўскі: Праблемы ў трымальнікаў беларускіх еўрабондаў скончыліся, праблемы Беларусі — пачаліся

Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch і Moody's абвясцілі дэфолтам выплату ў беларускіх рублях купоннага даходу па выпуску еўрааблігацый Мінфіна РБ з тэрмінам пагашэння ў 2027 годзе. Эканаміст, аналітык Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Леў Львоўскі патлумачыў «Новаму часу», якія гэта будзе мець наступствы.

Да 13 ліпеня Беларусь павінна была заплаціць у валюце па сваіх міжнародных абавязках. Замест гэтага грошы ў беларускіх рублях былі пералічаныя на рахунак Беларусбанка. Меркавалася, што плацежны агент будзе мець доступ да гэтага рахунку і сам вырашаць пытанні пералічэння грошай з яго трымальнікам аблігацый.

Аднак тыя самыя плацежныя агенцтвы з Беларусбанкам справу мець адмовіліся — Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank, N. A., London Branch апавясцілі Міністэрства фінансаў РБ аб спыненні сваёй дзейнасці ў якасці рэгістратара, фінансавага, плацежнага і трансфернага агента ў дачыненні да беларускіх еўрааблігацый. Мінфін пачаў шукаць новых агентаў, але пакуль не знайшоў. І, канечне, Мінфін імкнецца перакласці адказнасць за беларускі дэфолт на контрагентаў.

Леў Львоўскі тлумачыць: усё ж Мінфін не мае рацыі. Гэта сапраўдны дэфолт Беларусі. Па-першае, таму, што еўрабонды — гэта дакумент, які выпускаецца на пэўных умовах, і змяняць умовы на працягу часу, калі здзелка актыўная, нельга.

Таму выплаты па іх не ў той банк, не ў той валюце або не ў той час прыводзяць краіну ў стан дэфолту аўтаматычна.

Па-другое, паводле яго слоў, сутнасць руху грошай па еўрааблігацыях такая: Мінфін павінен быў пералічваць грошы плацежнаму агенту — напрыклад, у Citibank. А Citibank — размяркоўвае грошы паміж трымальнікамі аблігацый. Калі б Мінфін так і зрабіў, а праблемы паўсталі б паміж Citibank і інвестарамі — гэта не было б дэфолтам. Але, паколькі Мінфін залічыў працэнты па еўрабондах у Беларусбанк… Тут усё зразумела. І ніякія «заходнія структуры, якія ўводзяць санкцыі» тут, пагадзіцеся, ні пры чым.

Між тым, варта асобна адзначыць, што слова «дэфолт» мае на ўвазе не адмову ад выплаты грошай ці нешта падобнае, а літаральна — «невыкананне абавязацельстваў», нават калі гэтыя абавязацельствы — нефінансавай уласцівасці. Беларусь не выканала абавязацельствы, і гэта бясспрэчны факт.

Што чакае Беларусь у выніку абвяшчэння дэфолту? Леў Львоўскі падзяляе наступствы на кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя.

Паводле яго слоў, эфект першага парадку — гэта тое, што калі краіну абвяшчаюць дэфолтнай, то ёй больш ніхто не дае грошай у доўг. «Тут мы нічога не страцім, бо Беларусі як мінімум з 2020 года ніхто ў доўг не дае, акрамя як Расійская Федэрацыя», — кажа ён.

Другі бок гэтага медаля ў тым, што цяпер Беларусь тэарэтычна можа не выплачваць і наступныя плацяжы па еўрабондах. І калі бягучы дэфолтны плацеж складаў усяго 22 млн даляраў, то на пачатку 2023 года трэба было выплаціць 800 млн даляраў. Цяпер Мінфін можа «зэканоміць».

Эфекты другога парадку — гэта тое, што да суверэннага рэйтынгу часта прывязваюцца рэйтынгі кампаній. І суверэнны рэйтынг часта ўключаецца ў дагаворы паміж, скажам, банкамі, або аб'ектамі гаспадаркі. І, напрыклад, які-небудзь казахстанскі банк цалкам можа адмовіцца працаваць з беларускім банкам з-за «дэфолтнага» рэйтынгу краіны.

На суверэнны рэйтынг таксама часам абапіраюцца экспартна-імпартныя кантракты. Могуць узнікнуць складанасці з пераводамі грошай па такіх дамовах. «Фінансавае забеспячэнне экспартна-імпартнай дзейнасці ў нас і цяпер даволі складанае, так што праблемы дададуцца», — лічыць Львоўскі.

Эфект трэцяга парадку ўплывае на перспектывы беларускай эканомікі.

Цяперашні дэфолт азначае, што для Беларусі праз 10-20 гадоў, калі, можа быць, прыйдзе новы ўрад, яму прыйдзецца працаваць менавіта з дэфолтным рэйтынгам.

«Значная частка інвестараў не будзе разбірацца, па якой прычыне аб'яўляўся дэфолт, хто быў ва ўладзе тады і хто ва ўладзе цяпер, і гэтак далей. Такія пакетныя міжнародныя інвестары, якія інвестуюць у аблігацыі трэціх краін, глядзяць на гэтыя краіны даволі павярхоўна», — адзначыў Леў Львоўскі. Гэта значыць, судзяць на падставе крэдытных рэйтынгаў, якія цяпер у нас дэфолтныя.

Але самае цікавае — гэта тое, каму належаць нашы еўрааблігацыі. Эканаміст адзначыў, што, па даных Мінфіна, 40% беларускіх еўрааблігацый размешчаныя ў «дружалюбных» інвестараў. А гэтымі інвестарамі могуць быць не толькі замежныя, але і айчынныя кампаніі, банкі або «паважаныя людзі».

«Мы дакладна не ведаем, хто трымальнік нашых аблігацый, але відавочна, што значная частка трымальнікаў гэтых аблігацый — камерцыйныя банкі, у тым ліку і беларускія. І дэфолт па гэтых аблігацыях негатыўна адаб’ецца на стане іх актываў. Вядома, гэта засакрэчана, і мы не ведаем, наколькі цяпер праблемныя іх актывы. Але дэфолт гэтую сітуацыю пагоршыць», — кажа Львоўскі.

І тэарэтычна можа быць, што, калі актывы банка ў значнай меры складаюцца з «дэфолтных» аблігацый, то банк абрынецца.

Тым не менш, выключаць такіх варыянтаў нельга, — асабліва ведаючы звычку нашага Мінфіна запіхваць банкам дзяржаблігацыі ў «добраахвотна-прымусовым парадку».

Ну і, канечне, тэарэтычна, трымальнікі беларускіх еўрабондаў могуць запатрабаваць ад Мінфіна датэрміновага пагашэння аблігацый, а беларускі Мінфін, зразумела, адмовіцца. Тады інвестары пойдуць у суд. А суд можа арыштаваць маёмасць Беларусі за мяжой, як «сродак забеспячэння» гэтых іскаў. З іншага боку, Леў Львоўскі кажа, што маёмасці Беларусі за мяжой таксама не вельмі багата, і ў краіны там няма скрыняў з золатам. Тым не менш, такіх іскаў можна чакаць.

«Праблемы ў трымальнікаў беларускіх еўрабондаў скончыліся, праблемы Беларусі — пачаліся», — рэзюмаваў Леў Львоўскі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі2

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 34‑гадовы Антон Арцямёнак, складальнік слоўніка беларускіх футбольных тэрмінаў5

У Нью-Ёрку пара залезла на рэтрансляцыйную вежу хмарачоса дзеля заручын5

На Беларускай чыгунцы ўводзяць новы від цягнікоў2

УСУ нанеслі ўдар па Цэнтру касмічнай сувязі расійскай арміі пад Масквой2

Лукашэнка на некалькі гадзін заскочыць у М'янму і 2 ліпеня вылеціць у Беларусь3

«Рукамі не чапаць». Прадаўцы забараняюць беларусам адбіраць сабе лепшыя ягады ФОТАФАКТ7

У Дзяржынскім раёне на аўкцыёне прадаюцца руіны старога храма з абавязкам неадкладна звесці іх са свету9

У Расіі чакаюць мабілізацыю 1,2 мільёна мужчын увосень23

Расійская злачынная сетка атрымала амаль мільярд даляраў ад дзяржаўнай праграмы медстрахавання ЗША. Рогі і капыты ХХІ стагоддзя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі2

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць