Кіно77

«Зямля вачыма Канк»: агляд гісторыі чалавецтва ад стэндап-камікесы 

З’явіўся серыял пра гісторыю чалавецтва, які вас узбадзёрыць. Апавядальніца — стэндап-камікеса Дзіяна Морган — штохвіліны задаецца пытаннямі кшталту «што больш важнае ў гісторыі чалавецтва — Рэнесанс або трэк Беёнсэ Single Ladies?».

Фота: Jonathan Browning / Netflix

Візуальна Сunk on Earth цалкам адпавядае класічнай дакументалцы, і, па словах выканаўчага прадзюсара, калі глядзець серыял без гуку, то можна падумаць, што ён насамрэч дакументальны — з прыгожай здымкай славутасцяў кшталту рымскага Калізея і карцін Батычэлі і экспертным выглядам вядучай, якая ніколі не ўсміхаецца (хіба толькі вас крыху здзівіць той момант, што яна есць чыпсы на фоне прыгожай панарамы, што адкрываецца з узгорка).

Насамрэч, гэта мак’юментары, або псеўдадакументалка, і ўвесь яе гумар — у аповедзе вядучай Філамены Канк. Гэта ўяўная асоба, якую іграе брытанская актрыса Дзіяна Морган. Яна выконвае ролю Філамены ўжо каля дзесяці гадоў. Спачатку яна дэбютавала ў якасці недасведчанай рэпарцёркі ў штотыднёвіку Brooker's Weekly Wipe, а затым у серыяле Cunk on Britain, дзе Філамена, узброеная ўрыўкавымі ведамі і ўласнай непрабівальнасцю, даследавала брытанскую гісторыю.

У пяці серыях Сunk on Earth, якія можна паглядзець за 2,5 гадзіны, Філамена расказвае пра лёс чалавецтва — ад наскальных малюнкаў да развіцця штучнага інтэлекту — і ўсё гэта з памылковай інтэрпрэтацыяй фактаў і анахранічнымі сцвярджэннямі, якія ўвесь час разбураюць сур’ёзны тон.

Канк удае з сябе сапраўднага невука, і часам гэтае невуцтва мяжуе з тупасцю. Узроўні яе каментарыяў вагаюцца ад вельмі абсурдных да вельмі дасціпных.

Так, напрыклад, калі Філамена няправільна вымаўляе «Біблія» (бо не ведае гэтага слова), сцвярджае, што «Рэнесанс» — гэта соус, і не разумее, чаму Аўраам Лінкальн не мог выконваць абавязкі прэзідэнта пасля таго, як яму стрэлілі ў галаву, — з’яўляецца ўражанне, што ці брытанскі гумар дужа спецыфічны, ці вядучая распавядае пра жыццё на Зямлі з пункту гледжання чалавека з іншай планеты.

Аднак пры гэтым яна робіць шмат і вельмі дасціпных заўваг. Пра жанчын, якія атрымалі права голасу ў 1920 годзе: «Нарэшце жанчыны маглі выбіраць, які мужчына будзе гаварыць ім, што рабіць». «Старажытныя грэкі вынайшлі шмат з таго, што мы маем дагэтуль, напрыклад, лекі і аліўкі, і мноства рэчаў, якія вымерлі, напрыклад, дэмакратыю і калоны», — жартуе Філамена.

Фота: Jonathan Browning / Netflix

Па меры таго, як вядучая падарожнічае па розных кутках Зямлі, яна бярэ інтэрв'ю ў сапраўдных брытанскіх прафесараў і гісторыкаў — сярод іх знаўца класічнага мастацтва Найджэл Спайві, археолаг Пол Бан, палітолаг Браян Клаас і многія іншыя.

Эксперты ведаюць, што Морган іграе персанажа, але іх інтэрв'ю не прапісаныя па сцэнарыі. У прынцыпе, амаль ніхто з іх не паспявае распавесці ніякіх рэчаў грунтоўна, бо галоўным застаецца камедыйны аповед Філамены, якая задае абсалютна недарэчныя пытанні, а потым бесцырымонна перабівае сваіх суразмоўцаў ці ссоўвае фокус на малазначныя рэчы.

На гэтыя паводзіны даследчыкі рэагуюць па-рознаму: хтосьці холадна маўчыць, нехта здзіўляецца або спрачаецца, але арганічней за ўсіх выглядаюць тыя, хто спрабуе падыграць Філамене і выдаць больш-менш уцямны адказ на яе бессэнсоўнае пытанне.

Недарэчнасць пытанняў Філамены часта заснаваная на тым, што яна ўвесь час змешвае мінулае і сучаснасць. Эпахальныя падзеі і з'явы накшталт крыжовых паходаў і адкрыццяў Леанарда да Вінчы яна параўноўвае з гісторыямі, якія здарыліся з яе былым хлопцам Шонам, сябрам Полам, цёткай Кэрал і іншымі знаёмымі (аднойчы нехта з іх аб'еўся печыва з кетамінам, або трапіў у псіхбальніцу, або замовіў нясмачную ежу ў дастаўцы). «Тады ж не было донараў крыві?» — пытаецца Філамена пра часы Чынгісхана або адзначае: «У Ісуса было ўсяго 12 падпісчыкаў». Часам яна проста змешвае ўсё ў адну кучу — людзей, фільмы і брэнды.

«Ён быў з тых людзей, якія настолькі вядомыя, што людзям дастаткова ведаць толькі іх імя — як Чэрчыль, Пэпсі і Гарфілд», — кажа Філамена пра Галілея.

Шмат у чым гераіня ўвасабляе залежных ад смартфонаў людзей, урыўкава адукаваных, няздольных засяродзіцца, як толькі тэма становіцца занадта складанай ці калі яна проста робіцца хоць крыху нецікавай.

«Гэта было так даўно, — абураецца Канк, адказваючы аднаму з гісторыкаў. — Чаму гэта павінна мяне турбаваць?»

Апафеозам тролінгу сённяшніх трэндаў становіцца фрагмент у пятай серыі, калі Філамена абсалютна непрабіўна заяўляе эксперту, што яе сябар Пол даслаў ёй відэа, у якім выкрываюць існаванне Месяца і ночы. На пярэчанні яна гаворыць з апломбам і непахіснай упэўненасцю: «Вы яшчэ не ведаеце? Проста паглядзіце відэа! Там усё сказана».

У кожнай серыі дыялогі разбаўленыя своеасаблівай «інтэрмедыяй» — бельгійскім тэхнатрэкам з 80-х Pump Up the Jam, які кожны раз падаецца з новымі цітрамі і апісваецца ў іх як дасягненне культуры. Праз агульную ўключанасць трэка ў расповед пра адкрыцці Калумба, Марыі Кюры і Томаса Эдысана, з’яўляецца ўражанне, што ён таксама — адно з дасягненняў такога ж узроўню. Няма ніякага лагічнага тлумачэння, чаму гучыць менавіта гэты трэк, але яго наяўнасць як бы давяршае трыумф поўнай адсутнасці ўсякіх іерархій — серыял ператвараецца ў адну вялізную звалку сэнсаў. Дарэчы, папулярнасць Pump Up the Jam рэзка ўзрасла на стрымінгавых пляцоўках з таго часу, як Сunk on Earth з’явіўся на Netflix.

Вядома, што «Зямля вачыма Канк» — не той серыял, з якога можна атрымаць глыбокія веды з галіны гісторыі, бо яго галоўная мэта — пацешыць гледача. Але менавіта ў ім гісторыя выходзіць з архіваў і музеяў і сутыкаецца лоб у лоб з сучасным светам і сучаснай культурай.

Шмат хто хацеў бы больш даведацца пра нашу цывілізацыю, аднак няма часу паглыбляцца ў сур'ёзныя даследаванні. Так што ў нейкім плане Філамена ўвасабляе кожнага, у каго ў галаве засталіся толькі ўрыўкавыя веды і хто хацеў бы хутка дайсці да сутнасці, пачуўшы яркі і пераканаўчы аповед пра гістарычныя падзеі, які ўтрымае ўвагу без дадатковых высілкаў з вашага боку. Хоць часам Філамена перагінае палку і нават прымушае адчуваць за яе сорам — магчыма, гэта будзе першы серыял пра гісторыю чалавечай цывілізацыі, які вы даглядзіце да канца.

Каментары7

  • )
    11.03.2023
    Стэндап-камікеса. Госпадзе, пакуль вычытаў камікеса, пакуль уцяміў, мозг зламаў. Пакуль набіраў на клаве ў тэлефоне, ледзь яе не зламаў, бо ня ведае тэлефон такога слова.
  • )(
    11.03.2023
    Дарэчы, калі ўжо ёсць камікеса, трэба нешта прыдумаць са словам "чалавек". Бо ня гожа, каб слова "чалавек" было без фемінітыву. Карацей, гэта заданне для НН на наступны раз,- прыдумаць жаночы адпаведнік слову чалавек. Бо калі не прыдумаць, Зямля выйдзе з арбіты.
  • Сальвадор Отдали
    11.03.2023
    )(, чалавечка

Цяпер чытаюць

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Усе навіны →
Усе навіны

«Адпраўлялі мыць туалеты і кідалі ў ШІЗА». Суседкі расказалі пра абыходжанне ў калоніі з экс-палітзняволенай Тамарай Каравай, якая пасля памерла3

Белавусаў падарыў Лукашэнку савецкія ўзнагароды6

Міністр абароны Украіны назваў прапановы Украіны8

Былы дырэктар ФБР апублікаваў фота ракушак, выкладзеных у форме лічбы 8647. Яго абвінавачваюць у закліку забіць Трампа7

Лукашэнка пра будучыя вучэнні з Расіяй: Мы ні на каго нападаць не збіраемся19

Рагачоўскі прапагандыст паўгода не можа ўладкавацца на працу

Чаму аднушка пана Ежы можа вырашыць лёс выбараў прэзідэнта Польшчы. Што трэба ведаць пра першы тур галасавання9

«Утопія, заснаваная на эмпатыі». На амерыканскім фестывалі Burning Man будзе беларускі лагер

У жодзінскай турме прайшлі вучэнні з удзелам АМАПа3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць