Прэс-сакратарка Мінархітэктуры ходзіць у Chanel, Burberry, Yves Saint Laurent — арыгінал ці падробка?
Прэс-сакратарка Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Анастасія Рудзкая любіць дарагія брэнды. Ці гэта не сапраўдны люкс?

У брэндавай сукенцы прэс-сакратарку заўважылі на мінулым тыдні на форуме маладых журналістаў, дзе сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. Лагатып Chanel, але… У арыгінальнай сукенцы брэнда кішэні пашытыя зусім не так.
«Відаць, што для чорнай сукенкі выкарыстаныя белыя ніткі. Такога проста не можа быць у арыгінале, гэта недапушчальна, — заўважае стылістка, да якой звярнулася «Наша Ніва». —

На шыі, хутчэй за ўсё, таксама не арыгінал: такой формы хусткі ў Chanel я яшчэ не сустракала. Звычайна яны заўсёды квадратныя. Яшчэ хустка на фота мае падазроны бляск — сапраўдны шоўк не будзе блішчэць. Хутчэй за ўсё, хустка зроблена з паліэстэру».

Сукенка нібыта ад Burberry, верагодна, таксама не з'яўляецца арыгіналам. У надпісе брэнда другая і апошняя літары напісаныя не так, у арыгінале шрыфт справа больш тонкі.

Сумка Yves Saint Laurent выглядае як копія. У арыгінале ў сумкі скура глянцавая, тут — больш матавая.

«Таксама незразумела, што на гузіках. У Burberry — знак рыцара або назва брэнда. У арыгінале гузікі пляскатыя, тут яны выпуклыя», — тлумачыць стылістка.

Яшчэ адна сукенка з лагатыпам Chanel таксама падобная да копіі. Пры стыкоўцы швоў у арыгінале ўсё павінна супадаць. Тут малюнак разыходзіцца (гэта заўважна, калі прэс-сакратарка падымае руку).

Хто такая Анастасія Рудзкая?
Дзяўчына нарадзілася ў Баранавічах. У 2021-м скончыла факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «друкаваныя СМІ».
Яшчэ ў студэнцтве яна пачала працаваць на БТ, была карэспандэнткай у праграме «Добрай ранiцы, Беларусь!» на «Беларусь 1» і вядучай «Ничего себе ньюз» на «Беларусь 2».

«Самымі запамінальнымі выдаліся здымкі рэпартажа пра спецназ, — расказвала яна ў інтэрв’ю «Народнай газеце». — Я прымярала экіпіроўку, пераадолела паласу перашкод і нават страляла са зброі. Не магу забыць здымкі ў Вайсковай акадэміі. Там я ўпершыню палятала на верталёце. Эмоцыі білі цераз край!»
У лютым 2021-га, праз пару месяцаў пасля фальсіфікацый і зверстваў 2020-га, Рудзкая была мадэратаркай сустрэчы Лукашэнкі са студэнтамі.
На ёй Лукашэнка падарыў дзяўчыне ручку.

«Дзе знаходзіцца зараз ручка, не скажу, бо ў мяне ж могуць быць сакрэты?
Скажу толькі, што захоўваю яе ў надзейным месцы. Гэтая ручка стане маім талісманам», — гаварыла Рудзкая ў інтэрв’ю «Знамя юности».
Таксама яна расказвала, што пасля сустрэчы з Лукашэнкам на яе «абрынулася хваля хейту».
Абурыліся прысутнасцю Рудзкай на сустрэчы з Лукашэнкам у тым ліку яе аднакурснікі. Тады Рудзкая стала пагражаць студэнтам, што напіша на іх заявы ў міліцыю.

«Але цёплых слоў у мой адрас паступіла ў разы больш, — дзялілася яна. — Мне тэлефанавалі блізкія, настаўнікі, былыя аднакласнікі, казалі, што вельмі мной ганарацца. Прыходзілі і да гэтага часу прыходзяць паведамленні нават ад незнаёмых людзей, яны падтрымліваюць і матывуюць рухацца далей».
Дзялілася яна і сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Лукашэнкам.
«Гэта быў вельмі карысны дыялог, — казала яна «СБ. Беларусь сегодня». — Акрамя таго, выдатная інтэрактыўная пляцоўка для таго, каб кожны студэнт мог выказацца. Мы атрымалі адказы на самыя хвалюючыя пытанні. Тыя, якія зараз у большай ступені хвалююць моладзь і ўсё студэнцтва. Бо ў нейкай меры менавіта яны фарміруюць вызначаны вектар для руху наперад. Вельмі крута, што разам з намі былі і студэнты з рэгіёнаў.
Акрамя таго, весці мерапрыемства такога маштабу, не буду хаваць, было дастаткова хвалююча. Аднак, нягледзячы на тое, што на сустрэчы ўздымаліся важныя тэмы, у тым ліку палітычнага характару, у аўдыторыі панавала дружалюбная атмасфера».
Нядаўна Анастасія Рудзкая перайшла з БТ на пасаду прэс-сакратаркі ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Чытайце таксама:
Працавала на тэлеканалах Медзведчука. Хто такая Надзея Сас — новая прапагандыстка СТБ
«Галоўнае, як сказаў кіраўнік дзяржавы, — «раздзявацца і рабіць». Хто такі Мікіта Палякевіч — новы твар АНТ
Наталля Немагай з АНТ вырашыла асабіста паглядзець, як дэградавала Еўропа ФОТА
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары